Віншаванне біскупа Аляксандра Яшэўскага на Вялікдзень

Дарагія Браты і Сёстры!
У гэтыя святочныя дні, калі мы праслаўляем Хрыстовае Уваскрасенне — Пасху, скіроўваю сардэчныя віншаванні натхнёнымі і нязменна вялікімі словамі пасхальнай радасці:
Хрыстос Уваскрос!
Няма ў чалавечай мове слоў больш жыватворных і цудадзейных, як гэтыя два словы. У гэтых словах і пераможная вестка, і заклік да радасці, і прывітанне любові, і пажаданне міру, і знак Божай Міласэрнасці да чалавечага роду.
Перажываючы гэты найсвяцейшы час нашага адкуплення і радуючыся неспасцігальнай любові Збаўцы да ўсяго чалавецтва, складаю Вам шчырыя і найлепшыя пажаданні. Няхай Уваскрослы Хрыстус адорвае моцным здароўем, радасцю і сілай, каб прымаць кожны дзень новыя заданні і выклікі. Няхай умацоўвае веру, надзею і любоў, якіх так моцна патрабуе сучасны свет. Няхай, нарэшце, знак пустога гроба напаўняе супакоем і ўпэўненасцю, што менавіта Богу належыць канчатковая перамога над смерцю і цемрай зла, а Яго Міласэрнасць не мае межаў.
ХрыстУс уваскрос! Сапраўды Ўваскрос! Аллелюя!
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі