Кожная пятнiца — роднае, сваё. Беларуская страва з яўрэйскай гісторыяй

Сёння прыгатуем кугель — беларускую страву з яўрэйскай гісторыяй. Можа быць і такое, што кугель даўно прапісаўся на вашай кухні, толькі называеце вы яго інакш. Кугель — гэта нешта сярэдняе паміж пудынгам і запяканкай, само слова значыць “круглы”, назва паходзіць ад формы, а напаўненне можа быць самым розным. Існуюць варыянты кугелю з мясам, з крупамі, з локшынай, з гароднінай, салёныя і салодкія. Мы прапануем два рэцэпты, акурат для лета.
Варыянт першы, бульбяны
Нам спатрэбяцца: на 1 кг бульбы — 1 цыбуліна, зубок часнаку, 3 яйкі, соль і чорны перац на ваш смак, 2 ст. л. алею.
Бульбу натаркуйце на буйной тарцы, цыбулю — на дробнай, добра адцісніце лішнюю вільгаць, дадайце здробнены часнок, яйкі, соль, перац, перамяшайце. Форму для запякання змажце алеем, перакладзіце туды бульбяную масу і зверху таксама крыху пырсніце алею. Запякайце пры 180 градусах прыкладна гадзіну, да залацістай скарыначкі.

Варыянт другі, кабачковы
Вам яшчэ ніхто ў гэтым сезоне не прапанаваў кабачкоў? Усё наперадзе, кабачкі — такая гародніна, што расце пры любым надвор’і. Дык вось рэцэпт кугелю з кабачкамі.
Спатрэбяцца: малады кабачок, 2 бульбіны, 2 морквіны, 3 ст. лыжкі мукі, 3 зубкі часнаку, 3 яйкі, кроп, соль, куркума. Дарэчы, куркума была вядома на тэрыторыі Беларусі ўжо ў Сярэднявеччы, так што ў гэтым рэцэпце яна цалкам апраўдана.
Натрыце ўсю гародніну на буйной тарцы, добра адцісніце вільгаць, дабаўце дробна парэзаныя часнок і кроп, соль, куркуму, яйкі, муку і перамяшайце. Перакладзіце ў змазаную алеем форму і запякайце ў духоўцы ўсё пры тых жа 180 градусах да залацістай скарыначкі.

Дасведчаныя гаспадыні кажуць, што ў гэтай страве вельмі важна адціснуць лішнюю вільгаць з нацёртай гародніны, інакш не атрымаецца скарыначкі. Гэта адна парада. А другая: выкарыстоўваць чыгунную форму або патэльню. Яе трэба папярэдне разагрэць у духоўцы, пасля толькі змазаць алеем (можна сметанковым маслам ці таплёным тлушчам) і пакласці сумесь з гародніны, у такім выпадку яна ў момант зарумяніцца. А ўвогуле — эксперыментуйце, перарабляйце рэцэпты на свой густ, бо мы ж ведаем, што кожная гаспадыня на сваёй кухні — чараўніца. Смачна есці!