Паказалі сябе ў справе. Адкрытае акцыянернае таварыства “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”


Шчырая праца — мазалёвая. Гэта здаўна прыкмецілі ў народзе. І гэтую жыццёвую мудрасць добра ведаюць і спазнаюць штодня на сваім вопыце, на сваіх руках усе, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, вырошчвае хлеб, вырабляе малако і мяса. Працэс гэты бесперапынны, аднак і ў аграрыяў ёсць час азірнуцца, запаволіць працоўны тэмп, падлічыць зробленае, ацаніць працу, людскія намаганні. Прафесійнае свята, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, — выдатная нагода для гэтага.

За дзевяць месяцаў года тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях нашага раёна склаў 127 з паловай працэнтаў; тэмп росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі перавышае 164 працэнты, прадукцыі жывёлагадоўлі выраблена на 22 мільёны 470 тысяч рублёў (у цэнах 2022 года), усе сельгасарганізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі атрымалі больш, чым летась. Вытворчасць малака склала 14 609 тон, або 139 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню, на 912 кілаграмаў павялічыўся ўдой малака на карову, рост паказчыка адзначаецца ва ўсіх гаспадарках. Выраслі сяголета ў параўнанні з мінулым рэалізацыя малака, яго таварнасць. Ёсць плюсы і ў вытворчасці прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы: атрыманыя 2040 тон адпавядаюць 285 працэнтам да мінулага года, павялічылі вытворчасць прадукцыі БРЖ усе сельгасарганізацыі раёна. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы па раёне на пачатак мінулага месяца перавысіла 17 тысяч і на 833 галавы перавысіла леташнюю колькасць.

Зразумела, атрымалася не ўсё, як планавалася, штосьці не ўдалося па аб’ектыўных прычынах (адна засуха чаго вартая!), а штосьці не выйшла з-за недаробу і недагляду людзей. Яно і зразумела: гаспадарку весці — не штанамі трэсці. Але ж свята не тая нагода, каб некага ўшчуваць, ківаць камусьці пальцам. У свята трэба падзякаваць лепшым, паціснуць руку перадавым. А яны, прафесіяналы, хто спалучае веды і ўменні, хто адказна ставіцца да справы, ёсць у кожнай гаспадарцы, на розных работах.

Так, цягам многіх гадоў добра працуе, узорна выконвае свае абавязкі, паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Іван Туміловіч. Да прыкладу, як мінімум апошнія тры гады гаспадарка з’яўляецца лідарам у раёне па нарыхтоўцы кармоў. Сяголета вытворчасць зерневых і зернебабовых культур тут склала больш за 116 працэнтаў да леташняга ўзроўню.

Не адстаюць ад агранома і іншыя хлебаробы: старшы камбайнер РАПТЗ Юрый Кажаронак на ўборцы зерневых і зернебабовых раслін намалаціў на ўмоўны камбайн 566 тон і стаў пераможцам раённага спаборніцтва. У ліку лепшых работнікаў і сямейны дуэт з райаграпрамтэхзабеспячэння Сяргей і Міхаіл Ніканенкі, аператары сушыльных установак. Разам на дапрацоўцы зерня яны працуюць другі сезон. Тут, як і ў жыцці, сын вучыцца ў бацькі, бо Ніканенка-старэйшы, Сяргей Аркадзевіч, на сушылцы ўжо гадоў 15 адпрацаваў і ўдвая больш — на гэтым прадпрыемстве. З бацькам працаваць лягчэй, кажа Міхаіл, тут і ўзаемаразуменне, і ўзаемападтрымка, адным словам — блізкія людзі. Работа і адказная, са сваёй спецыфікай, і цяжкая фізічна, таму дапамога напарніка вельмі патрэбна, пагаджаецца з сынам бацька. Хваліць іх работу і кладаўшчык Алена Туміловіч, кажа, што ёй пашанцавала з такімі работнікамі — абодва граматныя, адказныя, самастойныя (Міхаіл яшчэ і электрык па адукацыі, так што гэтыя яго веды тут таксама дарэчы). У цяперашнім сезоне Сяргей і Міхаіл Ніканенкі апрацавалі зернесушыльнай устаноўкай 2961 тону ўмоўнай колькасці зерня, зразумела, пры высокай якасці работ.

Не было апошнім часам такога года, каб імя механізатара РАПТЗ Сяргея Зімаева не гучала сярод лепшых. Таксама і зараз: на сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур Сяргей Іванавіч дабіўся сярэднядзённай выпрацоўкі на камбайн больш за 39 гектараў, і гэта самы высокі ў раёне паказчык. Добра працуюць і іншыя механізатары гаспадаркі, у ліку перадавікоў Сяргей Шчэрба, на ўнясенні арганічных угнаенняў ён выйшаў на паказчык больш за 260 тон штодзённай выпрацоўкі. На сяўбе кукурузы вылучыўся Ігар Пугачоў, у сярэднім штодня ён засяваў па 25 гектараў, і гэта адзін з лепшых вынікаў у раёне. І яшчэ цікавы факт з працоўнага жыцця райаграпрамтэхзабеспячэння: вядучым аграномам тут працуе Іван Сучкоў, працуе не першы год і справу гэту ведае, але і механізатарскай справы не цураецца. Сяголета падчас вясенне-палявых работ уносіў мінеральныя ўдабрэнні, вынік гэтай працы — 2836 гектараў, а яшчэ — падзяка і пашана за старанне. Бо не таму слава, хто на язык лёгкі, а таму, хто ў справе стойкі.
І такіх стойкіх у справе, адданых сельскагаспадарчай працы людзей у РАПТЗ дастаткова, кажа яго дырэктар Валянцін Шостак, прычым не толькі ў палях, а і на фермах, у майстэрнях, кабінетах, лічы, увесь калектыў. Кіраўнік называе імя Сяргея Змітровіча, загадчыка рамонтнай майстэрні, у арганізацыі ён працуе больш за паўвека — ці ж гэта не прыклад адданасці справе, сумленнасці і старання, вопытнасці і прафесіяналізму?! Працаваць бывае часам вельмі цяжка, бывае, не ўсё атрымліваецца, на што разлічвалі, але яны робяць сваю справу, стараюцца, і ўрэшце рэшт вынік атрымліваецца, поспех прыходзіць. Як кажуць, хто працуе, таму і шанцуе.
Т. ЛУКАШЭВІЧ