На Глушчыне віншавалі камбайнераў-тысячнікаў

Урачыстую цырымонію на гэты раз зладзілі адразу для пяці працаўнікоў жніва, якія перасягнулі парог па намалоце ў тысячу тон збожжа. Гэта камбайнавыя экіпажы Сяргея і Мікалая Ляпко з ААТ “Глуская Зара”, Аляксандра Чыгіра і Руслана Шаблінскага з ААТ “Зара Камуны”, а таксама камбайнер Юрый Кажаронак з Глускага РАПТЗ.
Экіпаж Сяргея і Мікалая Ляпко — сямейны, сын Сяргей — старшы камбайнер, шмат гадоў прысвяціў гаспадарцы, не першы сезон на жніве, у гэтым годзе ў памочніках — бацька Мікалай Уладзіміравіч, ён зараз на заслужаным адпачынку. (Дарэчы, летась на ўборачнай Сяргей працаваў з жонкай.) Акрамя свайго раёна, экіпаж Сяргея і Мікалая дапамагаў убіраць ураджай у Мсціслаўскім. А пасля жніва Сяргей перасеў на КВК і зараз займаецца корманарыхтоўкай.
Зладжанай камандай працаваў на жніве і экіпаж старшага камбайнера Аляксандра Чыгіра і яго памочніка Руслана Шаблінскага. Аляксандр шмат гадоў працуе ў “Зары Камуны”, адзначаўся як лепшы па прафесіі, умее ён спраўляцца з любымі работамі, будзе гэта сяўба, узворванне, нарыхтоўка кармоў ці ўборка ўраджаю. Яго напарнік Руслан — слесар, тры гады ў гаспадарцы, у гарачую пару жніва працуе памочнікам камбайнера. Яшчэ адзін тысячнік — камбайнер Юрый Кажаронак.
У Глускім РАПТЗ ён ужо пяты год, дагэтуль працаваў у “Жылкамгасе”. Юрый шчыруе на трактары, як і яго калегі, ён працаўнік-універсал, заняты на розных работах: унясенні арганікі, сяўбе, прасаванні сена і саломы… На час жніва перасаджваецца за штурвал камбайна. Работнік ён надзейны, перадавік гаспадаркі, па выніках раённага спаборніцтва за 2024 год быў прызнаны лепшым камбайнерам зернеўборачнага камбайна.
Тысячнікаў на полі з працоўнай перамогай віншавалі старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Юрый Дымша, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Васіль Дзяшчэня, кіраўнікі гаспадарак.
Аляксей Жураўлёў падзякаваў аграрыям за старанную працу, пажадаў не спыняцца на дасягнутым. “Вы на справе пацвердзілі свой прафесіяна- лізм, — звярнуўся ён да хлебаробаў, — тое, што і на Глушчыне можна дасягнуць выдатнага выніку. Сёння ў нас восем камбайнераў-тысячнікаў,
тры вадзіцелі, якім пакарыўся ганаровы рубеж, з іх адзін вадзіцель перавёз дзве тысячы тон збожжа”.











Падзякі, грашовыя прэміі, падарункі і кветкі — гэта ўсё ім, працаўнікам жніва. А яшчэ па добрай традыцыі — песні,
іх героям жніва на святочнай урачыстасці падарылі артысты Цэнтра культуры і вольнага часу “Арыён” Глуска.
Г. АЎТУХОВА
Фота аўтара