У Глускім раёне ўборка кукурузы на зерне і сілас набліжаецца да завяршэння

Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, з 6269 пасеяных гектараў на 21 кастрычніка былі ўбраны больш за 5000 гектараў, з іх на сілас — амаль 3500. Зялёнай масы сабрана амаль 71 тысяча тон пры сярэдняй ураджайнасці 204 цэнтнеры на круг. Кукурузы на зерне зжата 1582 гектары, намалочана амаль 8 тысяч тон, сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 50 цэнтнераў з гектара.
Разам з гэтым завяршаецца і сяўба азімых зерневых культур, працэнт выканання работ складае 95, з планавых 6100 гектараў пасеяна ўжо 5799: 2550 гектараў ячменю, 1329 гектараў трыцікале (іх сяўба ўжо завершана) і 1920 гектараў азімага жыта (план — 2271 гектар).
Прадаўжаецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. У прыватнасці, сіласу з кукурузы нарыхтавана 61 711 тон, а ўсяго на адну ўмоўную галаву ў мясцовых гаспадарках маецца 28,34 цэнтнера кармавых адзінак, і гэта плюс 5,2 ц к. адз. да ўзроўню мінулага года.
Пачата зяблевая апрацоўка глебы, штодня на гэтых палявых работах заняты не менш як 4 адзінкі энерганасычаных трактароў. На ўчарашні дзень было апрацавана 284 гектары пры плане 6400.