Темы

Жывая памяць. Мітынг-рэквіем, прысвечаны 40-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адбыўся ў аграрадку Заеліца

Жывая памяць. Мітынг-рэквіем, прысвечаны 40-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адбыўся ў аграрадку Заеліца

На мінулым тыдні ў аграгарадку Заеліца адбыўся мітынг-рэквіем “Жывая памяць”, прысвечаны 40-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.  

Менавіта глуская Заеліца пасля той аварыі стала другім домам і новай радзімай для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй вёсак Слаўгарадскага раёна. Мітынг адбыўся каля мемарыяльнага знака ў памяць пра чарнобыльскую аварыю. Там устаноўлены камень з памятным надпісам, да яго вядзе дарожка, па абодва бакі якой — таблічкі з назвамі вёсак Слаўгарадчыны, адкуль у свой час пераехалі людзі: Запалянне, Курганне, Пчэльня, Сяркоўка, Рабінаўка 1-я і Рабінаўка 2-я, Кульшычы.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел школьнікі і дарослыя жыхары Заеліцы, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна. Памяць ахвяр трагедыі ўшанавалі хвілінай маўчання. Звяртаючыся да прысутных, старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына падкрэсліў, што чарнобыльская аварыя змяніла лёсы мільёнаў людзей, але і згуртавала беларусаў у імкненні захаваць свой край, зрабіла нас больш моцнымі. Зараз, праз чатыры дзесяцігоддзі, мы можам з упэўненасцю гаварыць, што Беларусь не толькі выстаяла, але і зрабіла важныя крокі наперад у сваім развіцці. “Адным з такіх крокаў стала будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі — з улікам самых строгіх міжнародных стандартаў, з прымяненнем перадавых тэхналогій, накіраваных на захаванне максімальнай бяспекі. Сёння, згадваючы мінулае, мы ўпэўнена глядзім у будучае, дзе наша краіна будзе моцнай, развітой і незалежнай”, — адзначыў Раман Тычына.

Сёння кіраўнік нашай дзяржавы па традыцыі знаходзіцца ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і гэта сімвалічна, падкрэсліў у сваім выступленні на мітынгу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка, таму што наша дзяржава ўдзяляла і ўдзяляе першаступеннае значэнне пераадоленню наступстваў чарнобыльскай аварыі. Шмат сродкаў накіравана на праграмы рэабілітацыі забруджаных земляў, у розных рэгіёнах створаны медцэнтры, якія аказвалі і аказваюць дапамогу пацярпелым ад радыяцыі. Сёння на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ідзе тры працэнты бюджэту краіны, падкрэсліў дэпутат.

На жаль, з гэтай бядой мы апынуліся адзін на адзін, дзяржаў, якія дапамаглі нам, можна палічыць на пальцах. Але мы выстаялі, змаглі рашыць гэтыя праблемы, і пацярпелыя рэгіёны, а гэта пятая частка тэрыторыі, 21 раён, сёння жывуць, працуюць, там нараджаюцца дзеці, там ёсць перспектывы, ёсць жыццё. Але тое, што адбылося 40 год назад, мы не павінны забываць. Мы павінны памятаць тых, хто займаўся ліквідацыяй наступстваў гэтай тэхнагеннай катастрофы, і рабіць усё магчымае, каб у нашым жыцці, на нашай зямлі такой бяды, ні экалагічнай, ні палітычнай, ні эканамічнай, больш ніколі не было.

Кранальны верш пра апусцелую вёску, адкуль радыяцыя прагнала людзей, прачытала жыхарка Заеліцы, а ў мінулым — пераселенай вёскі Кульшычы Зінаіда Цыганкова.

“Пасля чарнобыльскай бяды наш калгас адсяліўся сюды, у Заеліцу, — расказала Зінаіда Фёдараўна, — і цяпер мы тут ужо свае людзі, тут наша другая радзіма, тут гадаваліся нашы дзеткі. Калі ўзарваўся “чарнобыль”, я была цяжарная малодшай дачкой, працавала сакратаром у сельскім Савеце, Кульшычы былі цэнтрам сельсавета, рабіла абход усіх вёсак, складала спісы жыхароў. Потым жанчын з дзецьмі і цяжарных сталі вывозіць у санаторыі, у чыстыя раёны, у Расію, а то і за мяжу. Я таксама была ў санаторыі, калі мой тэрмін знаходжання скончыўся, галоўны ўрач усё роўна пакінула мяне там і не пусціла дадому, пакуль я не нарадзіла. Я вярнулася ў Кульшычы, але жыць там урачы не рэкамендавалі, і ў 1988 годзе я пераехала ў Глускі раён, у вёску Клетнае, працавала ў Доме культуры. А праз чатыры гады сюды, у Заеліцу, пераехаў і наш калгас, і я далучылася да сваіх людзей. Добра, што так атрымалася, што дзяржава прыняла правільнае рашэнне, адсяліўшы людзей з забруджаных тэрыторый. І вось гэты памятны знак нагадвае нам і будучым пакаленням пра тую страшную катастрофу, якую мы перажылі і будзем памятаць пра яе ўсё жыццё”. Землякам Зінаіда Фёдараўна пажадала моцнага здароўя і доўгага жыцця пад мірным небам.

Завяршыўся мітынг ускладаннем кветак да памятнага знака.

“Сяголета, вясной, гэты знак абнавілі, — расказаў нам старшыня Слаўкавіцкага сельвыканкама Мікалай Куратаў, — паставілі большы камень. Новую таблічку з надпісам “У памяць аб чарнобыльскай трагедыі…” зрабіў індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Нікіцін, зрабіў без аплаты, адметна, што 1986-ы — год яго нараджэння. Значную дапамогу сельвыканкаму пры выкананні работ аказала мясцовая гаспадарка”.

 Пасля мітынгу на гэтым памятным месцы па ініцыятыве Глускага аддзела па надзвычайных сітуацыях высадзілі невялікую хвойную алею. У пасадцы дрэў пажарным дапамагалі заеліцкія школьнікі з моладзевага аб’яднання ратаўнікоў-пажарных. Да добрай справы далучыліся таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка, кіраўніцтва аграфірмы “Слаўгарадскі”, мясцовы сельвыканкам. Маладзенькія саджанцы выгадавалі ў пітомніку Глускага лясгаса. Няхай гэтыя елачкі растуць і таксама нагадваюць жыхарам Заеліцы, пераехаўшым сюды са Слаўгарадчыны, пра іх малую радзіму, адзначылі ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях. 

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Аляксандры АТЛАС

Последние новости

Образование

Заседание дамской гостиной провели для ветеранов педагогического труда и молодых работников системы образования района в Глуске

28 апреля 2026
Читать новость
Общество

Цуд, а не жыццё. У канцы восьмай пяцігодкі (1965—1970 гады) непазнавальна змянілася жыццё людзей

28 апреля 2026
Читать новость
Культура

«Одно на двоих» — национальная кинопремьера. Премьерный показ фильма в Глуске пройдет в ЦКиД «Орион» 30 апреля в 18:00

28 апреля 2026
Читать новость
Общество

Врачи — о положительной динамике и подготовке к генной терапии Ксюши Маисеенко

28 апреля 2026
Читать новость
Общество

Молодежный совет против вейпинга

28 апреля 2026
Читать новость
Общество

Жывая памяць. Мітынг-рэквіем, прысвечаны 40-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адбыўся ў аграрадку Заеліца

28 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем