Кропка на карце. Слаўкавічы: буйнейшы цэнтр дрыгавічоў і край партызанскай славы

Курганы ў Глускім раёне сустракаюцца паўсюдна, але першымі ўспамінаюцца менавіта слаўкавіцкія. Некалькі могільнікаў у наваколлі вёскі Слаўкавічы займаюць вялікую плошчу і выходзяць за межы Магілёўскай вобласці. Гэты ўнікальны помнік пачатку II тысячагоддзя нашай эры сведчыць пра рассяленне на нашай зямлі плямён дрыгавічоў.

У сваёй кнізе “Дрыгавічы” П. Ф. Лысенка называе каля вёскі Слаўкавічы восем курганных груп. Яшчэ адну групу курганоў адкрыў у 2000 годзе В. Ф. Капыцін. Сярод усіх вядомых цэнтраў дрыгавічоў на Беларусі са Слаўкавічамі можа параўнацца толькі вёска Пажаркі Брагінскага раёна, каля якой выяўлена восем курганных груп.
Зразумела, што дзеля адных курганоў паедуць у Слаўкавічы толькі апантаныя аматары старажытнасцей. Аднак непадалёк знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Востраў Зыслаў”. Гэта вядомы турыстычны аб’ект партызанскай і воінскай славы, тут ёсць на што паглядзець і дарослым, і дзецям. А яшчэ ў Слаўкавіцкім канале — буйнейшым з меліярацыйных каналаў Беларусі — ловіцца рыба, каля яго ёсць месцы для развядзення вогнішчаў і адпачынку.
Спачатку, зразумела, пра курганы. Шэсць невысокіх і значна пашкоджаных сучаснымі пахаваннямі курганоў знаходзяцца ў Слаўкавічах на сельскіх могілках. Асноўная частка насыпаў размешчана бліжэй да вёскі Зоркі, метраў трыста не даязджаючы да яе ўскраіны, у хмызняку сярод поля, па абодва бакі ад лініі электраперадачы.
Складаецца могільнік з некалькіх курганных груп, размешчаных непадалёк адна ад адной. У першай групе захаваліся 43, у другой — 11, у трэцяй — 6 насыпаў. Многія курганы пашкоджаны або цалкам знішчаны ў час пракладкі праз тэрыторыю могільніка лініі электраперадачы, у выніку ўзворвання і грабежніцкіх раскопак. Чацвёртая група з 26 курганоў знаходзіцца ў лесе за вёскай Зоркай. На карце 1955 года пазначана пятая група курганоў, каторая зараз цалкам знішчана. Астатніх курганных груп нават на картах больш не існуе.
Усе слаўкавіцкія курганы падобныя па форме, вышынёй ад трыццаці сантыметраў да трох метраў, дыяметрам ад пяці да дванаццаці метраў. Насыпы здзірванелыя, параслі дрэвамі і хмызняком. Шмат якія курганы маюць вакол сваёй асновы суцэльныя ці з перамычкамі равы. З іх бралі зямлю для стварэння насыпу, а потым там распальвалі рытуальныя вогнішчы. Відавочна, што пахаванняў было больш і займалі яны значна большую тэрыторыю. Магчыма, што гэта рэшткі адных вялікіх могілак. Вось толькі кім яны былі створаны: жыхарамі аднаго буйнога паселішча ці могільнік быў агульным для некалькіх суседніх селішчаў?
На гэта пытанне адказу няма, бо ніхто слаўкавіцкія курганы не вывучаў, а разбураюць усе каму не лянота. У час Першай сусветнай вайны проста дзеля цікавасці былі разрыты тры курганы. У іх знойдзены касцякі людзей высокага росту са шклянымі пацеркамі на шыі. Пазней мясцовыя школьнікі раскапалі яшчэ тры курганы, у якіх, акрамя чалавечых касцей, нічога не было. Ну а потым за справу ўзяліся трактары, бульдозеры і чорныя капальнікі.
Курган — штучны земляны насып над старажытным пахаваннем у выглядзе паўсферы. Гэта своеасаблівы помнік, напамін пра памерлага. Вышыня кургана вызначалася грамадскім становішчам і аўтарытэтам нябожчыка. Адначасова з гэтым насып ахоўваў пахаванне ад разбурэння жывёламі, людзьмі і з’явамі прыроды. Абрад пахавання пад курганнымі насыпамі на тэрыторыі Беларусі з’явіўся ў бронзавым веку (II тысячагоддзе да нашай эры) і існаваў да XIII стагоддзя нашай эры.
Цяжка сказаць, на чым заснаваны легенды пра закапаныя ў курганах скарбы. Адкуль ім быць у звычайных сельскіх жыхароў? У пахаваннях IX—X стагоддзяў увогуле нічога няма, акрамя перапаленых касцей памерлага ды рэшткаў глінянага посуду. Нябожчыка спальвалі на вогнішчы, попел і косці змяшчалі ў гаршчок, ставілі на зямлю і насыпалі над ім курган. Іншы раз попел і рэшткі костак проста высыпалі ў насып. Рэчы і сціплыя ўпрыгожванні, калі яны былі, згаралі ў агні.
У XI—XIII стагоддзях, пасля прыняцця хрысціянства, памерлых больш не спальвалі. Нябожчыка змяшчалі на паверхні зямлі ці ў насып кургана, а пазней — у падкурганную яму. Аднак іншыя язычніцкія пахавальныя абрады захаваліся. Памерлыя пакладзены з выцягнутымі ўздоўж цела рукамі, галавой на захад, але твар быў павернуты на ўсход. У рэдкіх выпадках цела змешчана галавой на ўсход. Звычайна ў кургане адно пахаванне. Аднак сустракаюцца і два: мужчынскае і жаночае або жаночае і дзіцячае.
Усе рэчы, што клаліся нябожчыку, відаць, зроблены спецыяльна для пахавання. Яны нізкай якасці, непрыдатныя для выкарыстання, а самае галоўнае — іх наўмысна разбівалі ці ламалі. Магчыма, што гэта нейкі магічны рытуал, ці то проста перасцярога ад рабавання кургана старажытнымі грабежнікамі.
Пахаванні ў курганах маюць навуковае значэнне, але нават археолагі зараз праводзяць раскопкі толькі ў тым выпадку, калі помнікі старажытнасці значна пашкоджаны і ім пагражае поўнае знікненне. А вось знішчэнне курганных могільнікаў у выніку гаспадарчай дзейнасці ці чорнымі капальнікамі ў марных пошуках скарбаў, на жаль, стала звычайнай справай.
У гады Вялікай Айчыннай вайны слаўкавіцкія лясы былі вядомым партызанскім краем. Тут дзейнічалі атрады Цыкункова і Гуляева, выдавалася падпольная раённая газета.
У Слаўкавічах ёсць брацкая магіла 48 партызан і чырвонаармейцаў з памятнай скульптурай. У цэнтральным вясковым скверы знаходзіцца стэла, прысвечаная Глускім падпольным райкамам КП(б)Б і ЛКСМБ, а таксама раённай газеце “Сацыялістычная вёска”.
Калі праехаць далей за Зорку і Слаўкавіцкі канал, то можна трапіць на дарогу да мемарыяльнага комплексу “Востраў Зыслаў”. На востраве сярод непраходных балот, якія зараз асушаны, знаходзіўся штаб партызанскага руху Мінскай вобласці і дзейнічаў аэрадром. Сюды з Масквы дастаўлялі зброю, боепрыпасы і медыкаменты для атрадаў Глускага, Любанскага, іншых раёнаў Беларусі і нават Украіны. А ў тыл вывозіліся параненыя і хворыя, дзеці і старыя. У час карнай аперацыі супраць партызан на востраў перамясцілася і рэдакцыя Глускай падпольнай раённай газеты.
Цэнтрам мемарыяльнага комплексу з’яўляецца галоўны абеліск з надпісамі-прысвячэннямі. Побач знаходзяцца шэсць партызанскіх зямлянак. На ўзлётна-пасадачнай паласе аэрадрома пастаўлены памятны знак. Брацкая магіла 296 чырвонаармейцаў і партызан добраўпарадкавана і ўпрыгожана скульптурнай кампазіцыяй. Дапаўняе мемарыял ваенная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У час першай паездкі на “Востраў Зыслаў” пра дарогу туды давялося распытваць рыбакоў, што ўпадабалі Слаўкавіцкі канал. Гэта самы буйны і доўгі сярод усіх магістральных меліярацыйных каналаў Беларусі.
Ён цягнецца ад вёскі Рухава Старадарожскага раёна да вёскі Смолаўкі Акцябрскага раёна і мае даўжыню 52 кіламетры. Шырыня канала дасягае дзесяці, а глыбіня — каля двух метраў. Створаны Слаўкавіцкі канал у 1963 годзе і зараз па разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету не саступае малым рэкам. На ўсім сваім працягу гэта вядомае месца аматарскага рыбалоўства і адпачынку.
Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ
Фота аўтара