Темы

Пераможны май. Помніць пра ўсё

Пераможны май. Помніць пра ўсё

Год 1970-ы. Чвэрць веку прайшло пасля вайны, але ўвесь час яна нагадвала пра сябе і не давала забыцца. Прыходзілі новыя паведамленні аб загінуўшых і прапаўшых без вестак, адкрываліся ваенныя мемарыялы, а ўзнагароды знаходзілі сваіх герояў.

Узнагароды знаходзілі герояў

У першыя дні вайны Мітрафан Марціновіч, Ціхан Радзько і Аляксандр Якубенка стварылі спецыяльную групу па барацьбе з нямецкімі дэсантнікамі ў Каткаўскім сельсавеце. На дарозе “Глуск — Акцябрскі” ў першым сваім баі яны знішчылі разведку праціўніка: падбілі гранатамі танк і забілі трох матацыклістаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1941 года ўсе трое былі ўзнагароджаны, але нават не ведалі пра гэта.

Пазней яны сталі байцамі партызанскага атрада імя 25-годдзя УЛКСМ брыгады Ф. І. Паўлоўскага. Таварышы Аляксандра Якубенкі загінулі ў баях з праціўнікам, а вось яго самога ўзнагарода знайшла праз 29 гадоў. Ордэн Леніна і медаль “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені ўручыў герою Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Д. А. Лукашэвіч. “Вялікае шчасце жыць у такой краіне, як наша, Савецкая. Тут цэняць і працу, і мужнасць, не забываюць подзвігі”, — перадае словы Аляксандра Пятровіча карэспандэнт газеты

Т. Аляксандрава ў нумары ад 28 сакавіка 1970 года.

Знаходзілі ўзнагароды сваіх герояў і ў наступным, 1971 годзе. Сакратар партарганізацыі калгаса “Гвардыя” Уладзімір Фёдаравіч Мілаш за мужнасць і гераізм у баях за Кёнігсберг быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Аднак пасля цяжкага ранення яго зволілі з арміі па стане здароўя. Толькі праз 26 год баявы ордэн знайшоў свайго ўладальніка.

Жыхары вёскі Барбарова Міхаіл Мікітавіч Лугін і Андрэй Емяльянавіч Марціновіч нарэшце атрымалі медалі “За ўзяцце Кёнігсберга”. Міхаілу Лугіну ўручаны таксама медаль “За ўзяцце Берліна”. Дайшлі заслужаныя ўзнагароды і да іншых нашых пераможцаў. Медалём “За вызваленне Варшавы” ўзнагароджаны Іван Раманавіч Казачонак, медалямі “За перамогу над Германіяй” — Аляксандр Герасімавіч Юневіч і Фёдар Сцяпанавіч Алёхна.

“Мы помнім цябе, Міша”

У артыкуле “Мы помнім цябе, Міша” ад 9 мая 1970 года Т. Аляксандрава расказвае пра шаснаццацігадовага падлетка з Жалвінца Міхаіла Храпко. Калі пачалася вайна, Міша вучыўся ў адным з рамесных вучылішчаў Ленінграда. У час блакады разам з дарослымі ён прымаў удзел у абароне горада: капаў равы і будаваў загараджэнні супраць танкаў, тушыў пажары пасля бамбардзіровак. Вясной 1942 года ад голаду, знясілення і хваробы (абмарозіў ногі) хлопец памёр.

Сябры Міхаіла Храпко, былыя вучні рамеснага вучылішча, даслалі ў Глускі раённы камітэт партыі бандэроль. У сваім пісьме яны расказалі пра апошнія месяцы жыцця Мішы, а зробленую ў яго гонар невялікую мемарыяльную дошчачку прасілі прымацаваць на абеліску ў памяць аб ахвярах фашызму ў вёсцы Жалвінец.

У гонар Перамогі і ў памяць пра землякоў

У дзень 25-й гадавіны Вялікай Перамогі ў калгасах, саўгасах і на прадпрыемствах раёна прайшлі ўрачыстыя мітынгі. У шэсць гадзін вечара ветэраны і прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў Глуска на Хваставіцкіх могілках усклалі вянкі на магілы савецкіх салдат і партызан. Пасля жалобнай цырымоніі адбыўся ўрачысты сход у Хваставіцкім сельскім Доме культуры. Пра ўсё гэта даведваемся з нумароў раённай газеты.

Сход адкрыў першы сакратар райкама партыі Л. Я. Сіманаў. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць загінуўшых за Радзіму. З дакладам аб 25-годдзі Перамогі над фашысцкай Германіяй выступіў ваенкам А. Ф. Позднеў. З прамовамі звярталіся да прысутных старшыня савета ветэранаў Іосіф Міхайлавіч Кісялёў, былы начальнік штаба партызанскага атрада імя Шчорса Яфім Яўсеевіч Балоцін, сакратар РК ЛКСМБ

Д. М. Эсмантовіч. Удзельнікаў сходу віталі піянеры. Ганаровыя граматы Беларускай ваеннай акругі былі ўручаны А. П. Астапчуку, І. М. Кісялёву, У. П. Шаўчуку. Аляксей Пятровіч Астапчук быў узнагароджаны таксама Граматай рэспубліканскага савета ветэранаў вайны.

У Дзень Перамогі ў вёсцы Мыслоціна адбылося адкрыццё помніка ў памяць землякоў, якія загінулі ў гады вайны. Помнік узвялі працаўнікі калгаса “Праўда”. На ўрачыстасць сабралася некалькі соцен жыхароў Мыслоціна і суседніх вёсак. Адкрыў мітынг старшыня калгаса “Праўда” Рыгор Сцяпанавіч Лапцеў. Высокі гонар адкрыцця помніка быў давераны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Івану Парфіравічу Балута, Міну Рыгоравічу Баранаву, Івану Андрэевічу Калыбіну, Сяргею Іванавічу Пятрэню. На мітынгу выступалі старшыня райвыканкама Георгій Аляксеевіч Бачароў, ветэраны вайны, вучаніца Мыслоцінскай пачатковай школы Кацярына Кураленя.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота з газеты “Сцяг Радзімы” ад 12 мая 1970 года

Последние новости

Общество

Пераможны май. Помніць пра ўсё

8 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

МНС. Вниманию юридических лиц и индивидуальных предпринимателей, осуществляющих продажу безалкогольных напитков и соков

8 мая 2026
Читать новость
Общество

Торжественное мероприятие, посвященное Дню Государственного флага, Государственного герба и Государственного гимна Республики Беларусь, состоится 10 мая в Глуске

8 мая 2026
Читать новость
Общество

Евгений Тимофеевич Шилов — единственный в Глусском районе ветеран Великой Отечественной

8 мая 2026
Читать новость
Общество

Это история каждой нашей семьи. Завтра глусчане соберутся вместе, чтобы отпраздновать День Победы

8 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Как мошенники используют детей, чтобы украсть деньги родителей

8 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем