Рэспубліканскі суботнік
Рэспубліканскі суботнік адбудзецца 23 красавіка, яго ўдзельнікі зоймуцца добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў, месцаў адпачынку, падрыхтоўкай дзіцячых лагераў. Суботнік пройдзе пад знакамі Года культуры, 75-годдзя пачатку вялікай Айчыннай вайны і 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Палова заробленых грошай, перадае БелТА, паступіць у распараджэнне Міністэрства фінансаў і будзе выкарыстана на праектаванне і будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай бальніцы. Другая палова сродкаў застанецца ў рэгіёнах і будзе напраўлена на аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, мясцін баявой славы, ваенных могілак, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў для дзяцей, што пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай аварыі, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да лета. У Магілёўскай вобласці грошы будуць напраўлены на рэканструкцыю палаца-паркавага ансамбля ў Жылічах Кіраўскага раёна і Успенскага манастыра ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна, паведамляе ТРК “Магілёў”. У мінулыя гады ўва многім дзякуючы суботнікам у вобласці адкрылі Магілёўскі цэнтр хуткай дапамогі, дзіцячы хоспіс і аднавілі дзіцячыя базы адпачынку.
Плануецца, што ў Глускім раёне ў суботніку прыме ўдзел каля 4 000 чалавек, грошай будзе зароблена больш за 90 мільёнаў, паведамілі нам у аддзеле эканомікі райвыканкама. У гэты дзень будуць працаваць дзіцячыя садкі, і выйсці, каб навесці парадак, змогуць нават мамы дашкалят. Думаецца, што не застануцца ў баку ад агульнай справы і людзі на заслужаным адпачынку. Калі ўсе разам возьмемся, то пэўна ўжо на вуліцах стане святлей і чысцей. Бо чыста і тады, калі не смецяць, і тады, калі прыбіраюць.