Летась Беларусь пастаўляла малочныя прадукты ў 59 краін свету

Малочную галіну спецыялісты называюць лакаматывам аграпрамысловага комплексу краіны. І гэта небеспадстаўна. Асартымент прадукцыі малочнай галіны складае больш як дзве тысячы найменняў толькі натуральнамалочнай прадукцыі, вырабляецца каля 40 відаў масла, каля 480 найменняў сыроў. У бягучым годзе вытворчасць малочнай прадукцыі павялічваецца: па масле прырост складае амаль 20 %, па сырнай групе — каля 3 %, па натуральнамалочнай прадукцыі — больш за 11 %, таксама расце вытворчасць сухога абястлушчанага і сухога цэльнага малака, сухой сыроваткі.
Летась Беларусь пастаўляла малочныя прадукты ў 59 краін свету. Калі ўзяць усё малако, якое вырабляецца ў краіне за 100 %, то 60 % у выглядзе малочнай прадукцыі ідзе на экспарт. Калі ўзяць сыры, то паўтара-двух месяцаў работы прамысловасці дастаткова, каб забяспечыць унутраны рынак, увесь астатні час — гэта работа на знешні рынак. Сметанковага масла на экспарт пастаўляецца каля 75 % ад таго, што вырабляецца. У экспарце прадукццыі ўсяго АПК малочная галіна займае найбольшую ўдзельную вагу — каля 40 %.
Развіваецца прамысловая база для выпуску запатрабаваных малочных прадуктаў з высокім таварным коштам, для гэтага, у прыватнасці, арганізавана вытворчасць хуткарастваральнага сухога малака. Закупляецца тэхналагічнае абсталяванне па фасоўцы сметанковага масла ў дробную парцыённую ўпакоўку па 10—15 грамаў. У 2025 годзе плануецца павялічыць вытворчыя магутнасці па вырабе сыроў з блакітнай цвіллю. Таксама ў недалёкай перспектыве — рэалізацыя праекта па вырабе сыроў з белай павярхоўнай цвіллю.
Т. ЛУКАШЭВІЧ