Як на Глушчыне прайшоў рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”

Той, хто быў, той бачыў сам, а хто не быў, таму не перадаць словамі ні той весялосці, ні прыўзнятасці, ні таго натхнення і высокай творчай хвалі, на якой прайшоў у Глуску чатырнаццаты рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”.
Пачаўся ён святочным шэсцем удзельнікаў і гасцей па галоўнай вуліцы райцэнтра — мнагалюдным, прыгожым, відовішчным, радасным. Было адчуванне, што наш гарадскі пасёлак ператварыўся ў адну вялікую дружную сям’ю. Фестываль стаў добрай традыцыяй, сапраўдным святам душы, сказаў у сваім прывітальным слове старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў. Ён падкрэсліў:
“Калі мы бачым, як на гэтай сцэне выступаюць цэлыя дынастыі, як дзядулі і бабулі падтрымліваюць унукаў, мы разумеем: пакуль жывая і моцная беларуская сям’я, пакуль у нашых дамах пануюць згода і ўзаемаразуменне, — наша краіна будзе моцнай і квітнеючай”.

Кіраўнік раёна падзякаваў усім, хто беражэ свае сямейныя традыцыі, хто знаходзіць час для творчасці і дзеліцца сваім цяплом з іншымі. Сем’ям-канкурсантам ён пажадаў натхнення і яркіх выступленняў, а гледачам — незабыўных эмоцый. Так усё і атрымалася. Нават надвор’е спрыяла: дзень выдаўся хоць і ветраны, але сонечны.
Ад дэпутацкага корпусу краіны, ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь удзельнікаў і гасцей фестывальнага свята прывітаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Алег Дзячэнка.

Удзельнікамі чатырнаццатага рэгіянальнага фестывалю сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў” у Глуску сталі 33 сямейныя калектывы, болей за 100 чалавек з 13 гарадоў і раённых цэнтраў трох абласцей — Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай: Бабруйска і Бабруйскага раёна, Клічава і Клічаўскага раёна, з горада Жлобіна, з Магілёўскага, Кіраўскага, Асіповіцкага, Чавускага, Любанскага, Старадарожскага, Акцябрскага раёнаў Зразумела, былі сярод удзельнікаў фестывалю і самі глушчане — 15 творчых сямейных калектываў.



Конкурсная праграма праводзілася ў трох намінацыях: “Рукатворны цуд” (асобна дэкаратыўна-прыкладное і асобна выяўленчае мастацтва) — 22 удзельнікі, “Крыніцы творчасці” (музычна-песеннае мастацтва) — 14 удзельнікаў, “З пакалення ў пакаленне” (прадстаўленне каравая або ручніка) — 7 удзельнікаў.
Абмежаванняў па ўдзелу ў намінацыях не было, больш таго: толькі тыя сямейныя калектывы, што паказалі сябе ва ўсіх трох, і маглі прэтэндаваць на Гран-пры.
Ацэньвала выступленні, выставы, прэзентацыі кампетэнтнае журы. У яго складзе — Валянціна Завадская — галоўны хармайстар аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, Аляксандр Кузняцоў — вядучы метадыст аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, Аксана Мельнік — настаўнік па класе вакальна-харавых і музычна-тэарэтычных дысцыплін Глускай дзіцячай школы мастацтваў імя В. Іванова, Наталля Аніковіч — загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, Людміла Нікіціна — настаўнік вышэйшай катэгорыі дзіцячай школы выяўленчага мастацтва горада Бабруйска, Вольга Прышчэпава — кіраўнік народнага калектыву аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Натхненне” Палаца мастацтваў Бабруйска. Старшыня журы — Аляксей Жураўлёў.




Хваляваліся канкурсанты перад выступленнямі і прэзентацыямі, няпроста было і журы паглядзець, праслухаць, ацаніць і вызначыць лепшых. Моцныя і разнастайныя музычна-песенныя выступленні на сцэне — з музыкай і акапэльна, сола, дуэты, ансамблі. Выдатныя, адмыслова зробленыя вырабы майстроў-умельцаў: рэчы з дрэва, тканіны, скуры, гліны, саломкі, металу, лыка, тканыя, рэзаныя, плеценыя, вышытыя. Кранальныя сямейныя гісторыі з ручнікамі і караваямі, такія, што слёзы нагортваліся на вочы. Удзельнікі фестывалю здзіўлялі і захаплялі. Арганізатары таксама знайшлі цікавыя крокі, каб аб’яднаць, настроіць удзельнікаў на патрэбную хвалю. Каля сцэны было зроблена сімвалічнае гняздо бусла — сімвала фестывалю, і кожная сям’я ўпляла ў гэта гняздо сваю галінку, умацоўваючы яго і дадаючы яму сваёй адметнасці.


Было што паглядзець, было што паслухаць. Прыкупіць таксама было што, бо і рамеснікаў шмат прыйшло і прыехала на наш глускі фестываль — і сваіх, мясцовых, і з іншых раёнаў і нават абласцей. Асартымент вырабаў — самы разнастайны, ад завушніц і бліскучых бранзалетак да духмяных свечак, мыла ручной работы і мачалак з лёну.
“Спас — усяму час” — так называлася выстава-дэгустацыя блюд ад устаноў культуры. На моладзевай пляцоўцы фестывалю “Творчасць унутры нас” маладыя сем’і малявалі яблынькі — сімвал сям’і. Шмат было забаў і гульняў для дзяцей. Разнастайнае меню на любы густ прапаноўвалі мясцовыя кааператары і прыезджыя прадпрымальнікі.
Не пуставаў і цэнтральны стадыён, там прайшлі сустрэча па гандболе і закрыццё дзіцячага турніру па футболе.
Заключны момант імпрэзы быў не менш цікавы і прыгожы, чым конкурсная і забаўляльная часткі фестывалю. І найперш таму, што даваў адказ на галоўнае пытанне: у каго атрымалася найлепшым чынам раскрыць і паказаць усе свае таленты, пераемнасць пакаленняў, адметныя сямейныя традыцыі? А тое, што імі багатыя ўсе сем’і-ўдзельніцы, сумнення няма. І правільна, што без дыпломаў і падарункаў не застаўся ніхто. Сярод глускіх сем’яў дыпломы ўдзельнікаў атрымалі сем’і Байдаковых, Галамака, Шкавянцовых, Яцкевіч, Міроненка, Рындзевіч.
У конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Рукатворны цуд” дыпломамі 3-й ступені адзначаны сем’і Якавенка (Кіраўскі раён), Кіселевых (Жлобін), Хлістуновых (Глускі раён), дыпломамі 2-й ступені — сем’і Мірончык і Станкевіч (Глускі раён), дыплом 1-й ступені заваявала сям’я Яскевіч (Любанскі раён).
У конкурсе выяўленчага мастацтва “Рукатворны цуд” дыпломам 3-й ступені ўзнагароджана сям’я Балінай — Пархімчык, дыпломам 2-й ступені — Сокал — Рошчыны, дыпломам 1-й ступені — Балкіс — Баешка, усе гэтыя сем’і з Глускага раёна.
У музычна-песенным конкурсе “Крыніцы творчасці” дыпломы 3-й ступені атрымалі калектыў “Сваякі” (Глускі раён), сем’і Караліс (Любанскі раён) і Баратавых (Старадарожскі раён), дыпломамі 2-й ступені ўзнагароджаны Грыгор’евы (Бабруйскі раён) і Сініцыны (Глускі раён), дыплом 1-й ступені атрымала сям’я Дудаль — Сямёнавых (Бабруйскі раён).
У конкурсе “З пакалення ў пакаленне” на лепшае прадстаўленне сямейнага абярэга дыпломам 3-й ступені ўзнагароджаны сямейна-роднасны калектыў “Свае людзі” (Чавускі раён), дыпломам 2-й ступені — “Сваякі” (Асіповіцкі раён), дыпломам 1-й ступені — сямейна-роднасны ансамбль “Забава” (Магілёўскі раён).



Мінулы раз галоўны прыз фестывалю паехаў у Клічаў, а сяголета — застаўся дома: уладальнікам Гран-пры чатырнаццатага рэгіянальнага фестывалю сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў” стала сям’я Мікуліч з Заеліцы.

З галоўнай сцэны фестывалю прагучалі словы падзякі ўсім, хто прыехаў і прыняў удзел у гэтым прыгожым свяце мастацтва, усім нашым гасцям, журы і шматлікім удзячным гледачам. Вялікую і шчырую падзяку арганізатары фестывалю выказалі яго спонсарам: Глускаму лясгасу, Глускаму УКП “Жылкамгас”, ПМК-86 “Вадбуд”, ТАА “СП-ЦімКарбо”. А наша самая галоўная і вялікая агульная падзяка — арганізатарам гэтага цудоўнага прыгожага фэсту: ад тых, хто выходзіў на сцэну, да тых, чыя праца не была бачная, але была вельмі патрэбная, каб усё адбылося, склалася, прайшло. Добрым падарункам жыхарам і гасцям Глуска сталі таксама прыгожыя вячэрнія канцэрты ад артыстаў з Бабруйска і нашага таленавітага земляка Васіля Буневіча, з захапленнем і радасцю назіраў Глуск за святочным салютам, а потым танцаваў усю ноч пад ціхім зорным небам. За ўсё гэта дзякуй табе, фестываль!
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара, Г. АЎТУХОВАЙ, А. ЗМІТРОВІЧ