Працавітыя хлопцы з “Глускай Зары”. Паглядзелі, як ідзе праца на кукурузных палетках

Аграрыі Глушчыны не спыняюць работы на палетках. Актыўнымі тэмпамі ідзе нарыхтоўка кукурузы на сілас. Паралельна з гэтым не забываюць працаўнікі рыхтаваць сена і сянаж, клапаціцца пра ўраджай на будучы год. На раніцу 6 кастрычніка пасеяна 5175 га азімых збожжавых (80 %) пры плане 5612 га.
Каб убачыць, як ідзе праца на кукурузных палетках, адправіліся ў ААТ “Глуская Зара”. Па дарозе нас сустрэў і пасля ўвёў у курс спраў кіраўнік гаспадаркі Максім Валадзько. Убіраць кукурузу на сілас у “Глускай Зары” пачалі Ў канцы жніўня. Па стане на 6 кастрычніка ўбрана больш за 680 гектараў (76 %) пры плане 900 га, закладзена амаль 10 000 тон сакавітага корму (у планах — 16 500 тон).
Мы паглядзелі, як запаўняецца траншэя каля МТФ “Бярозаўка”. Прывезеную кукурузную масу на “Амкадоры” трамбаваў Мікалай Медзвядок. Яго добра ведаюць у раёне як лідара вясенне-палявых работ, у свой час быў ён пераможцам і на ўборачнай. На сёлетніх раённых “Дажынках” прымаў Ганаровую грамату Глускага райвыканкама за шматгадовую працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі.
Да нарыхтоўкі кукурузы на сілас Мікалай шчыраваў на жніве, пасля рыхтаваў глебу пад будучы ўраджай.
Пакуль ён трамбаваў масу, здробненую кукурузу з поля ў траншэю прывёз Уладзімір Быліна. У гаспадарцы ён працуе адносна нядаўна, аднак адразу зарэкамендаваў сябе як талковы і адказны работнік. Толькі добрыя словы пра яго, як і пра Мікалая, гаварыў кіраўнік “Глускай Зары”. “Шчырыя і працавітыя хлопцы, — адзначыў Максім Валадзько, — прыйдуць на дапамогу, выручаць у любы час без нараканняў і лішніх роспытаў. На працу выязджаюць з самага ранку, дадому вяртаюцца позна ўвечары. І працуюць добра, сумленна, амаль без выхадных, і сем’і стварылі моцныя, вялікія”.




Уладзімір і Мікалай — шматдзетныя бацькі. Мікалай з жонкай Наталляй жывуць у Бярозаўцы, гадуюць траіх сыноў і дзвюх дачушак. Дарэчы, у 2023 годзе Наталля атрымала ганаровую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Маці. Сям’я Уладзіміра і яго жонкі Алесі на пачатку жніўня папоўнілася адразу двума дзеткамі: у іх нарадзіліся дзяўчынкі-двайняткі Сафія і Варвара.
На адвозцы сіласу разам з Уладзімірам Былінам працуюць браты Дзмітрый і Андрэй Лазовік, Аляксандр Шаблінскі, Пётр Гаравікоў і Сяргей Пась. Дзмітрыя Лазовіка нам удалося сустрэць і пагутарыць на полі ля Жукавіч.

Ён таксама заўсёды ў першых радах. Універсальны работнік, перадавік гаспадаркі, неаднаразова дасягаў высокіх паказчыкаў на жніве, на пасяўной. Справу сваю добра ведае, тэхнікай валодае па-майстэрску. Што тут скажаш: 37 гадоў працуе на адным месцы. У сярэднім за дзень робіць па дзесяць рэйсаў, у залежнасці, якая адлегласць ад поля да сіласнай траншэі.
Тут жа на полі мы перакінуліся словамі з Сяргеем Ляпко, які на КВК-800 здрабняў кукурузныя сцябліны. Дарэчы, гэтай справай у “Глускай Зары” таксама займаецца Раман Багук.
Прозвішча Сяргея Ляпко не раз гучала ў ліку лепшых працаўнікоў раёна. Нагадаю: сямейны экіпаж Сяргея і яго бацькі Мікалая стаў экіпажам-тысячнікам на сёлетнім жніве. Прызнаваўся Сяргей Ляпко і лепшым па прафесіі сярод работнікаў АПК па выніках работы за 2022 год. Ён таксама шматдзетны бацька і добры сем’янін. Разам з жонкай Любоўю гадуюць траіх дзетак. Аляксандр, старэйшы сын, — васьмікласнік, дачцэ Святлане 12 гадоў і самаму малому, Максіму, усяго чатыры месяцы. Нядаўна сям’я купіла дом у Глуску і пераехала туды з Каткі. Зараз абжываюцца на новым месцы.

Сяргей Ляпко на КВК за дзень убірае і здрабняе каля 300 тон кукурузы. Ураджайнасць — 158 цэнтнераў з гектара.


У гаспадарках раёна (на 6 кастрычніка) назапашана больш за 48 580 тон сіласу, 71 260 тон сенажу, 3338 тон сена. Нарыхтавана больш за 33 000 тон кармавых адзінак. На адну ўмоўную галаву гэта складае 26,8 цэнтнера кармавых адзінак (плюс 1,9 ц к. адз. да ўзроўню мінулага года).
Г. АЎТУХОВА
Фота аўтара