Сапраўдныя майстры! Глускі раённы Дом рамёстваў стаў лепшым у арганізацыі работы па захаванні і развіцці культуры Магілёўскай вобласці за 2019 год сярод такіх жа ўстаноў культуры.
За сухой афіцыйнай фармулёўкай — штодзённая творчая праца, імкненне перадаць іншым людзям, малым і дарослым, тую любоў і павагу да нацыянальнай культуры, да народных рамёстваў, якая жыве ў душы кожнага з майстроў, захаваць унікальную спадчыну. Бо вядома, што ў розных рэгіёнах, нават у суседніх вёсках маглі быць адрозныя песні, строі, свае адметныя ўзоры і арнаменты… Іх, гэтыя асаблівасці, майстры адшукваюць, адраджаюць, увасабляючы ўжо ў сваёй уласнай творчасці.
У раённым Доме рамёстваў зараз працуюць чатыры ўмельцы, і кожны з іх абраў для сябе пэўнае традыцыйнае рукадзелле. Напрыклад, Соф’і Меснік, загадчыцы ўстановы, даспадобы аплікацыя саломкай, прычым з аднолькавым задавальненнем яна “малюе” і вялікія карціны-пано, і маленечкія сувеніры. Майстар-метадыст па ткацтве Наталля Грашчанка сакрэты майстэрства засвоіла таксама з малых год, ад бабулі, а цяпер з радасцю перадае іх жадаючым, у тым ліку праз майстар-класы на шматлікіх фестывалях. Майстар-метадыст Аляксей Меснік з дзяцінства дапамагаў родзічу плесці вырабы з лазы, лазапляценне ў рэшце рэшт і стала справай яго жыцця. Ва Уладзіміра Станкевіча яго шлях да бондарства таксама пачаўся яшчэ ў дзіцячыя гады, а цяпер ён адзін з нямногіх у нашай краіне, хто зрабіў гэта рамяство сваёй прафесіяй, у яго свой адмысловы почырк. Між іншым, Уладзімір Іванавіч мае званне народнага майстра Беларусі, а ўсе работнікі Дома рамёстваў з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Рамеснікі — не тыя людзі, якія могуць варыцца ў сваім саку, семінары, конкурсы, фестывалі, форумы для іх патрэбны, як дыхаць: сябе, то бок свае вырабы, паказаць, на іншых паглядзець. Майстры нашага Дома рамёстваў не выключэнне, яны пастаянныя ўдзельнікі раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных мерапрыемстваў. Калі ўзяць толькі самыя маштабныя з іх і толькі за мінулы год, усё роўна спіс атрымаецца немалы. Рэспубліканская выстава сучаснага народнага мастацтва “Калядныя ўзоры” ў студзені, Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» у маі, міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы” ў чэрвені, у ліпені нашы майстры пабывалі на купальскім свяце ў Александрыі і на “Славянскім базары” ў Віцебску, у жніўні Соф’я Меснік прадстаўляла Магілёўскую вобласць на Ягелонскім кірмашы — фестывалі традыцыйнай культуры ў польскім Любліне… Вось так яны і папулярызуюць культуру Глушчыны далёка за межамі раёна (зразумела, што ў самім раёне яны таксама і расказваюць, і паказваюць, і вучаць — былі б толькі вучні). Між іншым, і пажаданне ў майстроў ёсць: новая машына для аддзела культуры, каб больш зручна было ездзіць на ўсе мерапрыемствы. Напрыклад, у бліжэйшыя дні маршрут глускіх рамеснікаў ляжыць у накірунку шклоўскай Александрыі — там, акрамя традыцыйных майстар-класаў, Соф’я Меснік будзе прадстаўляць нацыянальны касцюм з характэрнымі толькі для Глушчыны дэталямі ў сучаснай апрацоўцы.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ