Кропка на карце. Спадчына ледавіка і напамін аб гістарычным мінулым

Мыслоцінская горка — рэдкі для Цэнтральнай і Паўднёвай Беларусі геаграфічны аб’ект, які застаўся ад эпохі зледзянення. Несумненна, тут будзе цікава пабываць аматарам гісторыі, прыроды і індустрыяльнага турызму. Калісьці існавала пад гарой невялікая вёска, у недалёкім мінулым збіраліся школьнікі і моладзь на злёты, спаборніцтвы і гульні, дзейнічаў пясчаны кар’ер і асфальтавы завод. Ды і зараз, калі ні прыйдзеш, абавязкова каго-небудзь ды сустрэнеш. У лесе на вяршыні пагорка блукаюць грыбнікі. Хтосьці ў першы, а хто ў чарговы раз завітае, каб наведаць мемарыял на месцы пахавання ахвяр генацыду ў час Вялікай Айчыннай вайны. А аматары экстрыму шукаюць прыгод на сваю галаву, з’язджаючы са схілаў кар’ера на веласіпедах або цюбінгах.
Спадчына ледавіковага перыяду
Мыслоцінская гара ўяўляе сабой кам (у перакладзе з нямецкай мовы азначае “грэбень”) — пясчаны пагорак водна‑ледавіковага паходжання. У час міжледавікоўя раставаў мёртвы лёд шмат гадоў, у яго тоўшчы ўзнікалі пустоты і шчыліны, якія пры запаўненні вадой ператвараліся ў своеасаблівыя азёры, рэкі і ручаіны. У азёрах адбывалася накапленне цвёрдых наносаў. Летам вадасцёкі прыносілі дастаткова буйныя рэшткі горных парод: гравій, пясок, супесак. А зімой, калі паверхня такога возера пакрывалася лёдам, ішло асаджэнне дробных завіслых у вадзе часцінак — суглінкаў і глін. Утвараўся своеасаблівы геалагічны торт “Напалеон”: слаі рознай таўшчыні, механічнага складу і колеру шматразова накладваліся адзін на адзін. Калі ў пясчаным кар’еры, як кажуць геолагі, “зачысціць сценку”, то гэтыя напластаванні будзе добра відаць. Калі б была магчымасць падлічыць іх колькасць ад падэшвы пагорка да яго вяршыні, то, як па гадавых кольцах для дрэва, можна прыкладна вызначыць час, за каторы ўтварыўся кам.
Пасля канчатковага раставання лёду на зямной паверхні заставаўся пясчана-жвіравы пагорак. Звычайна камы маюць акруглую ці падоўжаную форму, іх велічыня вызначаецца памерамі возера, у каторым яны ўтварыліся, а вышыня — працягласцю і інтэнсіўнасцю накаплення наносаў. Сустракаюцца адзінкавыя камы і іх групы ў Беларускім Паазер’і — паўночнай частцы нашай краіны, якая была пакрыта апошнім у гісторыі ледавіком. На астатняй частцы тэрыторыі Беларусі камы захаваліся мала: чым далей на поўдзень, тым яны большая рэдкасць.
На буйнамаштабнай тапаграфічнай карце РСЧА 1933 года добра відаць, што Мыслоцінскі кам акруглы ў плане і меў спачатку дзве вяршыні. На вышэйшай з іх стаіць адзнака 175,7 метра, але ў другой палове XX стагоддзя якраз тут быў створаны кар’ер і здабываўся пясок. Сучасная тапаграфічная карта паказвае найбольшую вышыню 172 метры ў паўночнай частцы пагорка, дзе захавалася другая вяршыня. Маецца на ўвазе абсалютная вышыня, што вымяраецца ад узроўню мора.
А над навакольнай мясцовасцю пагорак узвышаецца на 10—15 метраў.
Зараз здабыча пяску не вядзецца, але радовішча знаходзіцца ў спісе падрыхтаваных для распрацоўкі. Яго аб’ём вымяраецца ў 1402 тысячы метраў кубічных, напрамак выкарыстання — пясок для земляных збудаванняў.
“Геалагічныя вокны” і наглядныя біялагічныя дапаможнікі
Чым жа так прывабліваюць наведвальнікаў кар’еры, што ўтварыўся нават асобны напрамак прамысловага турызму? Перш за ўсё, тут сапраўды ёсць на што паглядзець: сама кар’ерная выемка, яе стромкія схілы і восыпы, рэшткі прамысловых канструкцый.
На паўднёвым схіле Мыслоцінскага кар’ера захаваліся бэлькі, якія, магчыма, замацоўвалі яго ад асыпання. Розных памераў бетонныя блокі раскіданы па дне выемкі і за яе межамі. Сведкі былой чалавечай дзейнасці, яны здаюцца зараз зусім недарэчнымі ў гэтым месцы.
Непараўнальна большую цікавасць уяўляюць сабой “геалагічныя вокны” — агаленні горных парод, якія даюць магчымасць убачыць унутраную будову і характар залягання пластоў верхняга слою зямной кары. На паўночнай сценцы кар’ера з правага боку маецца значны па плошчы стромкі схіл. На ім і без папярэдняй зачысткі відаць чаргаванне слаёў донных адкладанняў былога ледавіковага возера. Утвараецца нават рэльефны малюнак: дастаткова рыхлыя летнія пласты выдуваюцца ветрам, у выніку чаго больш трывалыя зімовыя адкладанні ператвараюцца ў рабрыстыя выступы. Ленты донных адкладаў маюць невялікі нахіл з захаду на ўсход. Такія нахілы, ці хвалістасць, тлумачацца ўздзеяннем заходніх вятроў на водную паверхню, якая рэдка бывала ў той час спакойнай.
Прамысловая выемка зроблена да самага нізу пясчаных адкладанняў, магутнасць каторых перавышае дзесяць метраў. У невялікіх раўчуках, прамытых вадой на дне кар’ера, ужо відаць марэна — перацёртыя лёдам і шчыльна сцэментаваныя горныя пароды з вялікай колькасцю валуноў рознага памеру. Утварае і пераносіць марэну ледавік у час свайго руху: спачатку разбурае скальныя пароды, а потым, як бульдозер, штурхае абломкі перад сабой ці транспартуе іх у тоўшчы лёду або на яго паверхні.
Увогуле, уся паўночная сценка кар’ера ўяўляе сабой вельмі цікавае відовішча. Дастаткова роўна яна падзелена па вертыкалі на дзве часткі: цёмную і светлую. У адрозненне ад стромкага правага ўчастка, дзе відаць слаістасць жоўтых пясчаных адкладаў, левая частка сценкі пакрыта тонкай плёнкай цёмнай глебы і рэдкай расліннасцю. Некалькі градусаў розніцы ў нахіле аказваецца дастаткова для таго, каб у пяску на некаторы час затрымлівалася вада і яе маглі скарыстаць расліны‑піянеры.
Тут нават і дрэвы змаглі ўкараніцца і растуць, быццам бы на роўным месцы. Геалагічную будову, працэсы глеба-ўтварэння і эвалюцыі расліннасці лепш за ўсё вывучаць ці проста назіраць менавіта ў пясчаным кар’еры. Гэта самая сапраўдная кніга прыроды, раскрытая для кожнага, хто хоча навучыцца яе чытаць.
Слова археолагам і картографам
У палявым сезоне 2009 года беларускія археолагі праводзілі разведкі ў Глускім і Мінскім раёнах. Асноўнай мэтай работ было выяўленне новых помнікаў каменнага веку ў басейне ракі Пціч.
У Глускім раёне было вынайдзена пяць да гэтага невядомых археалагічных помнікаў. Адзін з іх атрымаў назву Глуск-4: гэта тэрыторыя ад Мыслоцінскага пагорка да Глуска ўздоўж дарогі Глуск — Дуброва.
На самім пагорку старажытныя людзі, відаць, не жылі, ды і што ім на гэтай гурбе пяску было рабіць? Агледзеўшы сценкі кар’ера, культурнага слоя (пласта больш цёмнага колеру, насычанага рэшткамі жыццядзейнасці людзей) вучоныя не выявілі. Аднак на схіле пагорка знойдзены фрагмент ляпнога посуду з прымессю вялікай колькасці дробнай жарствы ў гліняным цесце. Міхаіл Лашанкоў, які шмат сезонаў адпрацаваў у Глускім раёне, адносіць знаходку да ранняга жалезнага веку. Гэты абломак посуду мог трапіць сюды выпадкова, або непрацяглы час тут усё ж такі было нейкае жыллё. У полі паміж гарой і гарадскім пасёлкам археолагамі сабраны 92 фрагменты ганчарнай керамікі XVIII—XIX стагоддзяў. Чым бліжэй да ўскраіны Глуска, тым знаходак робіцца больш.
Тое, што каля Мыслоцінскай горкі некалі жылі людзі, пацвярджае і ваенная карта 1933 года. Уздоўж паўднёва‑ўсходняга падножжа пагорка (з таго боку, дзе мемарыял) пазначаны ў адну лінію чатыры дамы. Побач з назвай паселішча — Падгор’е — стаіць яшчэ і лічба 4, якая ўдакладняе колькасць гаспадарак. На аналагічнай карце 1926 года Падгор’е не значыцца, а на карце 1940 года яшчэ захоўваецца. Відаць, гэта і ёсць перыяд існавання вёскі. У другой палове 1920-х гадоў, калі заахвочвалася вядзенне асабістай сялянскай гаспадаркі, у нашым раёне ўзнікла шмат хутароў і дробных паселішчаў. Аднак з пачаткам суцэльнай калектывізацыі амаль што ўсе яны былі ліквідаваны, а жыхары пераселены ў вёскі, дзе былі калгасныя падраздзяленні (фермы ці брыгады). К пачатку Вялікай Айчыннай вайны ці адразу пасля яе Падгор’е, хутчэй за ўсё, ужо не існавала. Калі ў сакавіку 1945 года складалі Акт аб злачынствах нямецка‑фашысцкіх захопнікаў у Глуску і Глускім раёне, то аб расстрэлах на Мыслоцінскай гары паказанні давалі жыхары суседняй вёскі Хваставічы.
Пакутніцкі шлях
Ад цэнтральнага сквера Глуска да Мыслоцінскай горкі можна, не надта спяшаючыся, дайсці хвілін за сорак.
А якім здаваўся гэты шлях тым, каго вялі ці везлі сюды ў пачатку снежня 1941 года, каб пазбавіць жыцця? Занадта хуткім, бо нікому не хацелася паміраць, ці вельмі доўгім, які толькі павялічваў пакуты і ад жаху пазбаўляў розуму? За адзін дзень гітлераўцы знішчылі тут амаль што ўсё яўрэйскае насельніцтва Глуска.
Як сведчаць апытаныя жыхары Хваставіч, расстрэлы на гары ў час нямецкай акупацыі праводзіліся амаль штодзённа. Сярод ахвяр — палонныя чырвонаармейцы, партызаны, падпольшчыкі і мірныя жыхары, што ім дапамагалі. Увосень 1943-га і ў пачатку 1944 года, каб знішчыць прыкметы сваіх злачынстваў, гітлераўцы прыгналі групу ваеннапалонных і прымусілі іх выкопваць і спальваць чалавечыя астанкі. З гэтай прычыны дакладна вызначыць колькасць забітых і пахаваных у пясчаных равах савецкіх грамадзян няма магчымасці.
Па розных падліках, колькасць ахвяр генацыду беларускага і яўрэйскага народаў на Мыслоцінскай горцы перавышае тры тысячы чалавек.
Спачатку сціплы помнік у выглядзе абеліска ўсім ахвярам фашызму быў пастаўлены ў 1958 годзе. Асобны помнік глускім яўрэям, што загінулі ў той снежаньскі дзень, з’явіўся ў 2010 годзе. Яго аўтары — архітэктар Галіна Левіна і скульптар Максім Пятруль. А ў ліпені 2022 года побач са старым абеліскам былі перапахаваны астанкі двух малых дзяцей з вёскі Амур. Як паведамілі родныя, трохгадовы хлапчук і яго сястра, якой было ўсяго некалькі месяцаў, былі забіты гітлераўцамі за тое, што іх маці некаторы час хавала і не выдала на расправу яўрэйскіх дзяцей.
Вакол Мыслоцінскай горкі раскінуліся ўзараныя палі. На свежым ворыве добра відаць мяжа паміж цёмнай акультуранай глебай і жоўтым ці белым пяском падэшвы пагорка. Схілы пакатыя, але на вяршыні маюцца перапады высот: крутыя спускі і пад’ёмы, дробныя выемкі. З узвышшамі Беларускай грады, канешне, не параўнаць, але нагам ад гэтага не лягчэй. Таму за гадзіну блуканняў можна атрымаць добрую фізічную нагрузку.
Ёсць тут на што паглядзець і над чым задумацца. А арыгінальным сувенірам, што даставіў ледавік са Скандынавіі, можа стаць знойдзены кавалак чысцюткага ружовага палявога шпату ці адмыслова абточанага вадой кварцу.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ
Фота аўтара