Фестывальнае лета. Напрыканцы чэрвеня глушчане сталі ўдзельнікамі рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры малых гарадоў “Кліч над Вольсай”

Напрыканцы чэрвеня глушчане сталі ўдзельнікамі рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры малых гарадоў “Кліч над Вольсай”, ён праходзіў у Клічаве.
Як зазначыла госця фестывалю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Шутава, такія мерапрыемствы вельмі патрэбны, таму што аб’ядноўваць людзей, дапамагаюць звярнуцца да сваёй культуры, традыцый, да сваіх каранёў, адчуць сваю самабытнасць. Між іншым, кожны рэгіён Беларусі і нават адной вобласці мае свае непаўторныя адметнасці, разынкі — у традыцыйных строях, стравах, гаворцы, звычаях і абрадах. Этнафестываль у Клічаве гэта выразна пацвердзіў.
“Гарэзлівы млын” — так называўся першы этап фестывальнага дзеяння, яго ўдзельнікі выконвалі народныя песні. Глушчыну прадстаўляў народны вакальны ансамбль “Крынічанька”.
Асабліва спадабаўся гледачам этап “Кросны” — дэфіле ў народных касцюмах свайго рэгіёна. Глушчане прадэманстравалі шэсць строяў, створаных у адпаведнасці з традыцыямі менавіта нашай мясцовасці. Вядома, што ў беларускай нацыянальнай культуры няма сімвалаў без сэнсу, і колер, арнамент, спалучэнне ўзораў могуць расказаць пра чалавека цэлую гісторыю. Дэманстрацыя касцюмаў Глускага раёна суправаджалася вершаваным аповедам (аўтар Галіна Гарохава, Заеліцкі СЦКіВЧ) пра той ці іншы элемент у адзенні, а ў канцы нашы артысты перадалі гаспадарам свята глускія хлеб-соль (не ўтрымаюся і пахвалюся: супрацоўнікі рэдакцыі да выпечкі хлеба мелі прамое дачыненне).
Апошнім этапам стаў “Клічаўскі карагод”. Кожны калектыў выконваў бытавыя танцы, да прыкладу, глушчане пад жывы акампанемент прайшліся ў “Кракавяку”, “Падэспані” і “Нарэчаньцы”, а завяршылі танцавальны батл клічаўскія артысты і залучылі ўсіх у адно вялікае святочнае кола. Гэта было прыгожа, атмасферна, душэўна.
Удзельнікамі этнафестывалю “Кліч над Вольсай” былі таксама глускія рамеснікі,. Іх вырабы, безумоўна, сталі ўпрыгажэннем фестывальнага кірмашу, а для тых, хто набыў сабе глускі сувенір, — добрай памяццю пра цудоўнае мерапрыемства.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота дадзена
ЦКіВЧ “Арыён”