Темы

95-гадовы юбілей адзначыла Анастасія Мартынаўна Лісіца

95-гадовы юбілей адзначыла Анастасія Мартынаўна Лісіца

Чалавек працы. Гэтыя словы, мабыць, як ніякія іншыя, падыходзяць менавіта да ее, Анастасіі Мартынаўцы Лісіцы. Днямі мы з ёю сустрэліся з вельмі добрай нагоды: 9 ліпеня яна адзначыла 95-гадовы юбілей! Гэткая дата не кожнаму даецца, і не кожны з ёю справіцца, ды яшчэ застаючыся ў добрай памяці, цвярозым розуме і на сваіх нагах. Анастасія Мартынаўна змагла, справілася, засталася актыўнай, выглядае бадзёрай, цалкам і поўнасцю сябе абслугоўвае, толькі дзве апошнія зімы правяла ў дачкі Рыты ў горадзе. А між тым жыццё яе не песціла. Вясковая дзяўчынка (родам з вёскі Заполле Завалочыцкага сельсавета), што такое сіроцкая доля, спазнала з 9 гадоў, застаўшыся без бацькі, а практычна і без маці, бо тая пасля гібелі мужа цяжка захварэла і не магла весці дом і гаспадарку. Выжывалі з братам, як маглі (ён старэйшы на тры гады), глядзелі і сябе, і маму. Яшчэ цяжэй стала, як пачалася вайна, вось калі гора хапіла: страх, голад, холад, у хаце вада замярзала, дроў не было, бачылі, як гараць суседнія вёскі Паршчаха, Тоўсты Лес. Усяго нацярпеліся.

“Цяпер дзецям шмат пра вайну расказваюць, каб ведалі, каб памяталі, — гаворыць Анастасія Мартынаўна. — Гэта правільна. Так і трэба. Пра вайну нельга забываць, і дапусціць вайны нельга. Не дай бог каму такое перажыць, як некалі перажылі мы, дзеці вайны”.

Калі немцаў прагналі, дык, вядома, ўсе радаваліся, але ж жылося ўсё роўна цяжка. У чацвёрты клас у Завалочыцы хадзіла ў лапцях, летам у калгасе працавала, зарабіла трохі грошай і купіла сабе бахілы, у іх і пайшла ў Гарадоцкую школу ў пяты клас, успамінае Анастасія Мартынаўна. Як ні было цяжка, але ж вучобу кідаць не хацела, хацела чагосьці дабіцца ў жыцці. Таму пасля заканчэння сваёй вясковай школы паехала ў Лошыцы, там была школа плодаагародніцтва, навучэнцам давалі інтэрнат. Вывучылася і дадому прыехала ўжо аграномам. З першай зарплаты купіла сабе веласіпед, бо трэба было шмат перамяшчацца з поля на поле, на яе ўчастку былі два калгасы, імя Сталіна і “15 год Кастрычніка”, — веласіпед якраз і выручаў. Працавала так амаль шэсць гадоў, за гэты час адвучылася ў вячэрняй школе, завочна скончыла тэхнікум у Мар’інай Горцы, замуж выйшла, дачку нарадзіла, пайшла ў дэкрэт.

“Да вучобы заўсёды цягнулася, а працы ніколі не баялася, — гаворыць юбілярша. — Калі хочаш чагосьці дабіцца, трэба старацца, працаваць, вучыцца, як бы цяжка ні было. Я потым, у 1961 годзе, і ў інстытут паступіла, народна-гаспадарчы, на сесіі цяжарная ездзіла і з грудным дзіцём. Да гэтага часу, з 1958 года, я ўжо працавала ў планавай камісіі райвыканкама. Калі раён расфарміравалі, я было хацела інстытут кінуць, але сяброўкі адгаварылі, і добра, што не кінула. Калі раён аднавілі, мяне зноў у райвыканкам узялі, была эканамістам у планавай камісіі, а потым і ўзначальвала яе да 1981 года. У агульнай колькасці ў райвыканкаме  без пяці месяцаў 20 гадоў працавала. Потым пайшла ў райпо”.

У райпо Анастасія Мартынаўна была дырэктарам Клятнянскай гандлёвай зоны. Вось што яна расказвае пра гэты перыяд сваёй работы: “Усяго па раёне было чатыры такія зоны, іх узначальвалі Атлас, Шылаў, Якубенка і я. Работы было шмат, мая зона была самая вялікая, у ёй размяшчаліся 38 магазінаў, яны былі амаль у кожным сяле, дзе магазін, дзе ларок, а ўсяго па раёне больш за сотню было такіх гандлёвых кропак. Тэхнікі не хапала, тавары на конях вазілі. Мне далі веласіпед, дык я на ім магазіны аб’язджала, нават каўбасу на веласіпедзе развозіла. Трэба было і муку, і камбікорм прывезці з Ратміравіч, з Бабруйска, і грузіла сама, і разгружала машыны, колькі папацягала ўсяго, аднаму Богу вядома. Сварыліся, ледзь не біліся за кожную скрынку рыбы, піва, гарэлкі. Працаваць было вельмі цяжка, а да работы я адносілася з душой, вельмі адказна, дзень і ноч жыла работай, перажывала за ўсё, таму літаральна на пальцах лічыла дні да пенсіі і, як толькі прыйшоў час, адразу ж пайшла на заслужаны адпачынак. Было гэта ў 1986 годзе”.

Праўда, доўга дома сядзець не давялося: праз нейкі час яе зноў паклікалі ў райпо — пайшла, была экспедытарам, бухгалтарам, эканамістам, загадвала складам, працавала да 1992 года.

А яшчэ, ведаючы актыўную жыццёвую пазіцыю і адказнае стаўленне да любой справы, Анастасію Мартынаўну ў 1987 годзе выбралі старшынёй ветэранскай арганізацыі райпо, гэтыя абавязкі яна выконвала 28 гадоў(!). Арганізацыя была вялікая, больш за 300 ветэранаў, працавала актыўна, за што яе старшыню неаднаразова адзначалі рознымі ўзнагародамі. У Глуску яе многія ведаюць: скажы “Мартынаўна” — і людзі старэйшага пакалення адразу зразумеюць, пра каго ідзе гаворка.

За свой доўгі век яна шмат што перанесла, шмат што пабачыла ў жыцці, можа ацаніць і параўнаць ранейшае і цяперашняе. Пра вайну і першыя пасляваенныя гады і казаць няма чаго: страшна і цяжка было. Потым ужо жыццё наладзілася, значна палягчэла, і прыбірацца маглі, і не галадалі, але ж хапала не ўсяго, была пара дэфіцыту, па каўбасу ў Мінск ездзілі, і іншых тавараў не ставала, не ўсё можна было купіць. “У наш час усё ёсць, чаго толькі хочаш, — разважае далей Анастасія Мартынаўна. — Старым плацяць пенсію, маладзейшым — працуй, толькі не лянуйся, і на ўсё сабе заробіш. Але ж распуста пайшла, некаторыя не працуюць, бадзяюцца без работы, п’юць ды крадуць, а раней нельга было, каб чалавек не працаваў. Для мяне праца — гэта ўсё, гэта аддушына ў жыцці, была прага да працы, калі я стамлялася ад работы, то адчувала задавальненне. Таму і моладзі даю параду: не чакаць, што нехта нешта дасць, ні на кога не спадзявацца, а працаваць, самім упарта дабівацца ўсяго, не баяцца цяжкасцей, любіць працу. Тады ўсё будзе”.  

Дзевяностапяцігоддзе — не круглая дата, але ж юбілей, ды яшчэ які! Мы зычым Анастасіі Мартынаўне яшчэ доўга заставацца па-ранейшаму актыўнай і бадзёрай, захоўваць здароўе, адчуваць асалоду ад жыцця і радавацца кожнаму дню. А сядзець склаўшы рукі яна і так не будзе!

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

В Глусском районе сегодня работал депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Олег Дьяченко

21 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

МНС. О ПРЕДОТВРАЩЕНИИ ФАКТОВ ВЫПЛАТЫ ЗАРАБОТНОЙ ПЛАТЫ «В КОНВЕРТАХ»

21 сентября 2026
Читать новость
Образование

Изучение учебных предметов на повышенном уровне в 2025/2026 учебном году было организовано в 5 учреждениях общего среднего образования Глусского района

21 сентября 2026
Читать новость
Власть

Александр Лукашенко принял с докладом председателя Государственного таможенного комитета Владимира Орловского

21 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

КГК Могилёвской области 22 сентября проведет горячую линию по подготовке к отопительному сезону

21 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Что такое онкомаркеры и зачем они нужны

20 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем