Темы

З блакнотам па раёне. Ціхая вёсачка Сельцы

З блакнотам па раёне. Ціхая вёсачка Сельцы

Сярод бязмежных і велічных лясоў Глушчыны ўжо больш за тры стагоддзі стаіць вёска Сельцы. Паводле архіўных дадзеных, упершыню яна ўпамінаецца ў XVIIІ стагоддзі — у 1724 годзе тут было 9 двароў. На той час Сельцы ўваходзілі ў Пагосцкае войтаўства маёнтка Глуск Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства і былі прыватным уладаннем Радзівілаў. К канцу ХVIIІ стагоддзя вёска перайшла ва ўласнасць графа Юдыцкага, зяця аднаго з Радзівілаў. Але граф пазычыў вялікія грошы і не змог іх вярнуць. Таму ў 1838 годзе Сельцы літаральна па дварах падзялілі паміж землеўладальнікамі-крэдыторамі Юдыцкага — 5 двароў перайшлі ва ўласнасць пана Тышкевіча, 4 — пану Шчуку, 3 — пану Свіду. Старажылы ў Сельцах і зараз успамінаюць прозвішчы гэтых памешчыкаў, і нават мясціны, дзе знаходзіліся панскія ўладанні, зараз носяць адпаведныя назвы — Шчукаўшчына, Рысоўшчына.

Паводле кнігі “Памяць. Глускі раён”, у 1917 годзе ў Сельцах было 37 двароў і 234 жыхары. А ў 1926 годзе тут ужо пражывала 258 вяскоўцаў. У 1931 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас “Чырвоныя Сельцы”, які ў 1932-м аб’яднаў 32 гаспадаркі. Падчас агульнай калектывізацыі ў калгас увайшлі не толькі сялянскія гаспадаркі непасрэдна самой вёскі, а і гаспадаркі з бліжэйшых да Сельцаў хутароў — Антоніхі, Дзешчыхі, Піліпавага хутара. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны так і жылі: старанна працавалі ў калгасе ды ў сваёй асабістай гаспадарцы. У вёсцы яшчэ з панскіх часоў былі алейня (давілі і гналі алей з канопляў ды льну) і круперня (дралі грэчку, рабілі крупу). У 1950-х гадах гэтыя збудаванні разбурылі.

У чэрвені 1941 года ў жыццё вяскоўцаў уварвалася вайна. Як успамінае адна са старэйшых жыхарак Сельцаў Еўдакія Піліпаўна Анцюшэня, у той жа дзень, калі абвясцілі пра пачатак вайны, па вёсцы праімчаліся чырвонаармейцы, у небе пачалі лятаць ваенныя самалёты.

Успамінаюць Надзея Савельеўна Пяхота і Еўдакія Піліпаўна Анцюшэня

— Немцы прыйшлі ў вёску прыкладна 24 чэрвеня, — успамінае Еўдакія Піліпаўна. — Вяскоўцы беглі хавацца хто ў лес, хто ў поле. Памятаю, што на ўскрайку Сельцаў каля лесу паміж нашымі салдатамі і фашыстамі адбыўся бой. Вайна — гэта вельмі страшна. Мне было амаль 11 гадкоў, магчыма, я нешта не разумела, але страх, які быў сярод дарослых, перадаваўся і нам, дзецям.

Каб хавацца ад немцаў, бацькі выкапалі ў канцы агарода зямлянку. Бывала, што яе затаплівала і мы вымушаны былі ўсёй сям’ёй стаяць доўгі час па калена ў вадзе, пакуль хапун не пройдзе ці карнікі не сыдуць. А аднойчы да нас у зямлянку зайшоў немец з аўтаматам: шукаў партызан, а ўбачыў перапужаных сялян з дзецьмі. У той раз ён нам нічога дрэннага не зрабіў, толькі спытаў, ці няма партызан, і пайшоў. Але фашысты прынеслі нашай сям’і (зрэшты, як і многім іншым) вялікае гора — забілі майго старэйшага брата. Яго забралі падчас хапуна (не паспеў схавацца) і хацелі адправіць працаваць у Германію. Моладзь ды падлеткаў з Сельцаў пагналі ў Мошны (зараз пасёлак і чыгуначная платформа ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. — Аўт.). Разам з братам схапілі і яго каханую дзяўчыну. Менавіта яна і перадала нам запіску (толькі праз пяць тыдняў мы атрымалі той ліст), дзе расказала, што брата забілі і як гэта адбылося. Аказваецца, ён хацеў збегчы, а немцы яго застрэлілі з кулямёта. Бацька, узяўшы каня, паехаў па сына, каб перапахаваць яго ў Сельцах. У мяне і зараз стаяць перад вачыма блакітныя вочы брата — адзінае, што можна было разгледзець на мёртвым твары.

У чэрвені 1944 года нашу вёску вызвалілі ад фашыстаў. Доўгаю чарадою па шляху паўз Сельцы ішлі салдаты ды ехалі танкі — здавалася, што той калоне не будзе канца. Мы спачатку думалі, што гэта немцы ідуць, а потым, калі зразумелі, што гэта нашы вызваліцелі, людзі пачалі выносіць ім у каго што было — хлеб, малако, бліны.

Пасля вызвалення вельмі цяжка прыходзілася вяскоўцам — ежы не хапала, прыходзілася і лебядою харчавацца, і шчаўем. Адзення ды абутку таксама не было. З-за гэтага вельмі шмат дзяцей не магло хадзіць у школу. Вось і Еўдакія Піліпаўна ў свой час скончыла толькі адзін клас пачатковай школы, а яе суседка Надзея Савельеўна Пяхота — 3 класы. Сяляне тады жылі, можна сказаць, натуральнай гаспадаркай: усё для свайго спажывання вырошчвалі і выраблялі самі, у тым ліку і адзенне. Каб пашыць спадніцу, сукенку або штаны, вырошчвалі лён, з яго пралі кудзелю, ткалі палатно, а потым ужо ўручную шылі. Фарбавалі натуральнымі фарбамі. Напрыклад, у лесе рвалі траву, падобную на брусніцы, толькі з чорнымі ягадамі, заварвалі  яе і потым чарнілі палатно.

Пасля вайны ў вёсцы пабудавалі млын, дзе малолі муку на корм жывёле і нават, як успамінаюць старажылы, малолі траву, таксама для жывёлы. У калгасе, акрамя фермы, дзе вырошчвалі кароў, валоў, быкоў, была яшчэ і курыная ферма.

— У вёсцы людзі таксама трымалі на сваіх падворках шмат жыўнасці, — успамінае адна са старэйшых жыхарак Сельцаў Надзея Савельеўна Пяхота. — Было чатыры статкі кароў па 30 жывёлін у кожным, свіней багата гадавалі, коней трымалі амаль у кожным двары. Сёння, на жаль, на ўсю вёску засталася толькі адна карова ды некалькі свіней. Увогуле, тое, як жылося раней, я ўспамінаю часта і з цеплынёй у душы, можа, таму, што гэта была мая маладосць. Мы хоць і працавалі шмат ды вельмі цяжка, а жылося чамусьці ў той час весялей, чым цяпер. Моладзі ў нашай вёсцы было багата. Збіраліся ўсе “пад ліпкамі”, ліхтар там павесілі. Танцавалі пад гармонік, дзяўчаты песні пелі. З суседніх вёсак да нас гуляць прыходзілі. На кірмаш (у Сельцах кірмаш быў у дзень Святога Міколы — 22 мая) таксама прыходзілі з розных вёсак, можна сказаць, з усяго раёна ішлі. Бывала, што па 30 чалавек гасцей у адной хаце збіралася — не ўсе за стол за адзін раз змяшчаліся. Часам свята прыходзілася на будні дзень, таму звычайна да абеду працавалі, а ўжо пасля гулялі, святкавалі аж да позняга вечара.

Вяселле ў Сельцах таксама было вялікай падзеяй. І не толькі для маладых і іх гасцей, а, напэўна, і для ўсіх вяскоўцаў. Да вяселля былі заповіны — гэта калі хлопец ішоў сватацца. У дзень напярэдадні вяселля нявеста збірала сваіх шафірак (сябровак) “на вянок” (па-сучаснаму дзявочнік), і жаніх таксама збіраў сваіх сяброў. Дзяўчаты пелі для нявесты адмысловыя песні, потым усе разам ішлі гуляць на вёску, танцаваць. Так маладыя развітваліся са сваім халасцяцкім жыццём. А вось вяселле аж на тры дні расцягвалася. У першы дзень у нявесты ўсе збіраліся, на другі — у жаніха, а на трэці прыходзілі толькі мясцовыя госці (“далёкія” к гэтаму часу ўжо раз’язджаліся). Для танцаў наймалі музыкаў (абавязкова двух — пакуль адзін адпачне, другі іграе). На танцы прыходзілі амаль усе жыхары вёскі. Там ужо маладая таго, хто прыйшоў, частавала чарачкаю гарэлкі ды вясельнымі прысмакамі, дзяцей — цукеркамі. Гатавалі да святочнага стала звычайныя стравы: катлеты, адбіўныя, наліснікі, рыбу смажылі. На дэсерт падавалі кісель, абмаквалі ў чарнічнае варэнне парэзаныя на кавалачкі абаранкі. Дарэчы, у той час у вяскоўцаў была простая, натуральная  ежа — з таго, што вырошчвалі ў агародзе ды ў хляве. Самай лепшай, сытнай стравай лічылася падкалодка. Гэта калі свежаніну (кавалачкі сала, мяса ці парэбрынкі) падкалочвалі мукой, крухмалам, манкай і атрымлівалася нешта падобнае на суп-пюрэ.

Вось так і жылі сяляне ў Сельцах: рупліва працавалі, гадавалі дзетак, умелі і пагуляць, і паспяваць. Як успамінае яшчэ адна старэйшая жыхарка вёскі Анастасія Апанасаўна Анцюшэня, калі жанчыны ішлі на працу або з працы, калі жалі жыта, то пелі так, што чуваць было нават у Пагосце.

У 1992 годзе размеранае жыццё вяскоўцаў парушыла страшная трагедыя — пажар. Той дзень, 11 жніўня, жыхары Сельцаў будуць памятаць заўсёды.

— Усё адбылося за нейкія паўгадзіны, — расказвае Надзея Савельеўна Пяхота. — Гарэла поле каля Макавіч, потым глядзім: наша скірда пшаніцы гарыць, а праз імгненне ўжо пачалі гарэць хаты, хлявы. А да мяне якраз прыехала дачка. Наша хата запалыхала ў адну секунду, я толькі паспела ўскочыць у сенцы ды папярэдзіць дачку, каб выбягала. Яшчэ хацела штосьці са скарбу ўратаваць — ды дзе там! Усё кругом у агні, і ўцякаць няма куды. Загарэлася на мне вопратка, абгарэлі плечы, ногі. Мяне на машыне “хуткай дапамогі” ў бальніцу завезлі.

Расказвае Анастасія Апанасаўна Анцюшэня

Анастасія Апанасаўна Анцюшэня жыве ў той частцы вёскі, якую пажар не закрануў. Яна кажа, што хата (дарэчы, пабудаваная, магчыма, яшчэ яе дзедам) ацалела, напэўна, толькі дзякуючы Богу ды сіле малітвы:

— Як загарэліся могілкі, я выйшла на агарод, гляджу: ужо на суседнім полі зерне гарыць. Пабегла ў хату, зняла абразок, выйшла да сваёй стопкі і пачала маліцца, як умела. І дзіва — вецер перамяніўся, падуў у другі бок. Хаты нашы ўцалелі. А людзей колькі ў Сельцы прыехала дапамагаць пажар тушыць: пажарныя, салдаты, простыя людзі!.. Салдацікі дык проста ў агонь лезлі, спрабавалі людское дабро выратаваць.  Мае дзеці таксама хутка прыехалі. На ўсялякі выпадак з хаты ўсё павыносілі, акрамя мэблі. Але наш куточак вёскі ўцалеў, захаваўся.

Пасля пажару Сельцы хутка адбудаваліся. Пацярпелыя атрымалі новыя ўтульныя дамы. З той пары мінула ўжо 25 гадоў. З кожным годам жыхароў у вёсцы, на жаль, становіцца ўсё менш і менш. У 1996-м тут пражывала 117 чалавек, у 2010-м — 72, а на сённяшні дзень —  39. Улетку вёска ажывае, прыязджаюць да бабуль унукі, хаты сваіх бацькоў наведваюць былыя вяскоўцы, а цяпер гараджане-дачнікі. Падчас нашага прыезду ў Сельцы мне падалося, што жыццё ўвогуле тут кіпіць, мы сустрэлі шмат людзей: маладыя веласіпедысты праязджалі па вуліцы, мужчыны на коніку нешта перавозілі, бабулі выйшлі на лаўку адпачыць ды паразмаўляць, гаспадыні з кошыкамі па грыбы ў лес беглі. А вось зімою жыццё тут замірае. Сваіх старэнькіх бацькоў дзеці забіраюць на гэты час у горад. Дачнікі наведваюцца рэдка. Але ўсё ж такі ў вёсцы ёсць і тыя, хто жыве тут пастаянна, хто выбраў Сельцы для свайго пражывання свядома. Напрыклад, Ігар Іванавіч Вавула.

— Я пераехаў у Сельцы некалькі гадоў таму, — гаворыць Ігар Іванавіч. — Да гэтага тут ніколі не быў. Дазнаўся пра такую вёску з прастораў інтэрнэту. Прыехаў пагля-дзець — спадабалася. Тут ціха, спакойна, побач лес, дзе шмат грыбоў і ягад, чыстае паветра. Тое, што ад вялікіх гарадоў далекавата, дык гэта і добра, менш мітусні. А пры неабходнасці, калі ёсць асабісты транспарт, можна даехаць куды заўгодна. У вёсцы жывуць вельмі добрыя, сумленныя людзі: хату можна пакідаць не зачыненай на замок, ніхто нічога не возьме. Вось гэта ўсё і вызначыла мой выбар месца пражывання.

На жаль, вёскі з іх карэннымі жыхарамі не толькі ў нашым раёне, а і па ўсёй Беларусі паступова знікаюць. Сумна, што знікае і своеасаблівая вясковая мова з яе адметнымі словамі, знікаюць прыгожыя песні, якія ведаюць менавіта тутэйшыя бабулі. Але кажуць, што чалавека ў сталым узросце заўсёды цягне на сваю малую радзіму, туды, дзе прайшло дзяцінства. Магчыма, дзеці або ўнукі жыхароў Сельцаў вернуцца ў родныя мясціны, калі не назаўсёды, то хаця б часова, на пару летніх месяцаў у годзе, і вёска будзе жыць.

 Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

В Глусском районе началась выплата материальной помощи ко Дню Победы

27 апреля 2024
Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024