Темы

Сорак год з песняй. Таццяна Іванаўна Дубашынская

Сорак год з песняй. Таццяна Іванаўна Дубашынская
Канцэрт да 90-годдзя саўгаса “Завалочыцы”, 2012 год

Да Дня работнікаў культуры захацелася на старонках газеты расказаць пра чалавека, чыё імя шмат гадоў гучала ў раёне і за яго межамі як сінонім высокага прафесіянальнага майстэрства. Гаворка пра Таццяну Іванаўну Дубашынскую, якая, лічы, сорак год была мастацкім кіраўніком завалочыцкага калектыву мастацкай самадзейнасці. Быў час, калі ўдзельнікаў у хоры было больш за трыццаць чалавек, а сам хор грымеў на ўсю вобласць і нават далей. Увогуле, думка напісаць пра Таццяну Іванаўну з’явілася пасля размоў з некаторымі жыхарамі вёскі, якія згадваюць свайго мастацкага кіраўніка з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю.

Пабачыцца з Таццянай Іванаўнай, праўда, не атрымалася і прыйшлося абмежавацца тэлефоннай размовай. Пасля заканчэння харавога аддзялення вучылішча ў Магілёве, тады яно называлася культасветвучылішча, мая гераіня прыйшла на работу ў клуб у Сіманавічах, там і набыла першы вопыт работы з людзьмі. Праз пяць гадоў, у 1979-м, тагачасны старшыня прафкама саўгаса “Завалочыцы” Казімір Краскоўскі запрасіў яе стаць мастацкім кіраўніком саўгаснага хору. Так, клуб у Завалочыцах і адпаведна мастацкі калектыў былі саўгаснымі, прафсаюзнымі, гэта ўжо пасля яны перайшлі ў падпарадкаванне аддзела культуры.

“Казімір Аляксеевіч быў сам актыўным удзельнікам хору, ён дапамог мне сабраць людзей на першую рэпетыцыю і пасля шмат дапамагаў, — згадвае Таццяна Іванаўна. — Калектыў быў чалавек дванаццаць, паступова далучаліся новыя, і з цягам часу наш хор разросся. Мы ездзілі на конкурсы, удзельнічалі ў фестывалях у Магілёве, Горках, у раённых святах і, канешне, выступалі для сваіх аднавяскоўцаў. Рэпертуар падбіралі з народнай творчасці, твораў беларускіх і рускіх кампазітараў, былі ў нас песні і патрыятычныя, лірычныя. Інсцэніравалі абрады, напрыклад, “Сватанне ў Завалочыцах”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Купалле”. Першыя касцюмы, як памятаю, зялёныя, былі яшчэ да мяне, іх перадало шэфскае прадпрыемства з Бабруйска. Пасля ўжо пашылі новыя, калі мы рыхтаваліся да звання народнага калектыву”.

Званне народнага самадзейнага калектыву хору з Завалочыц рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было прысвоена ў 1995 годзе.

Зразумела, удзельнікі самадзейнасці, тым болей у вёсцы, усе людзі занятыя, у іх свой працоўны дзень, пасля другая змена — кароўкі, куркі, парсючкі… А рэпетыцыі не меней як два разы на тыдзень, перад канцэртамі і часцей, каб усё было дасканала, без сучка і задзірынкі. Таццяна Іванаўна кіраўніком была патрабавальным — і да сябе, і да іншых, таму і не было роўных завалочыцкаму калектыву на розных конкурсах. Тэлефонаў тады не было, нават дамашняга, і калі які форс-мажор — даводзілася мастацкаму кіраўніку ісці па хатах, папярэджваць ці перапрашаць сваіх удзельнікаў.

Іх, сваіх удзельнікаў, яна таксама згадвае з прыемнасцю і цеплынёй. Тых, хто прыйшоў у калектыў з першага дня (хор у Завалочыцах арганізавалі ў 1974 годзе) і быў, пакуль дазваляла здароўе, некаторыя не адно дзесяцігоддзе, і тых, хто далучаўся пасля. Многія, між іншым, хадзілі сем’ямі, жонка з мужам, а потым і дзеткі падрасталі ды ўліваліся ў самадзейнасць. Міхаіл Аляксандравіч і Тамара Парфір’еўна Храпко, Анастасія Кузьмінічна Афанасенка і Мікалай Філіпавіч Цыганкоў, Аляксандра Кірэеўна Кісялевіч, Алег Барысавіч Карпачоў… Імён і прозвішчаў можна называць шмат, і ўсім сваім удзельнікам, гэта Таццяна Іванаўна папрасіла напісаць абавязкова, яна ўдзячна: “За тое, што трымалі сельскую культуру на годным узроўні, што былі побач і разам са мною. Нізкі ім усім паклон”.

Добрыя словы яна адрасуе і тым, з кім разам працавала, у прыватнасці Валянціне Хлань і Таццяне Кісялевіч, абедзве харэографы і ў розны час вучылі танцам завалочыцкіх дзяцей, і з кожнай з іх у Таццяны Іванаўны было агульнае бачанне іх творчай справы, аднолькава адказны падыход.

Пра саму ж сябе Таццяна Дубашынская гаворыць сціпла, вельмі неахвотна. Таму я вырашыла даць слова тым, хто яе ведае.

Аддушынай ад паўсядзённых рабочых і дамашніх клопатаў называе той час, што наведвала хор, дырэктар Завалочыцкай школы Наталля Шылава: “Таццяна Іванаўна нас натхняла, на рэпетыцыях мы забываліся пра ўсё нядобрае і атрымлівалі асалоду. Спяшаліся на рэпетыцыі, як на другую работу, хваляваліся перад канцэртамі. І яна хвалявалася і перажывала, з кожным займалася, развучвала партыі асобна, каб у выніку атрымалася ўсё як мае быць. Для мяне наш завалочыцкі хор — гэта і ўспаміны дзяцінства, бо з першага ж дня яго ўдзельнікамі былі мае бацькі, пасля ўжо я сама, мая сястра і мая дачка хадзілі. І са школьнай самадзейнасцю Таццяна Іванаўна нам дапамагала”.

“Я не была ўдзельніцай хору, — успамінае Валянціна Жлобіч, — але я займалася ў танцавальным аб’яднанні пры клубе, а пасля была вядучай на канцэртах, таму таксама ведаю, як дзейнічаў хор, праходзілі рэпетыцыі. Да таго ж мой муж Уладзімір наведваў хор на працягу 25 гадоў. Мы, дарэчы, і пазнаёміліся ў клубе, і адносіны нашы там пачаліся. Таццяна Іванаўна вельмі добра ведала сваю работу, а яшчэ яна даражыла кожным сваім артыстам. Вось такая дэталь: кожнага яна асабіста віншавала з днём нараджэння і дарыла падарунак. Да рэпетыцый ставілася вельмі сур’ёзна, сама пісала сцэнарыі, кожнае выступленне было адшліфавана ад а да я, і, да прыкладу, на Новы год у зале не было месцаў, столькі збіралася народу, усе ведалі, што правядуць цудоўны вечар. Таццяна Іванаўна працавала з людзьмі, гэта важна. Вы ж разумееце, што такое хор? Адзін чалавек не прыйшоў — адзін голас, адна партыя выпала, і ўжо суладдзя, паўнацэннага выступлення не будзе”.

“З Таццянай Іванаўнай было цікава заўсёды, — расказала Алена Лук’янец. — Да яе ў калектыў хадзіла мая мама, я дзяўчынкай танцавала, а як пасталела, таксама стала наведваць хор. Нам, безумоўна, падабалася. Таццяна Іванаўна — спецыяліст, якіх пашукаць, яна чуе кожны гук, заўважае самую дробную недакладнасць. І пры ўсёй сваёй патрабавальнасці яна ніколі не сварылася на нас, а спакойна тлумачыла нашы памылкі і як іх выправіць”.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота з архіва рэдакцыі

Последние новости

Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Общество

Лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна выбраны

4 мая 2024
Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024
Власть

«Не просто впечатляет». Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Актуально

Более 400 кг некачественных мясных изделий и рыбы нашел Госконтроль в «Светофоре»

3 мая 2024
Актуально

Информация для владельцев собак

3 мая 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Актуально

Чтобы защитить свой урожай

2 мая 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024