Темы

Барысаўшчына: вёска, дзе адчуваецца подых гісторыі. Праект “Кропка на карце”

Барысаўшчына: вёска, дзе адчуваецца подых гісторыі. Праект “Кропка на карце”

Старажытную і адметную гісторыю мае невялікая цяпер вёска Барысаўшчына. Першыя людзі ў яе наваколлі з’явіліся ўжо ў мезаліце — сярэднім каменным веку. У розны гістарычны час ва ўрочышчы Горкі існавалі тры стаянкі старажытных людзей эпохі неаліту і бронзавага веку, грунтавы могільнік бронзавага веку, селішча ранняга жалезнага веку, селішча эпохі Старажытнай Русі (XI–XIII стагоддзі) і селішча новага часу (XVI–XIX стагоддзі).

Сучасная вёска знаходзіцца ад урочышча Горкі на кіламетр-паўтара вышэй па рацэ Пціч. На вясковых могілках маецца велічны склеп былых уладальнікаў Барысаўшчыны Ланеўскіх-Ваўкоў, у цэнтры вёскі — абеліск у гонар землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У наваколлі Барысаўшчыны захаваўся таксама адзіночны курган эпохі Старажытнай Русі.

Падарожжа ў Барысаўшчыну прывабіць аматараў старажытнасці, класічнай архітэктуры і моднага зараз танататурызму (наведванне могілак, на якіх пахаваны продкі ці вядомыя ў гісторыі асобы, а таксама месцаў былых бітваў і катастроф).

Рыбакам і тым, хто прыязджае сюды для адпачынку на прыродзе, гэтыя мясціны таксама добра вядомы. Але чамусьці многія завуць раку, якая ў гэтым месцы ўпадае ў Пціч, Камарынкай. На картах і ў геаграфічных даведніках яна пазначана як Зарудзеча. А ручай Камарынка ўпадае ў Зарудзечу кіламетры за два-тры на захад ад урочышча Горкі вышэй па яе цячэнні. Прафесар В. Ф. Капыцін спецыяльна звяртае на гэта ўвагу ў сваёй кнізе “Археологические памятники Глусского района”.

Калі паехаць па дарозе з Глуска на Гарадок і праехаць мост цераз Зарудзечу, то адразу за забалочанай поймай будзе відаць пакрыты лесам пагорак — гэта і ёсць урочышча Горкі. Каля яго маецца прасёлак, на які можна звярнуць і пад’ехаць бліжэй. Узвышша цягнецца ад ускраіны лесу ўздоўж левага берага ракі Зарудзечы. Яно мае каля 140 метраў у даўжыню, ад 60 да 90 метраў у шырыню і ўздымаецца над поймай на вышыню да 3 метраў. Паверхня ўзвышша моцна зменена ў выніку меліярацыі і парасла лесам. Трохвугольны выступ пагорка ў поплаў Пцічы і Зарудзечы добра відаць на спадарожнікавых картах.

Ва ўрочышчы Горкі археолагамі знойдзены крамянёвыя адшчэпы мезаліту і неаліту, каменныя прылады працы, перапаленыя чалавечыя косці і фрагменты ляпной керамікі бронзавага веку, кераміка жалезнага веку, эпохі Старажытнай Русі і больш позняя. Калі будзеце блукаць па пагорку і каля яго, глядзіце пад ногі: ёсць магчымасць знайсці і падараваць музею старажытны артэфакт. Гэта цалкам рэальна: крамянёвыя прылады працы і кераміка выкідваюцца на паверхню пры стварэнні супрацьпажарных палос, на месцы работы меліярацыйнай тэхнікі ці на развеяных ветрам пясках.

У 1964 годзе беларускі археолаг Л. Д. Побаль адкрыў блізу Барысаў-шчыны грунтавы могільнік бронзавага веку: адно непашкоджанае пахаванне і яшчэ чатыры скопішчы абломкаў керамікі і спаленых костак. Пахаванне сапраўды ўнікальнае, пра яго паведамлялася ў другім нумары часопіса “Советская археология” за 1966 год.

Пахавальная яма мела акруглую форму дыяметрам 0,5 метра, глыбіню ад узроўню мацерыка — 0,5 метра і была запоўнена дробным вуголлем, попелам і перапаленымі косткамі. У верхняй частцы ямы знаходзіліся рэшткі шматвалікавага сасуда. Сярод костак — перапаленыя крамянёвыя прылады працы: сякера, чатыры скрэблы  і некалькі адшчэпкаў. Пад косткамі на дне ямы ляжалі не абпаленыя ў агні верхняя частка чэрапа чалавека, два крамянёвыя нажы і касцяныя вырабы, падобныя да гарпуноў.

Беларускім вучоным удалося ўзнавіць форму знойдзенага на барысаўшчанскім пахаванні пласкадоннага глінянага гаршка з шасцю налепленымі валікамі ў яго верхняй частцы. Уся паверхня сасуда аздоблена арыгінальным па тэхніцы выканання і па сваім сюжэце “лапчатым” арнаментам, нанесеным палачкай з наматанай на яе вяровачкай. Сасуд эпохі бронзы такога тыпу на тэрыторыі Беларусі быў знойдзены ўпершыню. Відавочна, што старажытнае насельніцтва Глушчыны падтрымлівала сувязі з прадстаўнікамі культуры шматвалікавай керамікі, якая існавала на поўдні Украіны. Пазней гэтыя плямёны перамясціліся на Балканы і, магчыма, далі пачатак старажытнай грэчаскай цывілізацыі.

Абрад пахавання шляхам няпоўнага трупаспалення сведчыць пра складаныя рэлігійныя вераванні людзей таго часу. Галава памерлага перад пахаваннем была папярэдне аддзелена ад цела. Потым цела і частку рэчаў спалілі, а з галавой жа, відаць, рабілі нейкія магічныя дзеянні (расфарбоўванне, татуіраванне, выраб маскі для захавання памяці пра продка) і пахавалі асаблівым чынам. Між іншым, такія звычаі захоўваліся ў першабытных народаў Азіі і Афрыкі яшчэ гадоў сто-дзвесце назад.

Пасля агляду ўрочышча трэба вярнуцца да дарогі на Гарадок і ехаць у Барысаўшчыну. Вядома яна з канца XVI стагоддзя як сяло Барысавічы.

Вёскамі Барысаўшчына, Жалвінец і Крапіўна Бабруйскага павета ў XIX стагоддзі валодалі Ланеўскія-Ваўкі. Велічны склеп, у якім пахаваны Баляслаў Ігнатавіч Ланеўскі-Воўк разам з жонкай Адальфінай Восіпаўнай, знаходзіцца на вясковых могілках. Пахаванне было двойчы апаганена ў розны час, зараз уваход у склеп закладзены цэглай. Над склепам узносіцца арачнае збудаванне ў класічным стылі: строгія геаметрычныя формы і сціплы раслінны арнамент.

Пачынальнікам роду быў Мікалай Воўк, які ў 1485 годзе займаў пасаду паморскага ваяводы. Яго нашчадкі сталі звацца Ланеўскімі ад сваёй вотчыны ў Ланевічах і жылі ў Гродзенскай і Магілёўскай губернях. Па жаночай лініі да Ланеўскіх-Ваўкоў належала знакамітая пісьменніца Надзея Лохвіцкая, вядомая пад псеўданімам Тэфі. Вядомы ў літаратуры і сёстры Тэфі: Варвара, Алена і ўладальніца Пушкінскіх прэмій Марыя (Міра). У апавяданні “Залаты напарстак” Тэфі ўспамінае сваё дзяцінства і бабулю Надзею Феліцыянаўну, якая валодала маёнткам Качарычы (на тэрыторыі цяперашняга Кіраўскага раёна). Згадвае пра тое, што не так ужо і далёка жылі родзічы, да якіх яе бабуля і маці ездзілі ў госці і якіх запрашалі да сябе. Можа, гэтымі родзічамі былі Ланеўскія-Ваўкі з Барысаўшчыны?

Побач з фамільным склепам Ланеўскіх-Ваўкоў знаходзіцца пахаванне падпаручніка Міхаіла Лукоўскага, які загінуў у 1916 годзе. Яго бацькі і родзічы некаторы час жылі ў Барысаўшчыне.

Пасярод вёскі на вуліцы Цэнтральнай маецца сціплы абеліск з зоркай. Ён быў устаноўлены ў 1968 годзе ў гонар 35 жыхароў Барысаўшчыны, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Іх прозвішчы і ініцыялы пазначаны на мемарыяльнай дошцы абеліска.

У лесе, прыкладна за кіламетр на захад ад Барысаўшчыны, за 60 метраў ад шашы Глуск — Гарадок (непадалёк ад дарожнага паказальніка 49-га кіламетра), побач з лініяй электраперадачы, маецца адзінкавы курган часоў Старажытнай Русі. Насып дыяметрам каля дзесяці метраў і вышынёй трохі больш за адзін метр здзірванеў і парос дрэвамі, таму адшукаць яго даволі складана. Лепш выехаць на дарогу, знайсці паказальнік, а потым шукаць курган у лесе ў напрамку да вёскі.

Здзіўляе Барысаўшчына не толькі сваім мінулым, але і сучаснымі цудамі.

На беразе Пцічы збудаваў сабе сядзібу Эдуард Макаранка. Фантазія і майстэрства гаспадара стварылі незвычайны гаспадарчы комплекс, у якім спалучаюцца сучасныя і рарытэтныя рэчы: мэбля, жорны, аўтамабіль “Віліс” часоў Другой сусветнай вайны і шмат яшчэ чаго. Прайсці міма і не падзівіцца немагчыма, тым болей што і гаспадар дазваляе.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

Несколько инвестиционных проектов запланировано реализовать на территории Глусского района в ближайшее время

24 мая 2026
Читать новость
Общество

Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

24 мая 2026
Читать новость
Общество

От патефона до магнитофона. Коллекция аудиоаппаратуры глусчанина Альберта Волкова выставлена в районном историко-краеведческом музее

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Глуск: 1396—2026. “Перуновы стрэлы” і шэдэўры сярэднявечных рамеснікаў

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Девятиклассник гимназии Глуска Егор Лось принял участие в областном этапе республиканского юниорского лесного конкурса «Квiтней, мой лес»

23 мая 2026
Читать новость
Общество

В Могилёве завершился областной слет юных спасателей пожарных

22 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем