Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

Працяг. Папярэдняя частка — у № 79
№ 54, 20 ліпеня 1994 года
“Каля месяца працягваўся 20-ты чэмпіянат раёна па футболу, у якім удзельнічалі каманды калгасаў, прадпрыемстваў, арганізацый. Праўда, атрымаўся ён не такім прадстаўнічым, як летась. Галоўная прычына тут — фінансавыя цяжкасці, скарачэнне інструктараў па спорту…” (Чэмпіянат называе пераможцаў)
№ 55, 23 ліпеня
“Не, да аддзела сацыяльнага абеспячэння ніякіх прэтэнзій няма… Яны адрасаваны часткова да раённага вузла сувязі. Цяжка сказаць, чыя тут віна, але аператыўнасцю работнікі яго, на жаль, не адрозніваюцца… Зразумела, нялёгка пенсіянеру са стажам прастаяць тут з 9 гадзін раніцы да 2—3 гадзін дня. Бываюць нават выпадкі непрытомнасці ў наведвальнікаў…
Калі, напрыклад, чалавеку прызначана пенсія на 5 ліпеня, то ён упэўнены, што так тое і будзе. Недаравальны аптымізм. Хіба не здаралася так, што не атрымліваў паложанага яму, паколькі іх паспявалі “перахапіць” тыя, каму згодна графіку патрэбна было б прыйсці сюды на некалькі дзён пазней. Мо якія добра знаёмыя, сваякі, суседзі… Таму некаторыя ідуць на тое, каб уставаць ноччу, прыходзіць на пошту, каб запісацца ў нейкія спісы (прыдумаў жа нехта…). Ды і самі пенсіянеры часта бываюць прычынай неарганізаванасці. І перш за ўсё тыя, хто несваечасова прыходзяць для атрымання пенсіі. Бывала, прыйдзеш, скажам, 12 чысла, як і паложана, а табе гавораць: даць не можам, бо яшчэ не атрымалі тыя, каму трэба было з 7 па 11 атрымліваць.
А калі цікавішся ў людзей, дзе яны раней былі, то пачуеш, што нехта на рыбалцы, нехта ў ягадах, гасцях, нехта проста забыў ці паленаваўся…” (Як атрымаць пенсію?)
“Статыстыка ўлічвае ўсё. А яна сведчыць, што ў першым паўгоддзі ў раёне адбылося пяць дарожна-транспартных здарэнняў, пры якіх чатыры чалавекі загінулі і пяць атрымалі цялесныя пашкоджанні. Выяўлены 1385 парушальнікаў аўтатранспартнай дысцыпліны, з іх 86 знаходзіліся ў нецвярозым стане…” (Статыстыка ведае ўсё)
№ 57, 30 ліпеня
“Запэўніванні былога ўрада рэспублікі, што ў ліпені зарплата павысіцца, а цэны застануцца ранейшымі, не спраўдзіліся. Спачатку ў тры разы даражэй стала гарэлка белая, потым павысіліся цэны на шклотару.
У першым выпадку дарагавізна “гарачага” пітва тлумачылася неабходнасцю ўтрымаць цэны на малако і малочнакіслую прадукцыю, у другім — адсутнасцю тары для разліву. І вось новае павышэнне цэн. На гэты раз на праезд у міжгародніх аўтобусах… Транспартнікі тлумачаць павышэнне платы за праезд ростам цаны на бензін… і неабходнасцю павышэння ўласнай заработнай платы”. (Не ўстаялі)
№ 58, 3 жніўня
“І вось з 28 ліпеня ўзраслі рознічныя цэны на мяса і мясапрадукты: свініна — на 86 працэнтаў, ялавічына — больш чым напалову і на 65 працэнтаў — каўбасныя вырабы… Рознічныя цэны на малако, малочную прадукцыю, хлеб і хлебабулачныя вырабы пакуль што застаюцца ранейшымі”. (…І на мяса таксама)
“Ніколі яшчэ не назіралася такой колькасці крадзяжоў гаруча-змазачных матэрыялаў, мінералкі, ядахімікатаў, жывёлы, каляровых металаў, прадуктаў харчавання.
І тут не толькі сацыяльна-эканамічныя прычыны, а і прамая безадказнасць пасадавых асоб, нізкая працоўная дысцыпліна, адсутнасць належнага бухгалтарскага ўліку… Інакш чаму за паўгода здзейснена 13 крадзяжоў з магазінаў?.. Прычым ніводны пры гэтым не ахоўваўся вартаўнікамі. <…> Па стану на 1 ліпеня ў наркалагічным кабінеце на ўліку састаіць 333 чалавекі, у тым ліку 256 хранічных алкаголікаў з сяла, 27 жанчын. <…> За 6 месяцаў гэтага года ў раённым цэнтры занятасці пастаўлены на ўлік 121 чалавек, з іх 54 — людзі ва ўзросце да 25 год. Толькі кожны трэці з маладых людзей працаўладкаваны…” (Задача дыктуе падыходы)
№ 61, 13 жніўня
“За ліпень усе пенсіянеры раёна пенсію атрымалі. У жніўні затрымка адбылася з-за адсутнасці грошай, якія павінны былі паступіць нам з Пенсійнага фонда. Там іх таксама не хапае пакуль, бо стаяць многія буйныя прадпрыемствы і пералічэнні ў Пенсійны фонд затрымліваюцца”. (Пенсіі не будзе?)
№ 62, 17 жніўня
“Услед за падаражаннем хлеба і хлебабулачных вырабаў, малака і малочнакіслай прадукцыі аб’яўлена аб павышэнні квартплаты і павелічэнні тарыфаў за карыстанне электраэнергіяй, ацяпленнем і іншымі камунальнымі паслугамі… Такім чынам, плата за кватэру і ацяпленне ўзрасла ў 5 разоў, за водаправод і каналізацыю ў 4 разы, электраэнергію і газ для бытавых патрэб — у 2 разы…” (Гонка працягваецца)
“Як бачна, напярэдадні 1 верасня сем’і, дзе ёсць школьнікі, не абыдуцца без нерватропкі.
Як высветлілася, у раёне складваецца напружаная абстаноўка з забеспячэннем школьнымі сшыткамі.
Іх паступіла ў продаж пакуль што недастаткова. Работнікі магазіна культтавараў, што ў Глуску, маюць намер рэалізоўваць сшыткі па спісах школ у абмежаванай колькасці — па 10 штук на вучня…” (У школу без сшыткаў?)
№ 63, 20 жніўня
“Прыўзнята планка над цэнамі на тавары, якія да апошняга часу ўсяляк ахоўваліся ад падаражання: уведзены свабодныя цэны на хлеб і малако і, натуральна, на ўсе вырабы з іх. Аргументы для гэтага даволі важкія: хіба нармальна, што хлеб ці малако каштуюць значна менш, чым тая ж бутэлька мінеральнай вады? Каб хоць неяк зменшыць стрэс ад новых цэн, уводзяцца меры па аказанню фінансавай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян…” (Кампенсацыі: колькі, каму і дзе)
№ 65, 27 жніўня
“Значнае павышэнне цэн на хлеб сур’ёзна заклапоціла сельскіх жыхароў: ні для каго не сакрэт, што ў апошні час хлеб у вялікай колькасці выкарыстоўваўся на корм жывёле, бо быў значна танней камбікорму… Як будуць жыхары раёна забяспечвацца камбікармамі? На гэтыя пытанні адказвае загадчыца гандлю райспажыўсаюза:
— Нашаму раёну на другое паўгоддзе выдзелена 294 тоны камбікармоў. Улічваючы, што па даных аддзела статыстыкі ў раёне ўтрымліваецца ў прыватным сектары 6598 умоўных галоў жывёлы… лічба гэта даволі сціплая… Таму продаж яго [камбікорму] будзе ажыццяўляцца толькі па спісках, якія сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў прадставяць у гандлёвыя кропкі. Такое рашэнне прынята нядаўна выканкомам райсавета і ўстаноўлена норма водпуску — 9 кілаграмаў на адну ўмоўную галаву жывёлы…” (Трэба неяк зводзіць канцы з канцамі)
“Да новага навучальнага года школьныя ўстановы ў асноўным гатовы. Паўсюдна зроблен касметычны рамонт, а ў асобных з іх, нягледзячы на недахоп грашовых сродкаў, выкананы значна большы аб’ём работ…” (Пытанняў больш, чым адказаў на іх)
Працяг будзе
Падшыўку гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ