У сваёй справе асвоіўся грунтоўна. Аператар машыннага даення Дзмітрый Сітнік

Прафесію аператара машыннага даення прынята лічыць пераважна жаночай, ва ўсялякім разе ў Глускім райаграпрамтэхзабеспячэнні, як і па раёне ў цэлым, сярод даярак пераважаюць жанчыны. Таму тым больш адметным з’яўляецца прыклад Дзмітрыя Сітніка, які працуе на малочна-таварнай ферме “Глуск” РАПТЗ і абслугоўвае 53 галавы дойнага статку.
На гэту МТФ ён прыйшоў у 2015 годзе, пачынаў жывёлаводам, але хутка, праз якія пару месяцаў, стаў аператарам машыннага даення. За прайшоўшыя восем гадоў не проста асвоіўся ў прафесіі, але і ўнік у яе асаблівасці, грунтоўна іх засвоіў. Працуе сумленна, да абавязкаў ставіцца адказна, выконвае іх якасна і своечасова, гаворыць пра яго брыгадзір фермы Інеса Фядосава, за ўраўнаважаны характар, чэснасць і адэкватнае стаўленне да крытыкі Дзмітрыя паважаюць у калектыве. Дарэчы, напарнік у яго таксама мужчына, Анатоль Галамака, на дваіх яны дояць 105 кароў (такі тандэм мужчын-дояраў на адной ферме можна лічыць выключэннем). Цэніць адказнага работніка і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства — за стараннасць і за добрыя паказчыкі. У групе Дзмітрыя Сітніка з пачатку года ўдой на адну карову склаў 4086 кілаграмаў (летась быў 2951 кілаграм), а валавы надой ад каровы за дзесяць месяцаў перавысіў 212 тон малака. Гэта і значны рост у параўнанні з мінулым годам (на 62 тоны), і адзін з лепшых паказчыкаў па гаспадарцы.
Т. ЛУКАШЭВІЧ