30 год Асноўнаму Закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Сёння, 15 сакавіка, спаўняецца 30 год Асноўнаму Закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года. У 1998 годзе Дзень Канстытуцыі быў устаноўлены як дзяржаўнае свята.
Трыццаць год па гістарычных мерках не так ужо і многа, але тут слушным будзе заўважыць, што гісторыя беларускай Канстытуцыі бярэ свой пачатак яшчэ ў 16 стагоддзі, калі на тэрыторыі, да якой адносіцца сучасная Беларусь, пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага — адна з першых канстытуцый сярэдневяковай Еўропы. Статут меў тры рэдакцыі, і гэта былі прарыўныя для таго часу дакументы, між іншым, складзеныя на беларускай мове.
Пасля развалу Савецкага Саюза і атрымання нашай краінай незалежнасці паўстала пытанне пра тое, каб распрацаваць новы галоўны дзяржаўны дакумент. Канстытуцыя 1994 года пісалася на працягу чатырох гадоў, з 1990-га, і ў гэты перыяд дзейнічала Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР — менавіта яна замацавала суверэнітэт улады, тэрыторыі і незалежнасць краіны.
За тры дзесяцігоддзі Беларусь прайшла вялікі шлях развіцця і ўсталявання свайго асабістага ўкладу. Самыя важныя пытанні выносіліся на ўсенароднае галасаванне. У дзеючую Канстытуцыю тры разы ўносіліся папраўкі: па выніках рэферэндумаў 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года і 27 лютага 2022 года.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — гэта аснова прававой сістэмы краіны, на якой базіруюцца ўсе законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў. Чалавек, яго правы і свабоды, згодна з Канстытуцыяй, з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Паміма правоў, у Асноўным Законе замацаваны і абавязкі грамадзян, у тым ліку абавязак кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выконваць законы краіны і паважаць яе дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ