Темы

Такога больш не знойдзеш. Свіран з вёскі Касарычы

Такога больш не знойдзеш. Свіран з вёскі Касарычы

Унікальным экспанатам Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту з’яўляецца свіран з вёскі Касарычы Глускага раёна. Этнаграфічны музей пад адкрытым небам (скансен) знаходзіцца ў аграгарадку Азярцо Мінскага раёна. Свіран мае статус помніка архітэктуры нацыянальнага значэння. Падзівіцца на яго можна, калі наведаць экспазіцыйны сектар “Цэнтральная Беларусь”.

Сушылі збожжа і лячылі хваробы

Сярод іншых сельскагаспадарчых пабудоў свіран вызначаўся сваёй універсальнасцю. Прызначаўся ён спачатку для сушкі і захавання збожжа. Але трымалі там і іншыя прадукты, а таксама розныя гаспадарчыя рэчы. Добрыя гаспадары будавалі свірны ў два ярусы, летам на верхнім ярусе жылі. Так было свабадней і здаравей, чым у цеснай хаце, менш даймалі блохі і тараканы.

Па народных вераваннях, свіран з’яўляўся сімвалам урадлівасці і пладавітасці. Пасля дажынак сюды для захавання прыносілі апошні зжаты сноп (“барада” ці “жытні дзед”), у каторым будзе зімаваць дух поля. Калі ж народныя лекары лячылі загаворамі шматлікія хваробы, то хворага на лекавы сеанс таксама пераносілі ў свіран.

Хопіць на ўсю воласць

У першай палове XIX стагоддзя ў жыцці сялянскай абшчыны адбыліся важныя перамены: у вёсках з’явіліся касы ўзаемадапамогі, запасныя (хлебныя) магазіны, школы, бальніцы. Грамадскі свіран для хлебнага магазіна ў Касарычах быў пабудаваны сумесна жыхарамі вёсак Касарычы, Заракуша і Замасточча. Належала гэта гаспадарчая пабудова валасной абшчыне і ў архіўных дакументах упершыню ўпамінаецца пад 1847 годам. Свіран прызначаўся для захоўвання грамадскага фонду зерня на выпадак неўраджаю або іншага стыхійнага бедства (пажары, ураганы, эпідэміі і іншае). Кожны гаспадар адвозіў на захаванне вызначаную для яго колькасць збожжа. Спецыяльна абраныя наглядчыкі вялі магазінныя кнігі, у якіх падлічвалі прыход і расход грамадскага хлеба.

Творчы падыход

Свіран зрублены з хваёвага бруса: два доўгія зрубы пад адным дахам пастаўлены на каменны фундамент. Паміж зрубамі праходзіў скразны праезд: у адны вароты заязджалі, каб разгрузіць воз, а праз супрацьлеглыя вароты выязджалі. З двух бакоў праезду ў зрубах зроблены сховішчы, куды засыпалі зерне. Два ярусы бэлек трымалі чатырохсхільны дах з заломам у ніжняй частцы. У пабудове магазіна спалучаюцца старажытныя і прымітыўныя рысы народнага дойлідства і больш новыя элементы, характэрныя для мураванай архітэктуры.

Вуглы зрубаў выкананы “ў ахрапку” з патаемным шыпам. Гэта вельмі просты і хуткі спосаб злучэння бярвення, яго здаўна ўжывалі нашы продкі для ўзвядзення гаспадарчых пабудоў. Каб засцерагчы ніжнія вянцы зруба ад вільгаці, паміж фундаментам і бярвеннем змешчана бяроста белым бокам унутр, а воданепранікальным жоўтым (“вохрай”) — наверх. Дзвесце год бяросты з Касарыч не такі ўжо і вялікі гістарычны ўзрост: адна з трох знойдзеных у Беларусі берасцяных грамат (тая, што з Замкавай гары ў Мсціславе) адносіцца да пачатку XII стагоддзя.

У некаторых панскіх маёнтках у розных кутках нашай краіны ўжо былі пабудаваны каменныя свірны вялікіх памераў. Відаць, касарыцкія майстры недзе нешта падгледзелі, прыкмецілі і выкарысталі пры пабудове ўласнага свірна. У драўлянай пабудове яны выкарысталі новыя на той час элементы мураванак: двухступеньчаты карніз, залом даху, дробнапрафіляваныя накладкі і ашаляваныя вароты. Залом — чаргаванне нахіленых і вертыкальных паверхняў у верхняй частцы пабудовы — рэдкі элемент архітэктуры і выкарыстоўваўся звычайна пры будаўніцтве цэркваў. Калі лічыць свіран язычніцкім храмам, то заломы тут якраз да месца.

Ды і выгляд у касарыцкага свірна ад гэтага залому сапраўды незвычайны і ўрачысты.

Вяртанне з нябыту

Пасля адмены прыгоннага права пачаўся паступовы распад сялянскай абшчыны. Сяляне пазбаўляліся абшчыннага кантролю, выплат шматлікіх узносаў і выканання разнастайных павіннасцей, абумоўленых кругавой парукай. Грамадскія пабудовы страчвалі сваё значэнне, але касарыцкі свіран, відаць, неяк выкарыстоўваўся, інакш ён проста не захаваўся б.

Як хлебазапасны магазін ён упамінаецца ў апісанні вёскі, зробленым у 1897 годзе. За свой век яму давялося перажыць дзве сусветныя вайны і польскую інтэрвенцыю.

Па некаторых ускосных звестках, пасля Вялікай Айчыннай вайны стары і нікому не патрэбны свіран быў закінуты, стаяў без даху і варот на ўскрайку Касарыч.

І не адзін ён быў такі. У 1950—1960-я гады аднаўляліся вёскі, у калгасах будаваліся новыя сельскагаспадарчыя комплексы з электрычнасцю і механізацыяй працы. Старыя пабудовы разбуралі і зносілі, таму ўзнікла рэальная пагроза страты помнікаў драўлянай архітэктуры і народнай матэрыяльнай культуры.

Для іх захавання і быў у 1976 годзе заснаваны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

Спецыяльна створаная Рабочая камісія з архітэктараў, гісторыкаў і этнографаў наладзіла экспедыцыю па ўсёй Беларусі для пошуку каштоўных экспанатаў. Знойдзены навукоўцамі ў Касарычах унікальны ўзор народнай драўлянай архітэктуры быў перавезены ў музей і адноўлены з захаваннем яго першаснага выгляду.

У экспазіцыйным сектары “Цэнтральная Беларусь” свіран-магазін уваходзіць у адасобленую групу грамадскіх пабудоў разам з царквой, школай і карчмой.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота з сайта музея etna.by

Последние новости

Культура

Такога больш не знойдзеш. Свіран з вёскі Касарычы

15 августа 2026
Читать новость
Будь в курсе

Об оказании помощи семьям на подготовку детей к новому учебному году

15 августа 2026
Читать новость
Будь в курсе

Интересные факты о пожарных извещателях

14 августа 2026
Читать новость
АПК

Главный инженер ОАО «Турино-агро» Виталие Рошка принимал награды от профсоюзов

14 августа 2026
Читать новость
АПК

Лукашенко обозначил ключевое условие для господдержки в сельском хозяйстве — результат

14 августа 2026
Читать новость
АПК

Отличная новость из «Турино-агро»: в этом хозяйстве уже тоже загорелась звезда тысячника

14 августа 2026
Читать новость