Темы

Як штурман бондарам стаў

Як штурман бондарам стаў

Пра сваё захапленне бондарствам, якое стала яшчэ і прафесіяй, Уладзімір Станкевіч можа гаварыць доўга, але без перабору, падрабязна, але не занадта паглыбляючыся ў прафесійныя тонкасці, у якіх непадрыхтаваны слухач усё роўна не разабраўся б. Увогуле з нашай размовы з майстрам я зрабіла выснову, што чалавек ён далікатны і добра адчувае меру — як у размовах з людзьмі, так і ў рабоце з дрэвам. А без яе ні тое, ні другое не атрымалася б. У яго атрымліваецца: слухаць яго цікава, глядзець на яго вырабы прыемна і таксама цікава, бо ў абодвух выпадках адкрываеш для сябе штосьці новае.

У Нова-Андрэеўцы, адкуль Уладзімір Іванавіч родам, як і ва ўсіх беларускіх вёсках дзесьці сярэдзіны мінулага стагоддзя, шмат што для хатняй гаспадаркі выраблялася сваімі рукамі. Вось і па суседстве са Станкевічамі жыў стары майстар, які рабіў бочкі і іншыя патрэбныя для сялян рэчы з дрэва. Ці трэба казаць, што вясковыя хлапчукі гужом віліся каля яго, прыглядаліся, самі спрабавалі зрабіць штосьці. Сёння Уладзімір Іванавіч са смехам узгадвае тыя лыжы, якія ён змайстраваў сабе з нейкіх дошак, і сваім першым вырабам назваць іх не спяшаецца, бо цяпер ён ведае, што такое якасць. Але тады пра гэта не думалася, тады хацелася, каб хутчэй атрымалася нешта патрэбнае. І атрымлівалася, а з цягам часу і па меры таго, як мацнела рука, атрымлівалася ўсё лепш і лепш. Потым з дрэвам на некаторы час давялося расстацца, бо была вучоба ў Гомельскім палітэхнічным тэхнікуме па спецыяльнасці “Судаваджэнне на ўнутраных водных шляхах (рака, мора)”. Так Уладзімір Станкевіч стаў штурманам карабля і па спецыяльнасці працаваў некаторы час у Мазыры. Калі навігацыя зімой спынялася, прыязджаў у родную Нова-Андрэеўку і браўся за інструменты, за дрэва, спачатку рамантаваў старыя бочкі, потым стаў рабіць сам. Штосьці падказвалі майстры-аднавяскоўцы, штосьці з тонкасцяў справы вычытаў у часопісе “Навука і жыццё”. Можна сказаць, што з таго часу Уладзімір Іванавіч стаў займацца бондарствам з навуковым падыходам. Калі мы былі ў яго майстэрні, то над рабочым сталом вісела дошка з чарцяжом чарговага вырабу, там жа былі зроблены нейкія разлікі, а потым Уладзімір Іванавіч паказаў нам некалькі лекалаў (можа, яны інакш як-небудзь называюцца) для розных драўляных дэталяў. Зрэшты, інакш і быць не можа, бо тыя рэчы, што зараз робіць глускі бондар, “на глазок” не атрымаюцца — там патрэбен дакладны разлік.

Калі часопіса з нешматлікімі апісаннямі бондарскіх вырабаў стала мала, на дапамогу брату прыйшла сястра і ў бібліятэцы (у Мінску), дзе яна працуе, стала падбіраць спецыяльную літаратуру. К гэтаму часу Уладзімір Станкевіч ужо жыў у Глуску, і, хаця працаваць даводзілася ў розных месцах, бондарства ўсё больш і больш уваходзіла ў яго жыццё. Бочкі, кадушкі, маслабойкі, вёдры, ражкі (па-руску “шайки для воды”), біклагі, дзежкі для цеста, барыльца (бочачка на падстаўцы для напояў) і розныя іншыя вырабы, назваць якія не бяруся, бо баюся памыліцца ў напісанні, асвоены ім і па-майстэрску, з веданнем справы зроблены. Пры ўсім гэтым яны яшчэ і выглядаюць вельмі эстэтычна. Ці варта здзіўляцца, што з такім багажом ведаў, уменняў і гатовых вырабаў Уладзіміра Станкевіча прынялі на работу ў Заеліцкі дом рамёстваў метадыстам-майстрам па бондарстве. Было гэта ў студзені 2010 года, і ў гэтым жа годзе, толькі крышку пазней, ён быў прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. А гэта ўжо новы статус, новая ступень адказнасці і разам з гэтым вядомасці. Са сваімі вырабамі Уладзімір Іванавіч аб’ехаў усю Беларусь, бываў на розных фестывалях і выставах-кірмашах, ён выконваў заказы для Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, для пасольства Расійскай Федэрацыі, для краязнаўчых музеяў, для аграэкасядзіб… А чые вырабы дарылі ў якасці каштоўных прызоў пераможцам і намінантам фестывалю “Сузор’е талентаў”, калі ў ім, акрамя беларусаў, прымалі ўдзел і сямейныя калектывы з Расіі? Уладзіміра Станкевіча, народнага майстра. Гэта званне яму было прысвоена ў 2012 годзе, прычым не на некалькі год, як іншым, а пажыццёва — так і запісана ў спецыяльным пасведчанні. Чаму? Ды, мабыць, таму, што тых, хто прафесійна займаецца бондарствам, валодае сакрэтамі гэтага народнага промыслу, не так і багата ў нашай краіне: калі Уладзімір Іванавіч стаў іх пералічваць, то выходзіць мо па адным-два майстры на вобласць. А ўлічыце высокі ўзровень якасці і атрыманыя 12 сертыфікатаў на асвоеныя ім вырабы, то пытанне адпадзе само сабой.

Вучыць дзяцей гэтай справе можна і трэба, лічыць бондар, і са сваіх вучняў узгадвае Сяргея Івашкова, здольнага юнака, які быў заняў трэцяе месца на Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Прыбягалі і іншыя хлапчукі, спрабавалі вучыцца, але тое, што паміж драўляным цурбаном і гатовым вырабам ляжыць шмат часу, работы, смецця і пылу, ды яшчэ і разлікі рабіць трэба, іх не надта натхняла…

Мо, калі-небудзь натхняцца ўнукі? Уладзімір Іванавіч паказаў нам драўляны самалёцік, які ён пачаў рабіць для ўнука, а я вазьмі ды і выкажы сумненне наконт цацкі, маўляў, драўляная, паламаецца хутка. На гэта майстар рашуча запярэчыў: гэтая не зламаецца, бо робіць ён яе надзейна, такія вырэзвае дэталі і так іх будзе злучаць, што не рассыплецца ў руках, як цяперашнія пластмасавыя. Пры гэтым падзя-ліўся задумкай больш шчыльна ўзяцца за дзіцячыя цацкі, ды пакуль што часу няма. А я паглядзела на гэты самалёцік і падумала, што калі возьмецца, то зробіць абавязкова, і зробіць хораша, надзейна і прыгожа. Такімі цацкамі не будзеш апраўдвацца: галоднае дзяцінства, драўляныя цацкі, такімі будзеш хваліцца: глядзіце, якая прыгажосць, і ўсё — ручная работа, натуральнае дрэва.

Але пакуль тое будзе, пахвалюся сама. Ад бондара Станкевіча даведалася, што для кожнага прадукта падыходзіць сваё дрэва. Скажам, бочку для засолкі агуркоў з дубу рабіць трэба, таксама як і вёдры для калодзежа, кубел для сала — з асіны ці елкі, ёмістасць для мёду — з ліпы, посуд для квашання капусты — абавязкова з асіны. “Вы нават калі ў эмаліраванай каструлі квасіце капусту, — дае параду Уладзімір Іванавіч, — то пакладзіце на дно кавалачак асіны, толькі без кары, і пабачыце, які смак у капусты будзе”. А што, мо і паспрабую? Калі квасіць навучуся…

Т. ЛУГАВАЯ

Последние новости

Общество

В Глусском районе началась выплата материальной помощи ко Дню Победы

27 апреля 2024
Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024