Кожная пятніца — роднае, сваё. Сёння згадаем, дзеля чаго варта наведаць Дрыбін

У другую пятніцу месяца расказваем пра цікавыя мясціны Беларусі. Сёння згадаем, дзеля чаго варта наведаць Дрыбін.
Дрыбін вядомы як край шапавалаў — майстроў, якія вырабляюць (валяюць) з шэрсці шапкі, валёнкі і іншыя рэчы. У 2009 годзе шапавальству прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. У мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі пра шапавальства вам раскажуць усё. Ёсць там і залы, прысвечаныя гісторыі раёна, яго прыродзе, побыце і г. д.
Абавязкова наведайце аграгарадок Расна, дзе знаходзяцца адразу некалькі помнікаў архітэктуры рознай ступені захаванасці.
У цэнтры аграгарадка — рэшткі касцёла Святога Казіміра, помніка архітэктуры ў стылі класіцызму, даволі рэдкага для Беларусі. Каменны будынак пабудаваны на пачатку 19 стагоддзя, падчас Вялікай Айчыннай вайны вельмі пацярпеў і болей не аднаўляўся. Паводле легенды, існаваў падземны ход ад касцёла на другі бок возера, аднак у вайну падзямелле заваліла ад узрыва боепрыпасаў.
Будынак Свята-Мікалаеўскай царквы 19 стагоддзя захаваўся да нашых дзён. У канцы 1940-х царква была пераабсталявана пад вучэбны корпус школы-інтэрната, зараз выкарыстоўваецца як гаспадарчая пабудова.
Былая сядзіба памешчыка Спыткова, помнік архітэктуры неакласіцызму з элементамі народнага драўлянага дойлідства. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў розны час тут былі шпіталь, маслазавод, школа, цяпер будынак пустуе і чакае рэканструкцыі.
А вось Свята-Троіцкая царква ў аграгарадку Чэрнеўка, пабудаваная ў 1880 годзе, захавалася ў добрым стане і зараз аднаўляецца. Расказваюць, што пры пабудове храма людзі сталі ланцужком ад Шклова да Чэрнеўкі (адлегласць каля 40 кіламетраў) і перадавалі адзін аднаму цагліны.
У адносна добрым стане таксама Свята-Пакроўская царква 1845 года ў вёсцы Кішчыцы, помнік архітэктуры з элементамі класіцызму і псеўдарускага стылю.
Ёсць на Дрыбіншчыне таксама помнікі прыроды, сярод іх — Грымячая крыніца на ўскрайку аграгарадка Расна. Мясцовыя расказваюць, што даўным-даўно тут была царква, якая з нейкай прычыны правалілася пад зямлю, а на наступны дзень нешта моцна загрымела, пачало вылятаць буйное каменне (валуны ў ваколіцах сустракаюцца і зараз) і забіла крыніца. Зараз тэрыторыя добраўпарадкавана, пабудаваны купель, альтанка, пастаўлены паклонны крыж.
Пакланіцца памяці загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны вы зможаце каля брацкіх магіл у Расна, Чэрнеўцы, Галовічах і іншых вёсках раёна, а таксама на Алеі Герояў і на брацкай магіле ў самім Дрыбіне.
Здымкі з адкрытых крыніц інтэрнэту

