Пераможны май. Праз 25 год пасля вайны

“У магазіне № 6 вучань 5 класа Глускай СШ № 1 Толя Гапановіч знайшоў грошы. Той, хто іх згубіў, можа звярнуцца па адрасу: г. п. Глуск, вул. Нова-Бальнічная, 4”. Такая кароткая нататка была змешчана на апошняй старонцы нумара раённай газеты “Сцяг Радзімы” ад 16 мая 1970 года.
У гэтым жа нумары яшчэ некалькі аб’яў. Напрыклад, пра тое, што ПМК-61 патрабуюцца работнікі: муляры, цесляры, тынкоўшчыкі, арматуршчыкі і іншыя. Сямідзясятыя — час актыўнай забудовы Глуска і сяла, і будаўнікі былі вельмі патрэбны. Таму ў аб’яве падрабязна распісаны ўсе прывабныя бакі працы ў ПМК-61. За перасоўны характар работы абяцалі 30 працэнтаў надбаўкі да зарплаты, перадавых рабочых накіроўвалі ў інстытуты і тэхнікумы за лік прадпрыемства, таксама абвяшчалася, што ПМК будуе для сваіх рабочых 24-кватэрны дом і інтэрнат на 300 месцаў, на працягу года ўсе рабочыя будуць забяспечаны жылплошчай. Моладзь, можа, не, а сталыя глушчане ведаюць, што сённяшні арэндны дом на Кірава, 59, — гэта і ёсць былы інтэрнат будаўнікоў. Пабудаваны ў пачатку сямідзясятых, ён доўга служыў па сваім прызначэнні, а пасля больш за дзесяць год стаяў закансерваваным, пакуль будынак не адрамантавалі і не ўдыхнулі ў яго новае жыццё.
А вось такая аб’ява была змешчана 26 мая: глушчан запрашалі на канцэрт эстрадна-музыкальнага ансамбля “Цыганскае рэвю” пры ўдзеле заслужаных артыстаў рэспублікі Леаніда Духава і Васіля Каршова. Аб’яву давала Белдзяржфілармонія, канцэрт меўся адбыцца ў Хваставіцкім СДК, пачатак — у 21 гадзіну! Нязвыкла для сённяшняга часу, пагадзіцеся. Цікава, што кошт білетаў не быў указаны, затое паведамлялася, што яны прадаюцца штодзённа з 16 гадзін і што прымаюцца калектыўныя заяўкі па тэлефоне 2-52. Вось так проста: 2-52!
Пад рубрыкай “Хроніка добрых спраў” у нумары ад 19 мая расказваецца пра грамадскія справы школьнікаў-піянераў. Так, вучні Гарадоцкай СШ удзельнічалі ў зборы каменняў з саўгасных палёў і ачысцілі такім чынам 20 гектараў, расказвае М. Гардзіенка. Піянеры Каткаўскай сярэдняй школы пасадзілі больш як 300 дрэў каля будучага (яшчэ ішло будаўніцтва) мясцовага Дома культуры; кожны з вучняў абавязаўся даглядаць па тры пасаджаныя дрэвы, паведамляе піянерважатая Э. Ціхановіч. А піянеры Завалочыцкай СШ сабралі больш за дзесяць тон металалому (пры плане 5 тон). Найбольшую актыўнасць праявілі пяцікласнікі Іра Буйчык і Валя Герман, шасцікласнік Коля Цыганкоў, расказваецца ў нататцы “Металалом — мартэнам”, аўтар Г. Івашкевіч.
У апошнім майскім нумары — цікавая заметка, прысвечаная 10-годдзю музычнай школы. Тагачасны кіраўнік Галіна Былінская ўспамінае 1960 год, год адкрыцця школы, і першыя цяжкасці: “Галоўная з іх: недахоп кадраў. На 56 вучняў усяго тры выкладчыкі… Іменна пагэтаму ў школе існавала тады ўсяго два аддзяленні: баяна і фартэпіяна. Але першыя выкладчыкі Наталля Мікалаеўна Цімафеева, Саул Львовіч Каплун рабілі ўсё магчымае, каб першае знаёмства дзяцей з музыкай было прыемным і па-святочнаму радасным…” Згадвае аўтар нататкі і хвалюючы 1965 год, год першага выпуску, пералічвае імёны тых выхаванцаў школы, якія вырашылі звязаць з музыкай сваё жыццё: у Мінскае музычнае вучылішча паступілі Мікалай Асмыковіч і Соф’я Гельфер, у Віцебскае — Галіна Сталбцова, у Гродзенскае — Валерый Іваноў. “Зараз апошні займаецца на кампазітарскім аддзяленні Мінскай кансерваторыі і ўжо выступіў з некалькімі канцэртамі”, — дадае Галіна Былінская.
Сямідзясятыя, як ужо зазначалася, — гэта перыяд актыўнага будаўніцтва. У артыкуле “Воды Пцічы будуць чыстымі” гаворка ідзе пра будаўніцтва маслазавода ў Глуску, аднаго з буйнейшых на той час у рэспубліцы: “…будзе вырабляць у суткі 40 тон масла, або ў чатыры разы больш, чым цяперашні”. Дык вось, апрача іншага, узводзіўся і комплекс ачышчальных пабудоў. “На старым прадпрыемстве неачышчаныя адыходы сцякаюць у канаву, якая непасрэдна звязана з ракой Пціч, чым наносіцца немалая шкода не толькі рыбным запасам ракі, але і тым, хто хоча адпачыць на яе беразе. Гэта і паставіла перад будаўнікамі задачу ачысткі сцёкавай вады”, — паведамляе аўтар Л. Дзмітрыеў.
Чалавек працоўны заўсёды быў у цэнтры ўвагі раённых журналістаў.
Пра поспехі паведамляецца, лічы, у кожным нумары, называюцца прозвішчы, калектывы, узнагароды. Напрыклад, у першамайскім нумары змешчаны партрэты перадавікоў перадмайскага спаборніцтва. Гэта швачка-матарыстка быткамбіната Валянціна Іванаўна Юркевіч, токар райаб’яднання “Сельгастэхніка” Фёдар Міхайлавіч Кочараў, даярка саўгаса “Глускі” Варвара Данілаўна Давыдоўская, даглядчык жывёлы калгаса “Праўда” Пётр Канстанцінавіч Навічонак.
У нумары за 26 мая цэлая старонка пад рубрыкай “Даў слова — стрымай яго!” была прысвечана калгасу імя Калініна. Свінаркі Антаніна Васільеўна Тупіца, Ганна Яфімаўна Долбік, Надзежда Басякова, Ніна Шарамет, даглядчыкі буйной рагатай жывёлы Еўдакія Сямёнаўна Марціновіч, Кацярына Валодзька, Іван Іосіфавіч Лазарэвіч, Леанід Міхайлавіч Лугін, Уладзімір Данілавіч Марціновіч, даяркі Валянціна Аляксееўна Марціновіч — пералічваюцца імёны лепшых працаўнікоў.

А вось 21 мая ў газеце змешчана нататка “Чыя вёска прыгажэй?”. З яе мы даведваемся, што ў Клятнянскім сельскім Савеце стала традыцыяй кожны год праводзіць конкурс на лепшыя па санітарным стане населены пункт і калгасны двор. Дык вось, за 1969 год сярод населеных пунктаў лепшай стала “вёска Баянава, шостая брыгада калгаса “Радзіма”, якую ўзначальвае камуніст Надзежда Якаўлеўна Радзько”, а сярод калгасных двароў — двор Васіля Аляксеевіча Янкоўскага, свінара калгаса, жыхара вёскі Клетнае.
Безумоўна, друкаваліся ў майскіх нумарах матэрыялы, прымеркаваныя да Дня Перамогі. Напрыклад, мы даведваемся, што групе ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў райкаме КПБ былі ўручаны юбілейныя медалі “50 год Узброеных Сіл СССР”, змешчана і фатаграфія былых партызан. А ў вёсцы Заполле саўгаса “Завалочыцы” ў маі 1970-га адкрылі помнік ахвярам вайны. Адкрыў мітынг брыгадзір брыгады Заполле Мікалай Мікалайчык, а рабочыя саўгаса, былыя воіны Мікалай Шардыка, Іван Шымчык, Іларыён Шардыка і іншыя “расказалі аб жыцці загінуўшых аднавяскоўцаў, з якімі разам дзялілі нялёгкі салдацкі лёс у час вайны”, паведамляе М. Жураўскі ў нумары ад 21 мая.
Такім рознабаковым і насычаным на розныя, вялікія і малыя, падзеі выдаўся для глушчан май 1970 года. Акрыяўшы ад фашысцкай навалы, праз дваццаць пяць год пасля вайны нашы землякі працягвалі будаваць мірнае жыццё. Што было ў наступным маі? Пагартаем старонкі газеты і раскажам у чарговым выпуску праекта “Пераможны май”.
Падшыўку гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ