Темы

Уюнішча. Вёска-партызанка

Уюнішча. Вёска-партызанка

У раённай газеце “Сцяг Радзімы” ад 2 сакавіка 1971 года надрукаваны невялікі артыкул “Памяць сэрца” Ф. Папова. Былы камісар партызанскага атрада імя Чапаева ўспамінае сваіх сяброў і подзвіг жыхароў вёскі Уюнішча.

З восені 1942 года атрад знаходзіўся ў глыбіні лесу каля вёскі Уюнішча. “Мы, партызаны, — піша Фёдар Цімафеевіч, — называлі яе сваім тылам, бо з гэтай вёскі ні адзін чалавек не стаў паслугачом у фашыстаў, кожны, хто меў сілы, дапамагаў партызанам граміць ворага. Хто пёк хлеб, хто рамантаваў нам вопратку, а іншыя збіралі звесткі аб размяшчэнні варожых часцей”.

Надзейнай сувязной была Клаўдзія Паўлаўна Лабоцкая, якая шмат разоў прыносіла важныя звесткі, рызыкуючы сваім жыццём. У доме сувязнога Уладзіміра Бельскага неаднаразова партызаны знаходзілі прытулак. Уладзімір Міхайлавіч прыводзіў у атрад толькі правераных людзей, якія сталі добрымі байцамі. Наталля Жаўняровіч была ў атрадзе фельчарам, а дапамагалі ёй Зіна Тараховіч і Наташа Бярэзіна, якія даглядалі раненых, забяспечвалі іх прадуктамі і вопраткай. Рамантаваць зброю партызанам пагадзіўся Аляксей Паўлавіч Жарнярковіч, пазней ён навучыў гэтаму майстэрству і байцоў атрада.

Да ўспамінаў камісара атрада трэба дадаць, што партызанскім тылам вёска Уюнішча была не толькі для “чапаеўцаў”. Пасля атакі гітлераўцаў на базу атрада імя Кірава каля Нязнання партызаны гэтага злучэння таксама некаторы час размяшчаліся непадалёк ад Уюнішча.

У час карнай экспедыцыі фашысты спалілі вёску разам з жыхарамі раніцай 15 снежня 1943 года. Пра гэта паведамляецца ў данясенні камандавання 100-й Глускай партызанскай брыгады Палескай вобласці, падпісаным камандзірам брыгады І. М. Кулікоўскім і камісарам Д. Н. Удалым. Былі забіты 23 мірныя жыхары і згарэлі ўсе 48 дамоў.

Пасля вызвалення Глускага раёна ад нямецкіх захопнікаў жыццё ў вёсцы аднавілася ізноў. Памяць аб яе трагічнай гісторыі захоўваецца ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. На сімвалічным Дрэве жыцця — частцы мемарыяла, прысвечанага спаленым разам з жыхарамі вёскам, што адрадзіліся пасля вайны, — сярод 433 паселішчаў ёсць і Уюнішча.

У 1996 годзе ў вёсцы заставалася толькі два двары і тры чалавекі. Зараз Уюнішча ўжо, лічы, не існуе. Пра былую вёску-партызанку нагадваюць толькі садовыя дрэвы ўздоўж дарогі на месцы былых двароў ды вясковыя могілкі. Сярод пахаванняў мясцовых жыхароў ёсць і брацкая магіла 14 партызан, на каторай у 1964 годзе пастаўлены абеліск.

Ураджэнец Комі АССР, Фёдар Папоў у баях пад Масквой быў кантужаны і трапіў у палон. З Бабруйскага лагера для ваеннапалонных яму ўдалося ўцячы і трапіць у партызанскую групу Міцькі (Мацвея Сезіка). У кастрычніку 1942 года з групы быў створаны атрад, які пазней атрымаў імя Чапаева. Спачатку Фёдар Цімафеевіч быў камандзірам кулямётнага аддзялення, узначальваў дыверсійную групу, а з лістапада 1943 года стаў камісарам атрада.

Разам са сваім аддзяленнем Фёдар Папоў удзельнічаў у разгроме паліцэйскіх гарнізонаў у Протасах, Коўчыцах і Балашэвічах, у баях супраць сямі карных экспедыцый. Дыверсійная група пад яго кіраўніцтвам знішчыла 5 паравозаў, 19 вагонаў са снарадамі, 15 вагонаў з жывой сілай праціўніка, 10 аўтамашын, чатыры танкі і шэсць вагонаў зерня. Баявыя подзвігі партызана былі адзначаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені і іншымі ўзнагародамі. Пасля вайны Фёдар Папоў застаўся ў Беларусі, з 1950 года працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Жылічах. Фёдар Цімафеевіч — аўтар дзвюх кніг успамінаў: “Незабываемые годы” (1972 год) і “По зову сердца” (1982 год, у сааўтарстве з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Мікалаем Храпко).

У сваім кароткім паведамленні пра Уюнішча для газеты “Сцяг Радзімы” былы камісар вельмі шкадуе, што ў спешцы не заўсёды ўдавалася пагаварыць з вяскоўцамі і баявымі сябрамі па душах, а многія гутаркі каля начнога кастра ці ў зямлянцы былі пазней забыты. Сапраўды, робіцца крыўдна, бо гэтыя і многія іншыя старонкі нашай гісторыі пайшлі ў нябыт, так і застаўшыся непрачытанымі.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота: partizany.by

Последние новости

Образование

Изучение учебных предметов на повышенном уровне в 2025/2026 учебном году было организовано в 5 учреждениях общего среднего образования Глусского района

21 сентября 2026
Читать новость
Власть

Александр Лукашенко принял с докладом председателя Государственного таможенного комитета Владимира Орловского

21 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

КГК Могилёвской области 22 сентября проведет горячую линию по подготовке к отопительному сезону

21 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Что такое онкомаркеры и зачем они нужны

20 сентября 2026
Читать новость
Общество

С любовью к лесу. Накануне Дня работников леса пообщались с лесничим Кировского лесничества Владимиром Лутовиновым

20 сентября 2026
Читать новость
Власть

С Днем работников леса! Поздравляет руководство района

20 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем