Кожная пятніца — роднае, сваё. Сёння згадаем, дзеля чаго варта наведаць Кіраўскі раён

У другую пятніцу месяца расказваем пра цікавыя турыстычныя мясціны і сёння згадаем, дзеля
чаго варта наведаць Кіраўскі раён.
Палацава-паркавы комплекс у Жылічах, помнік архітэктуры 18—19 стагоддзяў, у свой час быў сярод самых вядомых і шыкоўных рэзідэнцый нараўне з комплексамі ў Нясвіжы і Міры. Пачатая некалькі гадоў назад рэстаўрацыя вярнула Жыліцкаму палацу былую славу. І сапраўды, там ёсць што паглядзець і пра што паслухаць. Адна толькі столь у пакоях заслугоўвае асобнай увагі — яе можна разглядаць гадзінамі. А калі зберацеся ехаць у Жылічы восенню, прымяркуйце да “Вераснёўскага фэсту”, які, дарэчы, адбудзецца 26 верасня. Не пашкадуеце!
Не абмініце аграгародак Мышкавічы. Архітэктурная забудова Мышкавіч у савецкі час лічылася ўзорнай. Між іншым, мясцовы дзіцячы сад у 1987 годзе быў адзначаны на Усесаюзным аглядзе лепшых архітэктурных рашэнняў, а ў Мышкавіцкім сельскім Доме культуры ёсць нават свой зімовы сад. Таксама звяртаюць на сябе ўвагу гадзіннікавая вежа (на здымку), храм Святой Тройцы, помнік К. Арлоўскаму, манумен-тальны мемарыял Славы.
У вёсцы Боркі знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”.
У Борках летам 1942 года фашысты расстралялі і спалілі 1800 чалавек. Цяпер гэта месца памяці.
У самім Кіраўску наведайце гарадскі парк, там ёсць цікавыя лакацыі.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ