У апошнюю пятніцу месяца згадваем сусветна вядомыя беларускія брэнды. Сёння — пра бабруйскую “Белшыну”

ААТ “Белшына” — адна з самых буйных еўрапейскіх кампаній па выпуску аўтамабільных шын, зараз тут наладжана вытворчасць болей за 300 мадэляў (тыпаразмераў) для легкавых, грузавых і велікагрузных аўтамабіляў, электратранспарту, аўтобусаў, трактароў, самазвалаў.
Гісторыя прадпрыемства пачалася з 1963 года, калі было прынята рашэнне аб пачатку будаўніцтва завода ў Бабруйску. У распрацоўцы праекта ўдзельнічалі 16 арганізацый з Масквы, Ленінграда, Мінска, Кіева, Харкава і Днепрапятроўска. У 1967-м заклалі фундамент першага цэха, у 1971-м аб’ект быў аб’яўлены Усесаюзнай камсамольскай будоўляй, і ў той жа год Беларускі шынны камбінат прадставіў сваю першую мадэль. Яна прызначалася для велікагрузнага самазвала БелАЗ-540, поўная маса якога складала 27 тон.
Тады ж шынны камбінат атрымаў свой, цяпер сусветна вядомы, лагатып — сілуэт зубра.
За дастаткова кароткі перыяд сукупны аб’ём вытворчасці перавысіў 1 мільён адзінак прадукцыі, але доўгі час камбінат працягваў сваю дзейнасць выключна ў грузавым сегменце.
Сучасную назву “Белшына” атрымала ў 1992 годзе. Завод быў мадэрнізаваны, гэта дазволіла павысіць якасць і прадукцыйнасць, і праз пэўны час прадпрыемства размясцілася на чацвёртым месцы сярод усіх вытворцаў звышбуйнагабарытнага сегмента.
А ў 2013 годзе “Белшына” зрабіла свае першыя крокі ў вытворчасці легкавых і лёгкагрузавых мадэляў.
На сённяшні дзень таварыства ўключае ў сябе: завод буйнагабарытных шын, завод масавых шын, завод звышбуйнагабарытных шын, механічны завод, іншыя падраздзяленні, неабходныя для арганізацыі вытворчасці і збыту прадукцыі, а таксама аб’екты сацыяльнай сферы.
Брэнд “Белшына” прысутнічае на рынках паўсотні краін, пры гэтым на прадпрыемстве імкнуцца пастаянна папаўняць таварны партфель перспектыўнай прадукцыяй, дзеля чаго асвойваюць новыя накірункі, распрацоўваюць новыя тэхналогіі.
Ці ведаеце вы, што кожная шына вырабляецца па сваёй унікальнай рэцэптуры з гумавых сумесяў, у склад якіх уваходзяць да 30 розных хімічных інгрэдыентаў? Напрыклад, каб атрымаць шыну, якая ідэальна падыходзіла б да красовера, на заводзе пачалі прымяняць прынцыпова новыя для таго часу віды сыравіны — белую сажу, або так званы мадыфікаваны рачны пясок.
У 2025 годзе за легкавыя шыны 215/60R17 мадэлі BEL402 і 225/65R17 мадэлі BEL411 ААТ “Белшына” была адзначана Дзяржаўным знакам якасці.
Фота з сайта mogilev—region.gov.by