Кожная пятніца — роднае, сваё. У трэцюю пятніцу месяца прапануем прыгатаваць капусту

Разам з бульбай гэтая гародніна з даўніх часоў была ў нашых продкаў асновай рацыёну. У вёсках, дзе захавалася аўтэнтычная мова, суп з капусты так і завуць: капуста. А яшчэ кажуць: “Сем страў, ды ўсё — капуста”. Ды і не сем, а нашмат болей можна прыгатаваць з капусты страў. Напрыклад, такія.
Свініна, тушаная з капустай
Спатрэбяцца 500 г свініны, 1 кг капусты, 1 морква, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуліна, 1—2 ст. л. таматнай пасты, 1 ст. л. воцату, 2 ч. л. цукру, 1—2 ст. л. мукі, соль, лаўровы ліст, перац, алей або тлушч для патэльні.
Свініну нарэзаць кавалачкамі, цыбулю — кружкамі, капусту, моркву, пятрушку нашаткаваць. Падрыхтаваныя прадукты, акрамя капусты, абсмажыць. Капусту злёгку перацерці з соллю. Усё скласці ў каструлю, дадаць таматную пасту, воцат, перац, уліць каля шклянкі вады або булёну і тушыць на слабым агні да гатоўнасці. Муку спасераваць і развесці вадой або булёнам. Пакласці ў каструлю цукар, соль, лаўровы ліст, уліць пасераваную і разведзеную муку, патрымаць на агні яшчэ 5 хвілін.
Замест свежай капусты можна выкарыстаць кіслую, тады не трэба класці воцат, а цукру трэба даць болей.
Капуста з яблыкамі на булёне
500 г ялавічыны ці свініны, 500 г капусты, 3 бульбіны, 1 морква, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуліна, 2 кіслыя яблыкі, 2 памідоры, 2 ст. л. смятаны, соль, перац, лаўровы ліст, зялёны кроп, алей для патэльні.
Зварыць мясны булён. Абсмажыць на патэльні змельчаныя моркву, пятрушку, цыбулю, у канцы дадаць нарэзаныя долькамі памідоры. Булён хай закіпіць, тады пакласці ў яго нашаткаваную капусту, нарэзаную скрылькамі бульбу. Калі бульба стане мяккай, дадаць абсмажаныя цыбулю і карэнне. За 5 хвілін да канца гатавання апусціць скрылькі яблыкаў, ачышчаных ад скуркі, пакласці перац, лаўровы ліст, соль.
Пры падачы заправіць смятанай, пасыпаць дробна парэзаным зялёным кропам. Смачна есці!
А. ВАЛОШКА