Темы

Як жылі і працавалі глушчане ў 1970 годзе

Як жылі і працавалі глушчане ў 1970 годзе

Асаблівым і насычаным на падзеі быў у жыцці жыхароў Глускага раёна 1970 год. У краіне адзначаліся 100-годдзе з дня нараджэння заснавальніка савецкай дзяржавы У. І. Леніна, 25-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, завяршалася восьмая пяцігодка. З гэтай нагоды працаўнікі раёна бралі ў сваёй рабоце павышаныя абавязацельствы, да таго ж выконвалі іх датэрмінова. Сапраўды, працаваць даводзілася шмат: за сябе і за тых, хто не вярнуўся з вайны.

Вялікія змены адбыліся ў жыцці і працы сельскага насельніцтва. У гаспадарках раёна працягваліся мерапрыемствы па электрыфікацыі, механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. У выніку меліярацыйных работ калгасы атрымалі сотні гектараў ворыўных угоддзяў. З 1 ліпеня 1966 года калгаснікі сталі штомесяц атрымоўваць грашовую плату за сваю працу.

У калгасах і саўгасах раёна пабудаваны свінагадоўчыя комплексы і малочнатаварныя фермы, на якіх амаль усе вытворчыя працэсы былі механізаваны. Механізацыя дазволіла жывёлаводам калгаса “Праўда” павысіць прывагі на адкорме свіней з 400 да 600 грамаў, паведамляе ў сваім артыкуле ад 10 студзеня бухгалтар І. Мядзвецкі. Лепшыя жывёлаводы — Вера Фёдараўна Муха і Марыя Паўлаўна Муха.

На першай малочнатаварнай ферме калгаса “Зара”, піша В. Маханька, ад кожнай каровы атрымана па 2909 кілаграмаў малака. Пераможцам спаборніцтва стаў даяр Пётр Сямёнавіч Пацай: на яго рахунку 3542 кілаграмы малака ад кожнай каровы.

У сваёй працы работнікі ферм раёна арыентаваліся на дасягненне даяркі калгаса “Радзіма” А. І. Змітровіч.

У 1969 годзе яна надаіла ад кожнай каровы па 3665 кілаграмаў малака.

Вельмі падрабязна вынікі механізацыі ў сваім артыкуле “На плечы машын” паказаў механізатар калгаса “Дружба” Г. Ляшчынскі (раённая газета “Сцяг Радзімы” ад 10 кастрычніка). За пяць год, адзначае ён, механізацыя сельскагаспадарчых работ у калгасе выйшла на новы ўзровень. Парк гаспадаркі налічвае 16 трактароў, 4 зерневыя і 3 бульбаўборачныя камбайны, шмат прычапных механізмаў. Тэхніку абслугоўваюць 24 механізатары. Транспартныя работы выконваюць 9 аўтамашын. Для рамонту тэхнікі і інвентару пабудавана тыповая майстэрня. Механізаваны працаёмкія працэсы на вырошчванні зерневых і бульбы, а таксама большасць работ на ўсіх фермах. На ферме ў Карніцы наладжана механічнае даенне кароў. Выкарыстанне тэхнікі дазволіла сабраць брыгадзе Ю. К. Станішэўскага рэкордны на той час для калгаса ўраджай бульбы — 235 цэнтнераў з гектара.

Для вырошчвання пшаніцы ў Беларусі не самыя спрыяльныя ўмовы: культура вельмі патрабавальная да ўрадлівасці глебы, цяпла і ўвільгатнення. Аднак, як паказвае змешчаная ў нумары за 10 студзеня справаздача В. Мароза, брыгадзіра першай брыгады калгаса імя Арджанікідзэ, пры гаспадарчым падыходзе можна дабіцца добрага выніку. Спярша зрабілі аналіз глебы і для зніжэння яе кіслотнасці выкарысталі гашаную вапну. Унеслі калійныя, фосфарныя і азотныя ўгнаенні, насенне сорта “Міронаўская-808” пратруцілі граназанам. Правільная агратэхніка дазволіла брыгадзе атрымаць у 1969 годзе па 34 цэнтнеры з гектара.

З улікам памылак пры ўнясенні аміячнай салетры брыгада ўзяла на сябе абавязацельства ў 1970 годзе сабраць не менш за 35 цэнтнераў з гектара і сваю задачу выканала.

Урадзіла “міронаўка” і на полі шостай брыгады калгаса “Радзіма”. Як паведамляе брыгадзір Н. Радзько, кожны з 12 гектараў палетка даў 37,8 цэнтнера зерня пшаніцы.

Трэцяя брыгада калгаса імя Калініна некалькі год вырошчвала куузіку — гібрыдны караняплод, які атрымоўваецца ад скрыжавання бручкі і кармавой капусты. Куузіка падобная на бручку, але большая за яе: кожны караняплод важыць 2—3 кілаграмы, а асобныя экзэмпляры — у тры разы больш. З кожнага гектара паляводы атрымалі больш за 600 цэнтнераў каштоўнай кармавой культуры, піша брыгадзір С. Тонкі ў сваім артыкуле ў нумары за 3 снежня. Выдаюць яе каровам па 14 кілаграмаў на кожную жывёлу штодзень. Гэта дазволіла павысіць надоі малака ў гаспадарцы.

Новая тэхніка і тэхналогія раслінаводства патрабавалі ведаў, таму даводзілася вучыцца непасрэдна на рабочых месцах. З матэрыялаў В. Іванова ў нумары за 10 лютага вядома, што зімой у калгасе “Зара камуны” працавалі курсы агратэхвучобы для брыгадзіраў, звеннявых, кладаўшчыкоў і трактарыстаў. Заняткі праводзіў аграном А. М. Зайцаў і іншыя калгасныя спецыялісты.

Паспяхова развіваліся, павялічвалі выпуск прадукцыі і аб’ёмы вытворчасці прамкамбінат, крухмальны завод, ПМК-61, БМУ меліярацыі. Для сваіх работнікаў яны пабудавалі жыллё, сталоўкі, дзіцячы сад. У канцы года завяршаліся работы па наладцы абсталявання ў новым будынку Глускага масласыраробнага завода — аднаго з буйнейшых на той час прадпрыемстваў рэспублікі ў гэтай галіне харчовай прамысловасці.

Трэба адзначыць, што і тады не ўсё ладзілася і атрымоўвалася, хапала праблем і прыкладаў безгаспадарчасці. Пісьмы, скаргі, заявы насельніцтва больш характарызуюць работу прадпрыемстваў і ўстаноў, чым справаздачы і статыстычныя даведкі. Рабочыя брыгады “Дварэц” пісалі ў газету, што брыгадзір загадаў адвезці цёшчы ў вёску Туркі больш саломы, чым яна выпісала. Работнікі калгаса “Праўда” таксама скардзіліся на свайго брыгадзіра і паведамілі пра яго п’янства і махлярствы пры налічэнні заработнай платы. У асобных гаспадарках парушаліся правілы прыгатавання кампостаў і захавання мінеральных удабрэнняў, у неналежным стане ўтрымлівалася тэхніка.

З гэтай прычыны на кожным прадпрыемстве ствараліся групы і пасты народнага кантролю, якія выяўлялі недахопы і прымалі меры па іх выпраўленні. Сакратар партарганізацыі БМУ меліярацыі В. Пятроўскі напісаў у газету пра ліквідацыю парушэнняў пры захаванні гаруча-змазачных матэрыялаў, нарыхтоўцы металалому, рамонту тэхнікі. Акрамя з’яўлення на працу ў нецвярозым стане і выкарыстання тэхнікі ў асабістых мэтах, выяўлены выпадак угону трактара на 27 гадзін і выкарыстанне яго на пабочных заработках.

На працягу пяцігодкі многія працаўнікі павышалі свае пачатковыя абавязацельствы і паспяхова іх выканалі.

У кастрычніку 1970 года асноўныя паказчыкі гаспадарчага развіцця раёна на пяцігодку былі дасягнуты датэрмінова. Асабліва выніковай была работа меліяратараў. Пяцігодку яны выканалі амаль за чатыры гады: асушылі і перадалі гаспадаркам больш за восем тысяч гектараў тарфянікаў, піша В. Траяноўскі ў нумары за 21 сакавіка. Бясспрэчным лідарам сярод перадавікоў стаў Мікалай Мікітавіч Лугін, які за чатыры гады выканаў два пяцігадовыя планы.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота з нумароў газеты “Сцяг Радзімы” ад 10 кастрычніка і 7 лістапада 1970 года

Последние новости

Калейдоскоп

Пусть осень нас не подведет. Прогноз погоды на 16—20 сентября

15 сентября 2026
Читать новость
Культура

Женщины Глусчины. Библиотекарь Дина Кульбицкая

15 сентября 2026
Читать новость
Общество

Третье заседание VII Всебелорусского народного собрания пройдет в Минске 17-18 декабря 2026 года

15 сентября 2026
Читать новость
Власть

С Днем библиотек поздравляет руководство района

15 сентября 2026
Читать новость
Будь в курсе

КГК Могилёвской области 18 сентября проведет горячую линию по вопросам ЖКХ и благоустройства

14 сентября 2026
Читать новость
АПК

7 000 тонн — и это не предел: комбайнер из «Серволюкс Агро» Сергей Май установил рекорд страны по намолоту зерна

14 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем