Шматдзетным мамам з Глуска і іх нованароджаным дзеткам падарылі распашонкі-абярэгі з нацыянальным арнаментам
Шматдзетным мамам з Глуска і іх нованароджаным дзеткам падарылі распашонкі-абярэгі з нацыянальным арнаментам. Сімвалічныя падарункі напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь матулям уручыла першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава і валанцёры руху “Добрае сэрца”. Так моладзь адзначыла Дзень вышыванкі і прымеркавала да свята акцыю “Падары немаўляці вышыванку”. Вопратка з беларускім арнаментам, перададзеным нам продкамі, упэўнены актывісты саюза моладзі, будзе з самага нараджэння аберагаць маленькіх жыхароў, прынясе ім поспех і шчасце.
Падарункі атрымалі Марына Сулімава і Надзея Лісіца. Валанцёры павіншавалі мам з радаснай падзеяй у іх жыцці — нараджэннем трэцяга дзіцяці, а таксама з надыходзячым святам краіны, пажадалі ўсім здароўя і сямейнага дабрабыту. Дарэчы, матулі прызналіся пасля, што для іх такая ўвага — прыемная нечаканасць. Яны дзякавалі за падарункі, якія спатрэбяцца ім у бліжэйшы час і якія яны абавязкова зберагуць на добрую памяць.
Г. АЎТУХОВА
Фота аўтара