Темы

Кожная пятнiца — роднае, сваё. Славутасці Магілёва

Кожная пятнiца — роднае, сваё. Славутасці Магілёва

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ініцыявала агульнанацыянальны праект “Кожная пятнiца — роднае, сваё”, накіраваны на папулярызацыю ўсяго беларускага. Далучацца да яго прапануюць гандлёвым аб’ектам і ўсім беларусам. “Зроблена ў Беларусi — значыць са знакам якасцi” — такі дэвіз гэтага праекта, у рамках якога прапануецца штотыдзень па пятніцах, напрыклад, апранаць адзенне беларускіх вытворцаў, гатаваць з мясцовых прадуктаў, трансляваць і слухаць беларускую музыку, а пасля дзяліццца сваімі адкрыццямі па пятніцах у сацсетках з хэштэгам #ДзеньРоднагаСвайго.

Раённая газета “Радзіма” вырашыла таксама далучыцца да гэтага праекта, толькі ў сваім фармаце. Па пятніцах на старонках газеты і ў нашым тэлеграм-канале “Глуск інфа” мы будзем змяшчаць вершы беларускіх паэтаў, рэцэпты нацыянальных страў, расказваць пра якасныя беларускія брэнды і славутыя мясціны роднай краіны.

Сёння трэцяя пятніца месяца, і наш аповед — пра адметныя аб’екты Магілёва.

Нават калі вы прыедзеце ў Магілёў асабістым транспартам, абавязкова наведайце чыгуначны вакзал. Рэканструяваны ў пачатку 21 стагоддзя, вакзал тым не менш захаваў атмасферу мінулага. Не дзіўна: адкрыты ён быў у 1902 годзе! Ужо пасля рэканструкцыі тут з’явілася скульптура станцыйнага наглядчыка “ўзору 1902 года” і хутка палюбілася турыстам.

Станцыйны наглядчык на чыгуначным вакзале

Гістарычную атмасферу захоўвае і пешаходная вуліца Ленінская, вядомая з XVI стагоддзя. Тут можна ўбачыць будынкі 18—19 стагоддзяў: былую гарадскую ўправу, палац архіепіскапа, корпус гімназіі. Вуліцу дзеліць Плошча Зорак, якую ўпрыгожваюць адзіны ў свеце помнік астролагу і сонечны гадзіннік з 12 крэслаў, якія сімвалізуюць знакі задыяка.

Арыгінальны будынак Магілёўскага драматычнага тэатра стаў першым у Беларусі, пабудаваным спецыяльна для акцёрскай трупы: да гэтага спектаклі ставілі ў палацах магнатаў і вулічных балаганах. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў верасні 1888 года. На адной з лепшых па акустыцы сцэн Еўропы выступалі Фёдар Шаляпін, Сяргей Рахманінаў, Вера Камісаржэўская. У час Першай сусветнай вайны менавіта ў зале тэатра Мікалай II глядзеў ваенную кінахроніку, а з балкона прымаў парады салдат.

Магілёўскі драматычны тэатр

Кафедральны сабор святога Станіслава — помнік архітэктуры позняга барока (1738—1752). Купал касцёла ўпрыгожваюць унікальныя аўтэнтычныя фрэскі другой паловы 18 стагоддзя. Пэўны час касцёл у Магілёве быў галоўным каталіцкім храмам Расійскай імперыі: Магілёўскай архідыяцэзіі падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія парафіі лацінскага абраду ў Расіі (у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу).

Свята-Мікольскі манастыр — адно з нямногіх захаваных да нашых дзён культавых збудаванняў у стылі беларускага барока. Апроч іншых збудаванняў, на тэрыторыі манастыра размешчаны Свята-Мікольскі сабор, унесены ЮНЕСКА ў рэестр найбольш каштоўных барочных збудаванняў Еўропы. Гордасць Свята-Мікольскага храма — надзвычай прыгожы чатырох’ярусны іканастас 18 стагоддзя (рэстаўрацыя). Падобны іканастас можна ўбачыць толькі ў Смаленскім саборы Новадзявочага манастыра ў Маскве. Самыя раннія фрэскі ў саборы датуюцца канцом 17 стагоддзя. У царкве захоўваецца нямала адметных рэчаў, напрыклад, адна з копій іконы Божай Маці Бялыніцкай. Або карціна-ікона Мікалая II, якую знайшлі ў падвале аднаго з магілёўскіх дамоў акурат у дзень кананізацыі царскай сям’і. (Увогуле,  што няцяжка заўважыць, у Магілёве нямала мясцін, звязаных з іменем Мікалая II. Гэты горад — асаблівая старонка ў біяграфіі апошняга рускага цара. Тут, пакінуўшы ў 1915-м прыфрантавыя Баранавічы, амаль на два з паловай гады прапісалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай арміі. Сюды імператар вярнуўся і ў сакавіку 1917-га, пасля адрачэння ад улады.)

Свята-Мікольскі манастыр

Зразумела, калі вы наведаеце тэрыторыю Свята-Мікольскага манастыра, то не праміняце і парк Падміколле, які некалькі гадоў назад перажыў рэканструкцыю і цяпер уражвае сваёй прыгажосцю і веліччу. Асабліва лесвіца вышынёй з сяміпавярховік з каскаднымі фантанамі.

І гэта далёка не ўсё, бо ёсць яшчэ ў Магілёве Палац архіепіскапа Георгія Каніскага — архітэктурны помнік канца 18 стагоддзя, Сабор Трох Свяціцеляў — галоўны праваслаўны храм горада, помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя, ёсць шматлікія музеі. У музеі гісторыі Магілёва і ў абласным краязнаўчым музеі (яны знаходзяцца непадалёку адзін ад аднаго) вам раскажуць і пакажуць нямала цікавага і дагэтуль невядомага. Беларускаму пейзажысту Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі, работамі якога захапляўся Ілья Рэпін, прысвечаны мастацкі музей яго імя, а абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава — не толькі скарбніца твораў мастацтва 17—19 стагоддзяў, але і цудоўны помнік архітэктуры, былы будынак сялянска-зямельнага банка. Як бачым, за адзін дзень турысту ў Магілёве не ўправіцца. А ўражанняў будзе — на ўсё жыццё.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Последние новости

Общество

Глуск: 1396—2026. Не глуш, а цэнтр Палесся

20 апреля 2026
Читать новость
Общество

В Минске встретились ветераны Военно-морского флота из всех регионов Беларуси

20 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Победу приближали как могли

18 апреля 2026
Читать новость
Образование

В Глуске управление по труду провело очередную ярмарку вакансий

18 апреля 2026
Читать новость
Общество

Глусчане на республиканском субботнике. Фоторепортаж

18 апреля 2026
Читать новость
Власть

Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв на субботнике работал на животноводческом объекте в ОАО «Турино-агро»

18 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем