Темы

Скарбы, што ў нас пад нагамі

Скарбы, што ў нас пад нагамі

Заснавальнік беларускай нумізматыкі Валянцін Рабцэвіч сцвярджаў, што ў Беларусі “мы літаральна ходзім па кладах”. Самае прамое дачыненне гэта мае да Глуска, гістарычная частка каторага з’яўляецца матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння, ды і да сельскіх паселішчаў таксама. Знаходкі кладаў на агародах у мінулым і асобных старажытных манет у цяперашні час — самая звычайная з’ява. Шмат хто збіраў нават цэлыя калекцыі манет і грашовых купюр, але потым губляўся і інтарэс, і самі грошы. А можа, і не губляліся, а проста вярталіся туды, адкуль узяліся: у зямлю, пад ногі, каб і іншым давялося “пахадзіць па кладах”.

Экскаватар замест папараць-кветкі
Знайсці папараць-кветку, каб з яе дапамогай пабачыць скарбы зямныя, яшчэ нікому не ўдавалася. Землярыйная тэхніка ў гэтым плане больш эфектыўная. Вядомы ў нумізматыцы Глускі манетны скарб знайшоў механізатар Мікалай Валодзька ў 1960 годзе на вуліцы Кірава, калі рыў траншэю пад водаправод. Пра што ў рабочым парадку без сенсацыйных заяў, інтэрв’ю і фотаздымкаў коратка паведаміла раённая газета “Соцыялістычная вёска”. Клад, які быў ухаваны ў канцы 1750-х гадоў, налічвае 760 сярэбраных і білонных (з нізкаякаснага серабра або яго сплаваў з недарагімі металамі) манет з Рэчы Паспалітай, Прусіі і Швецыі. Асаблівую цікавасць выклікаюць два грашовыя знакі.
Літоўскі шастак 1706 года Гродзенскага манетнага двара — апошняя манета, што выпускалася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён вырабляўся з серабра прыблізна 250-й пробы вагай тры грамы і дыяметрам 25 міліметраў. На аверсе меўся партрэт караля Аўгуста II Моцнага. На рэверсе адчаканены гербы Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага і намінал VI пад каронай. Нельга сказаць, што гэта вялікая рэдкасць, але шастак з Глуска — першая знаходка такіх манет на Беларусі. А вось польскі шастак 1678 (?) года з кантрамаркай (надчаканкай) у выглядзе вензеля графа Патоцкага — ужо сапраўдная дзіковіна. Кантрамарка (спецыяльны штамп) рабілася на манеце, каб надаць законнасць яе ўжыванню на тэрыторыі краіны, пацвердзіць ці павысіць вартасць, з некаторымі іншымі мэтамі. А графы Патоцкія — знакаміты польскі шляхецкі род, чые прадстаўнікі праславіліся на ваеннай службе, а потым і ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Вядомы толькі тры экзэмпляры манет з такой кантрамаркай. Акрамя шастака, знойдзенага ў Глуску, яшчэ адзін маецца ў Кракаўскім музеі, а трэці знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.
Манетны скарб 1960 года — не першы і не апошні са знойдзеных у Глуску кладаў, проста яму пашчасціла трапіць да прафесіяналаў, чаго не скажаш пра іншыя знаходкі. Напрыклад, адна наведвальніца Глускага краязнаўчага музея ўпарта не пагаджалася з указанай датай. Яна сцвярджала, што на свае вочы бачыла, як клад быў знойдзены, і было гэта год на дваццаць пазней: у канцы 70-х ці пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Знаходка, каторую яна мела на ўвазе, памятаецца, хоць пабачыць яе самому не давялося: глускія падлеткі, якія ведаюць усё і ўсюды паспяваюць першымі, парасцягвалі манеты па кішэнях. Зараз выпадкова знаходзяцца толькі адзінкавыя манеты. Некаторыя з іх сапраўды незвычайныя, даволі рэдкія або самі па сабе цікавыя ў сувязі з прыкметнымі гістарычнымі падзеямі.

Удалы нашчадак “бурацін”
У Старым Сяле на агародзе знайшлі губінскі медны солід з партрэтам караля Аўгуста III, выпушчаны ў 1755 годзе. Гэта дробная манета была ў свой час дастаткова распаўсюджанай, тры соліды складалі адзін медны грош. Аднак яе паяўленне ў грашовым абароце было вельмі незвычайным і звязана як з гістарычнымі падзеямі, так і з удалай аферай палітычнага авантурыста.
Першая спроба выкарыстання медных грошай да гэтага ўжо была і скончылася поўным правалам. Недахоп сродкаў на вядзенне Трынаццацігадовай вайны прымусіў Рэч Паспалітую і Расію пачаць выпуск медных грошай замест сярэбраных. У Маскве гэта стала адной з прычын Меднага бунту 1662 года. А ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім бескантрольны выпуск медзякоў пры каралю Яну Казіміру прывёў фінансавую сістэму да поўнага краху. Спатрэбілася каля ста гадоў, каб выправіць наступствы і вывесці з абароту сапраўдныя і фальшывыя барацінкі, ці “бураціны”, як іх празвалі па прозвішчы італьянскага вучонага Ціта Лівія Бараціні, пад кіраўніцтвам каторага ажыццяўлялася грашовая рэформа. І вось другая спроба: саксонскі курфюрст і кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III Тоўсты таксама вырашыў змясціць свой партрэт на медных кругляках. Новыя соліды можна лічыць “пазашлюбнымі дзецьмі” барацінак, бо выдаваліся яны незаконна: напалоханы “бурацінавымі” наступствамі, сойм Рэчы Паспалітай не даў дазволу на іх выпуск. Аднак, як ні дзіўна, атрымаўся даволі ўдалы эканамічны праект.
Ініцыятарам чаканкі новых медных манет быў першы міністр граф Генрых фон Бруль. Выдатны палітык і дзяржаўны дзеяч, аднак пры гэтым адметны хапуга і казнакрад, ён фактычна кіраваў дзяржавай, пакуль Аўгуст III захапляўся мастацтвам і бавіў час у раскошы. Афіцыйнай прычынай выпуску медных грошай называўся недахоп дробнай разменнай манеты.
На самой жа справе вытворчасць прыносіла добры даход: з фунта медзі коштам 45 солідаў выбівалі 360, а потым 380 манет. Да таго ж іх курс быў моцна завышаны. Пробны тыраж 1749 года, выпушчаны ў Дрэздэне, быў успрыняты станоўча, грошы пачалі карыстацца даверам. Таму масавы выпуск медных солідаў для Рэчы Паспалітай наладзілі ў Грунтхале і Губіне з 1749 па 1755 год. Губінскія соліды на рэверсе пад гербавым шчытом дадаткова маюць літару лацінскага алфавіта, прызначэнне каторай дакладна не вызначана. На рэдкасць і кошт манеты гэта дэталь асабліва не ўплывае. Само сабой, даходы ад чаканкі новых солідаў ішлі не ў дзяржаўную казну, а ў скарбніцу фон Бруля.

“Не было ни гроша, да вдруг алтын”
Гэта руская прымаўка пра раптоўна пабагацеўшага чалавека адразу ўспомнілася, калі агароднікі з Усцярхоў прынеслі знойдзеную імі манету наміналам у тры капейкі, што выйшла ў абарот у 1905 годзе. Спачатку алтынам называлася адзінка ліку для ўзгаднення розных грашовых сістэм рускіх княстваў і Залатой Арды (алтын у перакладзе з татарскага азначае “золата” або адзінку ліку, кратную шасці). Як рэальную манету алтын пачалі чаканіць з медзі ў 1654 годзе, але пасля Меднага бунту выпуск спынілі. Паўтара дзясятка гадоў выпускаўся сярэбраны алтын у час праўлення Пятра Вялікага. Пасля правядзення грашовай рэформы 1839—1843 гадоў з’явілася медная манета ў тры капейкі, каторую ў народзе адразу ж празвалі алтынам. Назвы алтын, пятак, грывеннік, пяціалтынны, двугрывенны, палціннік выкарыстоўваліся ў народзе і ў савецкі час. Зараз іх мала хто ведае. Не так даўно ў тэлевізійнай гульні “Я знаю” не змаглі сказаць, што такое грывеннік, ні вучні, ні чацвёра настаўнікаў разам з вядучай-журналістам. Што можна было купіць за алтын да пачатку Першай сусветнай вайны? Партыйны і савецкі дзеяч М. С. Хрушчоў, які працаваў у той час слесарам, успамінаў, што чорны хлеб тады каштаваў дзве капейкі, а белы — 5 капеек за фунт (409,5 грама). Фунт сала прадавалі за 22 капейкі, а яйкі — па адной капейцы за штуку. Такім чынам, жыхар Усцярхоў, які згубіў гэту манету, страціў магчымасць купіць два яйкі, добрую лусту хлеба і няблага імі падсілкавацца.

Дзве капейкі коштам у тысячу долараў
Грамадскія акцыі па збору савецкіх манет для пераплаўкі іх на які-небудзь помнік выклікаюць неадназначныя думкі. З аднаго боку, чаму б і не? Але ці вядома гэтым “збіральнікам”, што нават адной манеткі з некалькіх дзясяткаў кілаграмаў сабранага грашовага лому можа хапіць, каб набыць дастатковую колькасць металу для выплаўкі? Каштоўная драбяза хоць зрэдку, але сустракаецца!
Вось дзве капейкі 1949 года з гарадкоўскага агарода. Ці можна каго імі здзівіць? У большасці выпадкаў кошт такой знаходкі невялікі, але сустракаюцца экзэмпляры з выпуска, які цэніцца нумізматамі. На аверсе гэтай манеты малюнак каардынатнай сеткі зямнога шара добра акрэслены, дыск сонца з выступаючым венчыкам, зорка вялікая, акантаваная. На рэверсе гарызантальная гаста (перакладзіна) лічбы “4” у даце тоўстая, далёка выступае за край вертыкальнай гасты, у той час як на звычайных манетах яна мае кароткі хвосцік. Вузельчык на сцябліне коласа знаходзіцца не з правага боку адносна апошняй лічбы “9”, а ссунуты ўлева і месціцца пад самой дзявяткай. У адным з каталогаў 2010 года такая “двушка” ацэнена ў 1000 умоўных адзінак. Зараз розныя спецыялісты вызначаюць яе кошт у дыяпазоне ад 300 да 600 долараў у залежнасці ад ступені захаванасці.
У параўнанні са старажытнымі грашовымі знакамі сучасныя манеты ўзору 2009 года здзіўляюць пакуль толькі тым, што трапляюцца ў самых нечаканых месцах, якія толькі можна сабе ўявіць. Дзесяць капеек нехта згубіў на селішчы жалезнага веку каля вёскі Халопенічы. А дваццаць капеек блішчэлі пад сонцам у траве на паўднёвай курціне Глускага замка. Спадзяешся знайсці якую старыну, і вось на табе! Трымаеш іх расчаравана ў руках і лаеш таго, хто хадзіў тут з дзіравымі кішэнямі. Але ніколі не ведаеш, як яно будзе. Можа здарыцца, што праз два-тры стагоддзі такая знаходка не выкліча ў кагосьці засмучэння, а наадварот, узрадуе сваёй рэдкасцю і цікавай гісторыяй.
А. Емяльянаў
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту

Последние новости

Будь в курсе

Жители Могилёвщины за неделю потеряли более 18 тысяч рублей из-за кибермошенников

27 ноября 2026
Читать новость
Власть

Оман, Вьетнам, Эмираты. Лукашенко направился с большим визитом в государства Персидского залива и ЮВА

27 ноября 2026
Читать новость
Происшествия

В Могилёве ограбили отделение банка: нападавший угрожал сотруднице предметом, похожим на пистолет

27 ноября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Харизма и обаяние: почему люди доверяют мошенникам

27 ноября 2026
Читать новость
Общество

Кожная пятніца — роднае, сваё. Сёння — пра “Гарызонт”

27 ноября 2026
Читать новость
Общество

Более 60 человек пострадали в пожарах за 10 месяцев текущего года

27 ноября 2026
Читать новость

Рекомендуем