Темы

Як у Глуску прайшла жнівеньская педагагічная канферэнцыя

Як у Глуску прайшла жнівеньская педагагічная канферэнцыя

У мінулую пятніцу ўжо з раніцы ў фае “Арыёна” было мнагалюдна, па-асабліваму светла і цёпла — не толькі ад ласкавага летняга  сонца, якое шчодра лілося праз панарамныя вокны, але і ад шчырых усмешак і радасных прывітанняў: настаўнікі раёна збіраліся на традыцыйную жнівеньскую педагагічную канферэнцыю. Да гэтай сустрэчы ўстановы адукацыі падрыхтавалі прыгожыя прэзентацыі. Прысвечаны яны былі адной тэме — Году беларускай жанчыны. А падыходы і напаўненне ва ўсіх розныя, бо чаго-чаго, а творчай думкі, палёту фантазіі педагогам не пазычаць: тут і фатаграфіі, і маляўнічыя альбомы, і лялькі-мотанкі, і ўпрыгажэнні ручной работы.

У зале сярод ганаровых гасцей — старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатоль Ласоцкі. Звяртаючыся да прысутных, Анатоль Міхайлавіч падкрэсліў важнасць ведаў: да кожнага вучня настаўнікі павінны данесці думку, што веды патрэбны, каб прыносіць карысць сваёй сям’і, свайму раёну, сваёй краіне. Нездарма сяголета тэма адзінага ўрока, які пройдзе ва ўсіх школах краіны 1 верасня, — “Веды сёння — сіла і росквіт Беларусі заўтра!”. Намеснік старшыні райвыканкама падзякаваў усім педагогам, выхавацелям, работнікам школ і дзіцячых садоў за тую вялікую работу, якую яны правялі, каб падрыхтаваць свае ўстановы да сустрэчы з дзецьмі. Ён выказаў упэўненасць, што 1 верасня яны ўсе адчыняць свае дзверы і стануць для нашых дзяцей камфортнай і ўтульнай прасторай, дзе будуць раскрывацца дзіцячыя здольнасці і таленты. Анатоль Ласоцкі павіншаваў педагагічную супольнасць раёна з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў моцнага здароўя і ўдзячных вучняў, вучняў, у якіх настаўнікі могуць верыць, якімі яны  могуць ганарыцца.

За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі раёна Анатоль Ласоцкі ўручыў Падзякі Глускага раённага выканаўчага камітэта настаўніцы біялогіі гімназіі Таццяне Сачэнка, маці-выхавацелю дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлане Кандрацені, кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі Міхаілу Гурыну.

Кожная педагагічная нарада ў жніўні — гэта не проста час, калі перагортваецца чарговая старонка, гэта асаблівы рубеж, калі важна аб’ектыўна ацаніць свае рэсурсы, убачыць кропкі росту і вызначыць, як эфектыўна рухацца далей. У сваім выступленні перад калегамі начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Леўчанка падвёў вынікі работы сістэмы адукацыі за 2025/2026 год. Ён адзначыўся перамогамі, дасягненнямі вучняў і настаўнікаў на прадметных алімпіядах, удалым паступленнем выпускнікоў, але паказаў і вузкія месцы, калі пры здачы экзаменаў не ўсе вучні пацвердзілі свае гадавыя школьныя адзнакі. Усё гэта паказвае тыя накірункі, па якіх варта прыбавіць, прыкласці большыя намаганні. Сілы і рэсурсы для гэтага ёсць. Аддаючы даніну павагі настаўнікам, начальнік аддзела па адукацыі адзначыў асаблівую ролю жанчын: на педагагічнай ніве раёна працуюць 250 прадстаўніц прыгожай паловы, 11 з іх — з’яўляюцца кіраўнікамі, 14 — шматдзетнымі мамамі. Аляксандр Леўчанка пажадаў настаўнікам моцнага здароўя, натхнення, творчых пошукаў і знаходак, каб работа прыносіла радасць і задавальненне, а кіраўнікам навучальных устаноў уручыў узнагароды.

За поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, развіццё матэрыяльнай базы ўстаноў Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама адзначаны дырэктар Завалочыцкай СШ Наталля Шылава, дырэктар Заеліцкай СШ Дзмітрый Махуноў, дырэктар СШ № 1 імя Сяргея Грахоўскага Людміла Маеўская, загадчыца дзіцячага сада № 4 Ірына Леўчанка, дырэктар гімназіі Сяргей Сяргееў, дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Анастасія Піліповіч, загадчыца Калаціцкага дзіцячага сада Вольга Апухоўская, дырэктар СШ № 2 імя Івана Захарэнкі Алена Слічонак, загадчыца дзіцячага сада № 3 Алена Кісялевіч, намеснік загадчыка дзіцячага сада № 1 Алена Макарава, дырэктар Цэнтра творчасці Марыя Сяргеева, дырэктар Усцярхоўскай СШ Віктар Сасноўскі.

Цёплыя і кранальныя словы калегам адрасавала старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Ахрэмчык, яна асобна звярнулася і сказала словы падзякі тым, хто працуе сёння ў дзіцячых садках і школах, чыя штодзённая работа мала прыкметная, але многа значыць, падзякавала тым, хто працаваў у ранейшыя гады і закладваў падмурак цяперашняй сістэмы адукацыі. А маладым спецыялістам параіла не баяцца цяжкасцей, не адмаўляцца ад старых методык і прыўносіць у работу новае, перадавое. “Няхай у вас усё атрымаецца!” — сказала Алена Ахрэмчык і таксама ўручыла ўзнагароды. За актыўную і плённую работу па ахове сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагароджана пярвічная прафсаюзная арганізацыя Калаціцкага дзіцячага сада. Граматы Магілёўскага абкама галіновага прафсаюза педагогаў атрымалі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі раённага сацыяльна- педагагічнага цэнтра педагог-псіхолаг Надзея Марозава, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі дзіцячага сада № 3 кіраўнік па фізвыхаванні Таццяна Коўганава. Падзяка абласнога камітэта галіновага прафсаюза ўручана настаўніцы выяўленчага мастацтва гімназіі Алене Пятровай.

Кветкі, падарункі і шчырыя апладысменты ад калег прымалі ганаровыя госці педканферэнцыі — ветэраны педагагічнай працы. Дружнымі апладысментамі зала сустракала маладых спецыялістаў, што сяголета папоўнілі рады настаўнікаў і выкладчыкаў. Гэта Дана Сушкевіч — настаўнік англійскай мовы гімназіі, Наталля Гаравікова — настаўнік пачатковых класаў Заеліцкай СШ, Мікіта Кісялевіч — настаўнік фізкультуры Усцярхоўскай СШ, Валерыя Ляпко — выхавацель дзіцячага сада № 4, Карына Красоўская — настаўнік харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў імя Валерыя Іванова, Лізавета Аксёнава — настаўнік выяўленчага мастацтва ДШМ, Міхаіл Алёхна — інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ФСК, Кірыл Грамыка — трэнер-выкладчык па баскетболе ДЮСШ.

Ні адзін самы сучасны падручнік не заменіць жывой мудрасці і шматгадовага вопыту сапраўдных майстроў сваёй справы. “Хутка 1 верасня, вы перагортваеце першую старонку свайго настаўніцкага жыцця, — сказала, звяртаючыся да маладых педагогаў, ветэран педагагічнай працы Галіна Пятроўна Шуміна. — Гэта высародная прафесія — даваць веды, адкрываць дзецям свет, выводзіць іх на шырокую дарогу жыцця. Якой будзе гэтая дарога, у многім залежыць ад вас. Не бойцеся, калі чагосьці не ведаеце, звяртайцеся да старэйшых, і вам дапамогуць, падкажуць. Будуць і памылкі, без іх не абысціся, але іх не варта баяцца, на іх трэба вучыцца. Мы верым у вас, і вы верце ў сябе!”

Прыгожыя словы, прыгожыя людзі, прыгожыя канцэртныя нумары, песенныя, музычныя, танцавальныя, кранальныя відэападборкі. Так, настаўнікі вучаць дзяцей разумнаму, добраму, вечнаму, але і самі ўмеюць здзіўляць сваімі талентамі, ствараць прыгожае. Усё гэта прадэманстравала жнівеньская педагагічная канферэнцыя. Яна быццам вывела на фінішную прамую перад 1 верасня. Гэты звычайны восеньскі дзень школы і настаўнікі ператвараюць для ўсіх нас у сапраўднае свята.

Т. ЛУКАШЭВІЧ

Фота І. ГРАМЫКІ

Последние новости

Актуально

Военная академия провела выездной день открытых дверей в Глуске

23 октября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Мобильное приложение с «сюрпризом»

23 октября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Жители Могилёвской области могут сообщить о проблемах с торговым обслуживанием на селе

23 октября 2026
Читать новость
Будь в курсе

«Водитель и пешеход, уважайте пешеходный переход!» – под таким девизом 30 октября на территории Могилёвской области пройдет Единый день безопасности дорожного движения

23 октября 2026
Читать новость
Власть

«Техника красивая, дизайн неплохой». Лукашенко оценил отечественный пассажирский транспорт

23 октября 2026
Читать новость
Образование

В Беларуси началось репетиционное тестирование

23 октября 2026
Читать новость

Рекомендуем