Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

Працяг. Папярэдняя частка — у № 94 за 2025 год
№ 66, 31 жніўня 1994 года
“Трое юнакоў з Бабруйска з хуліганскіх матываў пабілі шкло вокнаў і дзвярэй, тэлевізар у санаторыі-прафілакторыі ў в. Гарадок. Дасталося і адной медсястры.
Усяго толькі на некалькі хвілін пакінуў без нагляду каня з фурманкай на глускім базары калгаснік калгаса “Радзіма”. Але і гэтага часу хапіла, каб конь знік без слядоў. Міліцыя ўсё ж знайшла прапажу. Угналі каня жыхары в. Хваставічы і в. Веснава.
Жорстка “пажартаваў” 27 жніўня жыхар в. Даколь, які ў сярэдзіне дня выклікаў міліцыю, сказаўшы, што ён забіў чалавека. Гэты “жарт” абышоўся яму ў 10 тысяч рублёў штрафу”.
(Крымінальная хроніка)
№ 67, 3 верасня
“Сродкі масавай інфармацыі актыўна працягваюць крытыкаваць усё тое, што было, і падхвальваць рынак, арыентацыю на Захад. Між тым жыццё становіцца ўсё цяжэй… Вось і зараз: гаварылі, хлеб і малако падаражэе, а цэны між тым падскочылі на ўсё. На камунальныя паслугі, на транспарт, энерганосьбіты, белую гарэлку… Сколькі з ёй мудруюць, пачынаючы ад Гарбачова з яго антыалкагольнай кампаніяй, вырубкай вінаграднікаў і г. д. Акрамя новай порцыі частушак, анекдотаў, нічога такая “барацьба” не дала. Калі і быў нейкі вынік, то хутчэй адмоўны: колькі людзей рознымі самаробнымі “замяняльнікамі” тады патравілася… Як гаворыцца, не піў, не піў, а потым, дарваўшыся, так “урэзаў”, што “канькі” адкінуў. Ды што там гарэлка, прыватнасць… Краіну развалілі і як бы не заўважылі. <…> Можа, ужо хопіць эксперыментаў? Давайце проста як след працаваць, другога шляху няма. Патрэбны дысцыпліна, парадак, арганізаванасць… Дарэчы, гэта ўсё тое, на чым якраз робяць акцэнт прэзідэнт і яго каманда, урад. Арыентуюць на тое, што рабочай сілай, мазгамі разумнымі патрэбна як след распарадзіцца. Таму хоць і цяжка, аб чым пішу, хоць і цэны растуць, а ўсё ж нейкая надзея з’явілася. У. Чабан”. (Ці не хопіць?..)
№ 68, 7 верасня
“Перабоі ў гандлі табачнымі і віна-гарэлачнымі вырабамі адбыліся па наступных прычынах: да 1 верасня знаходзіўся на рамонце Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод, адкуль наш раён атрымлівае гарэлку. Быў пакінуты толькі пэўны запас яе для рытуальных паслуг…
Сёння на прылаўках магазінаў адсутнічаюць і такія патрэбныя тавары, як маргарын, тлушч, мыла. Прычына ўсё тая ж: Гомельскі тлушчакамбінат стаіць на рамонце”. (Па слядах нашых выступленняў)
№ 69, 10 верасня
“Як паведаміла кіраўніцтва райспажыўсаюза, абмежаваны продаж сшыткаў вучнёўскіх выклікан тым, каб перашкодзіць іх вывазу за межы рэспублікі… Добрушская папяровая фабрыка працуе зараз на прывазной сыравіне, раней жа паперу тут выраблялі самі. Таму выпуск сшыткаў зараз абмежаван. Водпуск прадукцыі ўстаноўлен толькі па фондах міжрайбазы і знаходзіцца пад кантролем Саўміна рэспублікі. Сшыткі адпускаюцца па спісках школ па 20 штук на вучня…”
(Па слядах нашых выступленняў)
“Каб аблегчыць становішча для ўладальнікаў жывёлы, урадам рэспублікі было прынята рашэнне аб продажу насельніцтву камбікармоў… Аднак ніхто не разлічваў, што з паяўленнем у складскіх памяшканнях магазінаў гэтых кармоў пачнецца сапраўднае нашэсце сюды грызуноў. Пацукі і мышы пагражаюць прынесці немалую шкоду раённаму гандлю. З улікам гэтага ўведзены жорсткія тэрміны рэалізацыі кормапрадукцыі… калі на працягу двух тыдняў з моманту паступлення ў гандаль камбікорм і ржаная мука не будуць выкуплены спажыўцом, то пасля гэтага дазваляецца павялічваць норму іх водпуску іншым пакупнікам, унесеным у спісак на атрыманне прадукцыі, да 60 кілаграмаў на адну гаспадарку…” (Наступленне… грызуноў)
Працяг будзе
Падшыўку гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
На здымку: выступае фальклорны ансамбль Падлужскага сельскага клуба.
“Упершыню заспявалі жанчыны разам 25 год назад, калі загадчыца Падлужскага сельскага клуба Тамара Прохараўна Ляпко запрасіла іх на рэпетыцыю… Колькі старажытных абрадавых песень ведае Вольга Барысаўна Прыгара. Усім падабаецца, як спяваюць Ганна Іосіфаўна Астрэйка, Марыя Парфіраўна і Вера Мікалаеўна Ляпко, Ганна Давыдаўна Басякова, Міхаіл Сцяпанавіч Марціновіч”, гаворыцца ў подпісе пад здымкам, змешчаным у нумары ад 17 верасня 1994 года.