Мясцовыя матывы ў народным касцюме
У кастрычніку ў Магілёве праходзіў агляд-конкурс “Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі”. Дырэктар Заеліцкага Дома рамёстваў Соф’я Меснік заняла другое месца ў намінацыі “Лялька ў рэгіянальным касцюме”.
Два з паловай месяцы ішла праца па падрыхтоўцы касцюма паводле традыцыйных убранняў Глускага раёна. Каркас лялькі драўляны, абклеены льном. Адзенне сшыта ўручную, старажытным швом, для ўзору выкарыстаны вышыўка і мярэжка. Соф’я Меснік апранула ляльку ва ўбранне пачатку XX стагоддзя, яно складалася з блузкі, фартуха, андарака (спадніцы) і хустак. Каб высветліць, якім было адзенне таго часу, работнікі Дома рамёстваў правялі пэўны дослед. Напрыклад, у жыхаркі вёскі Слаўкавічы Галіны Васільеўны Падольскай ад маці захаваліся фрагмент фартуха і блузка, якая, праўда, была перароблена пад моду пасляваенных часоў, але арнаменты заставаліся ранейшымі і былі выкарыстаны для ўзору на адзенні лялькі. Пра тое, якім павінен быць андарак (спадніца, тканая шарсцянымі ніткамі, часам з дабаўленнем ільну), даведаліся ў Надзеі Мікалаеўны Прылуцкай з вёскі Сцяг.
Падрыхтоўка да конкурсу была вельмі сур’ёзная і карпатлівая. Чаго варты толькі вышываныя ўзоры і мярэжка на рукавах! Застаецца толькі ганарыцца тым, што ў нас ёсць майстры, якія адказна ставяцца да сваёй справы і да нашай агульнай мінуўшчыны.
Кацярына Сосікава
Фотаздымак прадастаўлены Соф’яй Меснік