Грошы разумных любяць
Усім вядома, што грошы любяць, калі іх лічаць, гэта так, але грошы яшчэ любяць, калі імі распараджаюцца з розумам — з гэтым таксама не паспрачаешся. Ці не таму дэвізам рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці і сталі словы “Грошы любяць разумных людзей”. Арганізатарамі яе выступаюць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі, а на абласным і раённым этапах — іх падведамасныя структуры, у нашым выпадку — Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці і ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
Раённы этап гэтага адметнага інтэлектуальнага спаборніцтва прайшоў у Глуску 21 кастрычніка, у ім прынялі ўдзел 22 вучні гарпасялковых школ і гімназіі, а таксама сельскіх вучэбна-педагагічных комплексаў. Заданні па фінансавай граматнасці прапаноўваліся ў выглядзе тэстаў (29 пытанняў) і невялікага эсэ, дзе патрэбна было паразважаць над тым, што лепей: браць крэдыт або запасіць грошы самастойна і паступова? Трэба адзначыць, што школьнікі, няхай сабе і старэйшыя, мяркуючы па іх выказваннях, даволі сур’ёзна ставяцца да гэтага пытання і лічаць, што запасіць грошы трэба ў любым выпадку — ці мала што можа здарыцца ў жыцці, а вось крэдыт браць — толькі на самае неабходнае, і толькі тады, калі ўпэўнены, што зможаш яго вярнуць. З такой думкай цяжка спрачацца, неаспрэчнымі былі і вынікі тэсціравання, якое і вызначыла пераможцаў. Першае месца на раённым этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці заняла вучаніца 11 класа гімназіі Дар’я Шарко, другое прысуджана таксама гімназістцы і таксама 11-класніцы Аляксандры Марціновіч, трэцяе месца — у вучаніцы школы № 2 Марыны Кавалёвай (11-ы клас). Адметнасцю сяголетняй фінансавай алімпіяды стала тое, што, акрамя трох прызёраў, было вырашана адзначыць яшчэ двух удзельнікаў, імі сталі гімназісткі Насця Змітровіч, 11-ы клас, і Яўгенія Кудзелка, 10-ы клас, дзяўчаты атрымалі падзякі за паспяховы ўдзел у раённым этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці. Як бачым, чатыры з пяці лепшых удзельнікаў алімпіяды вучацца ў гімназіі, таму трэба сказаць пра добрую работу іх настаўніка — Сяргея Яўгенавіча Сяргеева, які і дапамог ім так годна падрыхтавацца.
Заслужаныя ўзнагароды прызёрам фінансавай алімпіяды ўручылі члены журы — начальнік упраўлення касавых аперацый і перавозкі каштоўнасцей у горадзе Бабруйску Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Міхаіл Ліпаўка, загадчык сектара продажаў рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг цэнтра банкаўскіх паслуг № 707 філіяла № 703 ААТ “ААБ Беларусбанк” Жанна Малаковіч і начальнік аддзела рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра № 15 ААТ “Белаграпрамбанк” Святлана Арцюшэўская. Таксама ў склад журы ўваходзілі настаўніца матэматыкі СШ № 1 Таццяна Голуб і настаўнік грамадазнаўства гімназіі Сяргей Сяргееў.
Раённы этап — гэта першы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, і тых, хто прайшоў яго найбольш паспяхова, чакае наступны, абласны, ён намечаны на 23 лістапада і пройдзе ў Магілёве.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму