Темы

Жыхары прыватнага сектара Глуска завальваюць травой, галлём і рэшткамі будматэрыялаў кантэйнерныя пляцоўкі шматпавярховак

Жыхары прыватнага сектара Глуска завальваюць травой, галлём і рэшткамі будматэрыялаў кантэйнерныя пляцоўкі шматпавярховак
Фота 1

Калі на рэдакцыйны вайбер прыйшлі гэтыя фотаздымкі (побач з кантэйнернымі пляцоўкамі каля шматкватэрных дамоў навалена галлё, фота 1), мы было падумалі, што гэта ў чарговы раз незадаволеныя спажыўцы жыллёва-камунальных паслуг такім чынам сігналізуюць нам пра хібы ў рабоце жыллёва-камунальнай службы, у прыватнасці, пра нясвоечасовы вываз смецця. Аказалася ж усё з дакладнасцю да наадварот. Нам патэлефанавала майстар УКП “Жылкамгас” Аксана Змітровіч і растлумачыла, што гэтыя фатаграфіі зрабілі іх работнікі і не дзе-небудзь на ўскраіне гарадскога пасёлка, а на цэнтральнай яго вуліцы, Кірава, каля дамоў № 43, 46, 58. На фатаграфіях добра бачна, што на спецыяльных пляцоўках побач з кантэйнерамі для цвёрдых бытавых адходаў навалены галлё, трава, паламаныя дошкі (ці то старыя падаконнікі, ці то дзвярныя вушакі). На адным кадры зняты і парушальнік, што называецца злавілі на гарачым, прама каля кантэйнернай пляцоўкі чалавек з каляскі звальвае кучу вецця…

— Гэты чалавек жыве на суседняй вуліцы, Тэльмана, нам вядомы і яго дакладны адрас, і яго прозвішча, нагрузіў тачку галля і прывёз яго сюды, скінуў каля пляцоўкі, — расказала Аксана Змітровіч. — На жаль, гэта не адзінкавы выпадак, так робяць і некаторыя іншыя жыльцы прыватных дамоў, размешчаных недалёка ад шматпавярховак: прыносяць і кідаюць на кантэйнерныя пляцоўкі мяхі і проста кучы травы, галля. У выніку кантэйнеры перапоўнены, пляцоўкі завалены, няма як падысці, няма куды пакет бытавога смецця выкінуць. Скардзяцца жыльцы кватэр, маўляў, мы дрэнна працуем. Лішняя работа і нашым работнікам, да таго ж не самая лёгкая і не самая прыемная: уручную грузіць гэтую расліннасць у кузаў машыны. Людзі рукі сабе павырывалі, пакуль папрыбіралі гэтыя пляцоўкі.

І праўда, калі наш карэспандэнт праехаў па названых адрасах, амаль паўсюль было ўжо чыста, толькі на Кірава, 43, яшчэ заставаліся раслінныя і будаўнічыя адходы (фота 2). Ну і хто, скажыце, калі ласка, дрэнна робіць? Жылкамгас недапрацоўвае ці мы самі не глядзім ні вока ні бока? Глядзім, вядома ж, але толькі на сваім селішчы, каб нам было чыста і зручна, а заведзены парадак, устаноўленыя правілы няхай хто іншы выконвае.

— Калі мужчыну, які прывёз галлё на тачцы, рабочыя жылфонда зрабілі заўвагу, ён аблаяў іх бруднымі словамі і дадаў: я плачу вам грошы, так што прыбірайце, — дзеліцца набалелым Аксана Змітровіч. — Так, нам плацяць за вываз ЦБА, і мы іх рэгулярна вывозім. Па прыватным сектары строга па графіку ходзіць машына (ад людзей патрабуецца толькі спакаваць, звязаць і вынесці на вуліцу). Па графіку мы вывозім цвёрдыя бытавыя адходы і з кантэйнерных пляцовак у жылфондзе, але трэба памятаць, што гэта пляцоўкі для ЦБА і другаснай сыравіны, а не для раслінных адходаў і будаўнічага смецця.

Дарэчы, для чалавека з галлём гэтая гісторыя мела працяг: яго выклікалі ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. 

— За парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі (размяшчэнне адходаў (галін, сучча) у несанкцыянаваным месцы) на грамадзяніна быў складзены адміністрацыйны пратакол, — расказала рэдакцыі начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірына Фомава. — Як высветлілася, чалавек вывез галлё не са свайго саду, дапамагчы яго папрасіў стары сусед, мужчына не доўга думаючы наваліў галіны і павёз на бліжэйшую кантэйнерную пляцоўку. Вось і атрымалася, што суседу дапамог, а сабе непрыемнасці набыў. Згодна з ч. 3 арт. 16.44 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь максімальны штраф за такое парушэнне можа дасягаць 30 БВ для фізічнай асобы, а для юрыдычнай — да тысячы БВ. 

Няхай гэты прыклад будзе іншым навукай: другім дапамагай, але патрабаванні заканадаўства не парушай.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Алены ЗМІТРОВІЧ

Последние новости

Культура

Як на Глушчыне прайшоў рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”

25 августа 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко подписал указ о повышении трудовых пенсий с 1 сентября

25 августа 2026
Читать новость
Общество

Глусский РОЧС. С начала купального сезона в водоемах Беларуси утонуло 52 человека

24 августа 2026
Читать новость
Будь в курсе

Завтра начинается специальное комплексное мероприятие МВД «Внимание – дети!».

24 августа 2026
Читать новость
Общество

В Глуске наградили победителей турнира по футболу среди детей и подростков

24 августа 2026
Читать новость
Будь в курсе

Как добраться на День белорусской письменности в Костюковичи

24 августа 2026
Читать новость

Рекомендуем