Темы

Глуск: 1396 — 2026. Узяліся кучай, або Як у Глускай воласці сяляне пасябравалі

Глуск: 1396 — 2026. Узяліся кучай, або Як у Глускай воласці сяляне пасябравалі

Шматлікія на берагах Пцічы стаянкі каменнага і бронзавага веку былі месцам толькі часовага пражывання. Пасля збяднення паляўнічых угоддзяў першабытнае насельніцтва перасялялася ў іншую мясцовасць, больш багатую на дзічыну. Сапраўднае засяленне і асваенне тэрыторыі Глускага раёна, узнікненне сельскіх паселішчаў пачалося ў жалезным веку. З гэтага ж часу пачынаюць фарміравацца асаблівасці сялянскага характару і светапогляду мясцовых жыхароў.

Першыя земляробы

Ці не самымі першымі больш за дзве тысячы год назад трывала пасяліліся на глускай зямлі прадстаўнікі мілаградскай культуры. Галоўным іх заняткам было земляробства, якое патрабавала аселага жыцця. Да таго ж мілаградцы ўмелі выплаўляць жалеза і вырабляць з яго прылады, з дапамогай каторых высякалі дрэвы і апрацоўвалі глебу. Лясы і балоты, як ні дзіўна, толькі спрыялі сельскагаспадарчаму асваенню Глушчыны. Яны перашкаджалі людзям пераходзіць з месца на месца, прымушаючы іх старанна распрацоўваць спачатку прыдатныя для асваення дзялянкі, а потым і суседнія нерушы. Мілаградскія гарадзішчы вядомы каля вёсак Халопенічы (разам з селішчам), Зелянковічы, Даколь, а селішчы — каля Падлужжа і Сіманавіч.

Мілаградцам было вядома ворыўнае земляробства, але для лясной зоны больш падыходзілі падсека і пералог.

У лютым дрэвы высякаліся, вясной спальваліся, а папялішча засейвалася. Праз некалькі год урадлівасць дзялянкі (ляды) зніжалася, да таго ж яе забівала пустазелле. Пасля гэтага ляду пакідалі і рабілі пералог — пераходзілі на новую. Год праз дзесяць ці больш закінутую ляду, урадлівасць каторай з цягам часу аднаўлялася, выкарыстоўвалі ізноў. Такія дзялянкі называліся старынамі, гэтак жа зваліся і паселішчы, якія ўзнікалі побач. Ёсць свая вёска Старына і ў Глускім раёне.

Для апрацоўкі ляды дастаткова было сукаваткі — ссечанай верхавіны елкі з абрэзанымі да кароткіх сучкоў галінамі, якую валаклі па полі, каб забаранаваць зерне. Старына апрацоўвалася ралам з вялікага вострага сука, пазней — сахой з металічнымі сашнікамі-нарогамі, якія разбівалі і рыхлілі верхні пласт глебы. Для больш дробнай апрацоўкі глебы карысталіся матыкамі і драўлянымі лапатамі з металічнай акоўкай.

З мілаградскім насельніцтвам з’явіліся на нашай зямлі проса, пшаніца мяккіх сартоў, ячмень, гарох і бабы. У час вырабу посуду ў гліну дабаўлялі не толькі мінеральныя напаўняльнікі, але і сечаную траву, гной і зерне. Пасля абпальвання на пасудзіне заставаліся адбіткі зярнят, па якіх цяпер можна вызначыць іх від.

Па падліках беларускага археолага Міхаіла Лашанкова, які шмат працаваў у Глускім раёне, з зерня часцей за ўсё сустракаецца проса: амаль 90 працэнтаў усіх выяўленых адбіткаў.

Падсека і пералог захоўваліся доўгі час: мала чым ад мілаградцаў тут адрозніваліся зарубінцы, паслязарубінецкае насельніцтва, плямёны кіеўскай і калочынскай культур.

На шляху да сучаснага земляробства

Пра важныя змены, што адбыліся ў час рассялення на нашай зямлі дрыгавічоў, можа расказаць звычайнае пустазелле, насенне ад каторага таксама пакінула свой след на паверхні старажытнага посуду. Спачатку адбіткаў пустазелля стала больш, гэта значыць, што зямельныя ўгоддзі не закідаліся, а выкарыстоўваліся з году ў год. Жыта ж, якое таксама спачатку было пустазеллем пшаніцы, у X—XI стагоддзях робіцца галоўнай збожжавай культурай. Пашырылася вырошчванне аўса.

Сярод жытніх зярнят выяўлена шмат насення кастра жытняга, які з’яўляецца асноўным пустазеллем для азімага жыта. Папярэднікам азімых культур, лічыць вядомы аграном і спецыяліст па сярэдневяковым земляробстве А. В. Кір’янаў, можа быць толькі папарнае поле (поле, пакінутае на адно лета незасеяным з мэтай паляпшэння глебы пад пасеў азімых). Гэта ў сваю чаргу азначае, што падсека страціла сваё значэнне і пачало выкарыстоўвацца ворыўнае земляробства ў выглядзе двухполля. Адна частка поля засявалася вясной, другая ж частка летам адпачывала — “парылася”, а ўвосень на ёй сеялі жыта.

Агародніну князь Алег прывёз у Кіеў у 907 годзе ў складзе даніны з Візантыі. Манахі Кіева-Пячэрскага манастыра пры ігумене Феадосіі ўжо самі «в ограде копаху зелейного рода растения».

З пачатку XII стагоддзя капуста, агуркі і буракі пачалі распаўсюджвацца ў розных уладаннях манастыра, у тым ліку і ў Глускай воласці. Драўляны замак у Глуску-Дубровіцкім займаў толькі каля паловы цяперашняга замчышча, на астатняй частцы меўся агарод. А каб да яго зручна было выходзіць, у замкавай агароджы зрабілі яшчэ адны вароты.

Як узнікалі пасяленні

Згодна з даследаваннямі знакамітага расійскага археолага Валянціна Сядова, які некаторы час працаваў у Глускім раёне, селішчы VIII—X стагоддзяў вызначаліся буйнымі памерамі. З цягам часу з вялікіх абшчын пачалі рабіцца выселкі і ўзнікалі больш дробныя пасяленні. Выселкі з Казловіч атрымалі такую ж назву. Паміж двума Казловічамі з двароў Сцяпана і Чыкіля (мянушка чалавека, які ходзіць накульгваючы) узніклі Сцяпанаўка і Чыкілі.

За выцягнутым ад першых Казловічаў лесам з’явілася вёска Доўгі Лес, а на заваротку ад дарогі — Прыварацце. Назва Старое Сяло, якая пазней замацавалася за старымі Казловічамі, таксама паказвае, што менавіта адсюль ішло рассяленне.

У сельскагаспадарчым асваенні воласці, акрамя славян, прымалі ўдзел татары — перасяленцы або ваеннапалонныя з Залатой Арды, а потым з Крымскага ханства. Ад вялікага князя татары (іх яшчэ звалі туркамі) атрымлівалі зямельныя надзелы, за што добрасумленна неслі вайсковую службу. Балаш — распаўсюджанае татарскае імя (у перакладзе з цюркскага “дзіцятка”, “любімае дзіця”) і назва каштоўнага каменя лазурыту. Верагодна, з дварышча, якое належала сям’і Балаша, узнікла сучасная вёска Балашэвічы. Наяўнасць непадалёк ад Балашэвіч урочышча, якое мясцовыя жыхары і зараз называюць Турэцкай гарой, толькі пацвярджае гэта. Ёсць у нас таксама вёска Туркі, а далей у Асіповіцкім раёне — Татарка.

Пасля падзелу воласці паміж нашчадкамі Івана Гальшанскага і праведзенага ў пачатку XVI стагоддзя размежавання асваенне тэрыторыі пайшло больш хутка. Быў пабудаваны новы горад Глуск-Дубровіцкі, паблізу ад яго ўзніклі дварышчы, што паклалі пачатак навакольным вёскам. Прывабліваючы новых пасяленцаў на свае землі, паны спакушалі іх “слабодамі” і “воляй”: поўнасцю ці часткова вызвалялі на некалькі год ад падаткаў. Некаторыя паселішчы нават і назвы атрымалі адпаведныя: Слабодка і Вольніца. “Садзілі на зямлю” і асабіста залежных ад уладальніка халопаў, так з’явіліся Вялікія і Малыя Халопенічы.

Дварышчы і хаты

Пераважнай формай землеўладання на Русі (усходняй частцы Беларусі) да сярэдзіны XVI стагоддзя было дварышча (двор, дварэц, сялец). Складалася дварышча з адной ці некалькіх роднасных сем’яў. Маглі на ім жыць і чужыя людзі (сяберы), якія працавалі і мелі права на атрыманне сваёй долі прыбытку. Вёскі з назвамі Дварэц, Сялец і Сельцы маюцца і на Глушчыне. Складалася дварышча з адной ці некалькіх жылых хат, звычайна было агароджана. Старажытнае слова “катка” азначала дом за агароджай, умацаванне; адсюль і слова “хата”, і назва вёскі Катка.

Шмат сельскіх паселішчаў займелі назвы ад імён і прозвішчаў жыхароў дварышчаў (Яўсеевічы, Сіманавічы, Слаўкавічы, Хвастовічы, Барысавічы) ці іх уладальнікаў (Юзафова, Вайцяхова, Барбарова і іншыя). Дуброва, Бярозаўка і Баравішча ўзніклі адпаведна каля дубовага, бярозавага і хваёвага лесу, а Паляна — на свабодным ад дрэў месцы. Паміж калюг (лужын і забалочаных нізін) пабудавалася вёска Калюга, а сярод уюноў (дробных пяскоў, звычайна насычаных вадою) — Уюнішча.

Суседская абшчына

Земляробства і асваенне новых зямель патрабавала вялікіх намаганняў, для чаго сіл нават у вялікай патрыярхальнай сям’і было недастаткова. Даводзілася аб’ядноўвацца з суседзямі для сумеснай высечкі лесу і акультурвання глебы, каторую потым дзялілі паміж сабою. Зямельны надзел належаў дварышчу, а выганамі, сенакосам і лесам валодалі ўсёй абшчынай супольна. Суседскія абшчыны зваліся задругі, копы ці кучы, а іх удзельнікі, якія не з’яўляліся родзічамі сям’і — сяберамі (сябрамі). Сем’і з сяберамі ўпамінаюцца ў апісаннях маёнткаў, у каторыя ўваходзілі вёскі Глускай воласці. Словы “сябар” і “друг” зараз набылі больш глыбокі сэнс, чым проста “сусед”. А вось выраз “наваліцца ўсёй кучай (скопам)” па-ранейшаму азначае сумеснае выкананне людзьмі цяжкай працы. Цэнтральная сяліба сельскай абшчыны, а пазней адміністрацыйны цэнтр з царквой і могілкамі зваліся “пагост”. Ёсць вёска з назвай Пагост і на Глушчыне.

Разам — па даўнім звычаі

Ва ўсходняй частцы Беларусі не было такіх буйных прыватных гаспадарак і значных дзяржаўных маёнткаў, як у Літве (Гродзеншчыне ці Брэстчыне).

І дзяржаве, і прыватным уласнікам зямлі ад сельскай гаспадаркі карысці было мала з-за неўрадлівасці глебы, высокай лясістасці і забалочанасці. Больш важнае значэнне мелі промыслы (рыбалоўства, лоўля баброў і паляванне, бортніцтва), ад якіх паступалі ў казну і прадаваліся за мяжу футра, мёд, воск, скуры, сала.

З гэтай прычыны на Русі, у тым ліку і ў Глускай воласці, доўгі час захоўваўся традыцыйны лад жыцця.

Сяляне працягвалі карыстацца зямельнымі надзеламі, памеры каторых дакладна не былі вызначаны, перадавалі іх у спадчыну дзецям, нават сваімі лічылі. За гэта выконвалі для землеўладальніка тыя ці іншыя службы: вазілі грузы, палявалі на звяроў, лавілі рыбу, выраблялі патрэбныя для гаспадаркі рэчы. Ад нарыхтоўшчыкаў сена, што ў ёй жылі, атрымала назву вёска Касарычы. Паляўнічыя на баброў зваліся баброўнікамі, адсюль і Бабровічы пайшлі. Дзяржава і паны амаль да канца XVI стагоддзя прытрымліваліся даўняга палітычнага прынцыпу: “Не рушыць старыны, не ўводзіць навіны”.

Абшчыннае землеўладанне і суседскія ўзаемаадносіны паступова сталі асновай жыцця. Удзельнікі абшчыны разам высякалі лясы, распрацоўвалі ляды, масцілі гаці праз балоты. Сябры (суседзі) прыходзілі на дапамогу адзін аднаму, калі справа патрабавала шмат сіл і часу. Разам ставілі дамы маладым гаспадарам ці пагарэльцам, жалі збожжа, убіралі сена, нарыхтоўвалі дровы. З цягам часу магчымасці асобных сем’яў павялічыліся, але суседская ўзаемадапамога захавалася і ператварылася ў традыцыю. З той пары і прынята лічыць, што добры сусед лепшы за далёкага родзіча.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Последние новости

Власть

Президенты Беларуси и Мьянмы накануне официальных переговоров встретились в неформальной обстановке 

21 августа 2026
Читать новость
Общество

Глуск: 1396 — 2026. Узяліся кучай, або Як у Глускай воласці сяляне пасябравалі

21 августа 2026
Читать новость
Общество

Кожная пятніца — роднае, сваё. У трэцюю пятніцу месяца прыгатуем рыбную страву.

21 августа 2026
Читать новость
Будь в курсе

Глусский РОВД. О холодном оружии

20 августа 2026
Читать новость
Будь в курсе

Прямую линию 21 августа проведет депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Олег Дьяченко

20 августа 2026
Читать новость
Общество

В Глуске стартовал турнир по футболу среди детей и подростков на призы Глусского районного исполнительного комитета

20 августа 2026
Читать новость

Рекомендуем