Косінец: наступствы цыклону будуць аператыўна ліквідаваны
Наступствы цыклону будуць аператыўна ліквідаваны, паведаміў 13 студзеня журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Косінец.
“Усё ідзе ў штатным рэжыме, наступствы будуць у кароткі прамежак часу ліквідаваны”, – сказаў Аляксандр Косінец. Пры гэтым ён падкрэсліў, што самае галоўнае – ад стыхіі не пацярпелі людзі.
Разам з тым, паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, чакаецца сур’ёзная размова наконт памылак. “Пэўныя пазіцыі “праспалі”. Маглі б своечасова, калі было папярэджанне Гідраметцэнтра, прыняць рашэнне на месцах, падрыхтавацца як належыць і ў многім мінімізаваць і затраты, і нязручнасці для грамадзян”, – звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Наступствы моцных снегападаў найбольш сур’ёзна адчуваюцца ў сталіцы, таксама пацярпелі Мінская вобласць, асабліва поўдзень (Старыя Дарогі, Слуцк, Салігорск), Віцебск. “Мы зробім усё, каб літаральна да раніцы заўтрашняга дня аднавіць электраэнергію і забяспечыць яе падачу ва ўсе населеныя пункты”, – гарантаваў Аляксандр Косінец. На гэты момант для падачы электраэнергіі задзейнічалі больш як 1 тыс. дызель-генератараў.
У Беларусі ўжо зроблена ўсё неабходнае для функцыянавання транспарту, пуцеправодаў. Белкаапсаюз, арганізацыі спажыўкааперацыі дастаўляюць прадукты ва ўсе населеныя пункты. Паклапаціліся аб адзінокіх людзях.
Аляксандр Косінец падкрэсліў, што пільная ўвага цяпер будзе ўдзяляцца дарогам камунальнага значэння, мастам і дварам, у якіх застаецца шмат снежных заносаў. Ён заклікаў беларусаў прыняць самы актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі.
Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі напярэдадні даручыў прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову і кіраўніку Адміністрацыі Аляксандру Косінцу ўзяць на кантроль пытанні ліквідацыі наступстваў стыхіі ў краіне. У пятніцу кіраўніку дзяржавы будзе даложана аб выкананні гэтага даручэння.