Темы

Архівы памяці. У працы, як у баі

Архівы памяці. У працы, як у баі

Пасля пераможнага заканчэння Вялікай Айчыннай вайны перад былымі франтавікамі адкрываліся вялікія магчымасці. Можна было зрабіць вайсковую кар’еру, паступіўшы ў ваеннае вучылішча, ці пайсці вучыцца на любую грамадзянскую спецыяльнасць. Не патрэбны былі ніякія экзамены, дастаткова было мець накіраванне і выдатную характарыстыку з баявой часці. Многія скарысталіся сваім правам, але большасць вайскоўцаў пасля дэмабілізацыі вярнуліся дадому, да роднай хаты, звыклага жыцця і працы. Сёння пагартаем падшыўку газеты “Сцяг Радзімы” за 1970 год і згадаем нашых землякоў, якія праявілі сябе і ў баі, і ў працы.

Пасля арышту сваіх таварышаў Георгія Казака, Аркадзя Яльніцкага і Мікалая Вайцяховіча Георгій Акуліч пайшоў у партызаны, удзельнічаў у баях, уваходзіў у групу падрыўнікоў пад кіраўніцтвам Рыгора Русіна. Першы свой бой трымаў юнак летам 1942 года, калі партызаны зрабілі засаду на нямецкі абоз з нарабаваным у мірных жыхароў дабром. “Жора Акуліч адным з першых аказаўся ля кінутых ворагам падвод. Каля адной з іх ён заўважыў убітага нямецкага афіцэра, а побач з ім — аб’ёмісты партфель. Партфель належаў каменданту Глускага гарнізона, у ім партызаны знайшлі важныя дакументы. За іх Акуліч атрымаў першую падзяку ад камандавання брыгады”, — расказвае Г. Янкоўскі ў нумары раённай газеты “Сцяг Радзімы” ад 27 кастрычніка. Георгій Акуліч чатыры разы быў адзначаны баявымі ўзнагародамі. Пасля вайны былы партызан працаваў кавалём у калгасе “Радзіма”. Ужо ў мірны час Георгій Дзмітрыевіч атрымаў сваю пятую ўрадавую ўзнагароду — медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, паведамляецца ў артыкуле.

Іван Філіпавіч Мішур ужо ў 17 год стаў байцом і разведчыкам партызанскага атрада імя Кірава. Пасля цяжкага ранення быў перапраўлены за лінію фронту на лячэнне. Пасля выздараўлення ваяваў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях за вызваленне Кёнігсберга, Варшавы, Берліна. “Зараз Іван Філіпавіч пасвіць дойны статак у аддзяленні Балашэвічы саўгаса “Вільча”, — паведамляе

Н. Васільева ў нумары ад 6 чэрвеня. — Разам з напарнікам Аркадзем Каранцом ён пасвіць 75 кароў. Статак гэты лічыцца адным з лепшых у саўгасе”. Іван Філіпавіч ганарыцца сваёй прафесіяй, дадае аўтар нататкі. У тое лета ён паставіў перад сабой задачу арганізаваць выпас так, каб даяркі замест 7—9 маглі надойваць 10—14 кілаграмаў малака ў дзень ад кожнай каровы.

Іван Герасімавіч Бобрык удзельнічаў у баях пад Варшавай, на Одэры, Нэйсе, штурмаваў Берлін. Дадому ў вёску Даколь вярнуўся пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе, быў прызначаны брыгадзірам у калгасе “Гвардыя”. Цяжка было на першых парах, не хапала ні цягла, ні сродкаў, барану валаклі па полі жанчыны, адзіны замораны конь ледзь кранаў з месца плуг. Пасля меліярацыі непраходных балот, што ляжалі вакол ракі Даколькі, калгас атрымаў у карыстанне больш за тысячу гектараў асушаных зямель. І вось ужо па 19 цэнтнераў зерневых з гектара збіраюць работнікі пад кіраўніцтвам брыгадзіра. “Доўга дабівалася такіх ураджаяў брыгада. Больш за 20 гадоў працуе брыгадзірам Іван Герасімавіч Бобрык.

За дасягнутыя поспехі ў працы, за старанне і вернасць хлебаробскай справе ён у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна ўзнагароджан сёлета яшчэ адной урадавай узнагародай”, —  расказваецца ў артыкуле Г. Янкоўскага пра ўзнагароджанне Івана Герасімавіча медалём “За доблесную працу” (раёнка ад 29 кастрычніка).

Заўсёды на пасту Іван Васільевіч Алёхна, піша С. Дзмітрыева 10 лістапада. Адно з чатырох сваіх раненняў ён атрымаў, вызваляючы суседні Акцябрскі раён. Пасля вайны былы франтавік некалькі год узначальваў калгас у роднай вёсцы Доўгі Лес, а з 1950 года працаваў участковым інспектарам. “Разам з двума баявымі медалямі “За адвагу” грудзі старшага лейтэнанта І. В. Алёхны ўпрыгожваюць два медалі “За бездакорную службу ў міліцыі”, — паведамляецца ў артыкуле.

Перадсвяточны нумар ад 7 сакавіка змяшчае расказ намесніка галоўнага санітарнага ўрача раёна В. Марголінай пра медработнікаў, што ў ваенны час сталі на абарону Радзімы. Ганна Кошалева, Кацярына Тарасевіч, Вольга Рудніцкая, Таісія Галамака, Марыя Адзінец пайшлі на фронт медсёстрамі і фельчарамі. Некалькі разоў у час аперацый, калі параненаму тэрмінова патрэбна было пераліванне крыві, не раздумваючы, донарам рабілася Вольга Яфімаўна Рудніцкая. Фельчарам у партызанскім атрадзе імя Варашылава працавала Фядора Пятроўна Чырун. Брыгадны ўрач Палескага партызанскага злучэння Галіна Львоўна Фейгіна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны і некалькімі медалямі.

Яны былі звычайнымі людзьмі. Але калі час запатрабаваў стаць героямі, здолелі адгукнуцца на выклік. І на вайне, і на працоўным месцы нашы землякі не шкадавалі сябе, вытрымалі ўсе цяжкасці і дасягнулі перамогі.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

На здымку: Іван Герасімавіч Бобрык, фота з газеты “Сцяг Радзімы” ад 29 кастрычніка 1970 года

Последние новости

Актуально

Военная академия провела выездной день открытых дверей в Глуске

23 октября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Мобильное приложение с «сюрпризом»

23 октября 2026
Читать новость
Будь в курсе

Жители Могилёвской области могут сообщить о проблемах с торговым обслуживанием на селе

23 октября 2026
Читать новость
Будь в курсе

«Водитель и пешеход, уважайте пешеходный переход!» – под таким девизом 30 октября на территории Могилёвской области пройдет Единый день безопасности дорожного движения

23 октября 2026
Читать новость
Власть

«Техника красивая, дизайн неплохой». Лукашенко оценил отечественный пассажирский транспорт

23 октября 2026
Читать новость
Образование

В Беларуси началось репетиционное тестирование

23 октября 2026
Читать новость

Рекомендуем