Темы

Пад мірным небам. Як глушчане адсвяткавалі 81-ю гадавіну Вялікай Перамогі

Пад мірным небам. Як глушчане адсвяткавалі 81-ю гадавіну Вялікай Перамогі

Як нехта трапна заўважыў, надвор’е было такое, што прымусіла зашпіліцца па-вайсковаму, на ўсе гузікі. Але нечаканы майскі холад (+12 пасля +30 днём раней) ніякім чынам не перашкодзіў нам адсвяткаваць наша любімае свята — Дзень Перамогі. Адсвяткаваць шырока, з радасцю, з гонарам, з ушанаваннем памяці загінуўшых, з падзякай тым, хто выжыў, адстаяў, даў нам магчымасць мірна жыць і працаваць. Вось чаму яшчэ напярэдадні 9 Мая ў Глускім раёне кветкі былі ўскладзены да ўсіх 136 помнікаў, абеліскаў і воінскіх пахаванняў (96 пахаванняў і 40 помнікаў).

На Мыслачанскай гары і на ваенных могілках у Хваставічах прайшлі мітынгі.

А раніцай 9 Мая жыхары райцэнтра і яго госці вялікай святочнай калонай рушылі да мемарыяльнага комплексу “Воінская Слава”, многія былі з партрэтамі іх продкаў, салдат мінулай вайны: беларусы і Беларусь іх памятаюць, удзячны ім, яны разам з намі ў страі. На мемарыяле “Воінская Слава” адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны 81-й гадавіне Вялікай Перамогі. Прысутных павіншаваў са святам старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў, ад моладзі Глушчыны выступіла старшыня Маладзёжнага савета пры Глускім раённым Савеце дэпутатаў і член Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Яўгенія Нікіціна. Была падрыхтавана кранальная музычна-тэатралізаваная кампазіцыя, у якой увасоблены і нашы слёзы, і наш боль, і мужнасць, і непахіснасць, і наша вялікая радасць.

Роўна апоўдні Глуск далучыўся да агульнанацыянальнай хвіліны маўчання, месцам яе правядзення стала Алея Славы ў цэнтральным парку. Пасля чаго кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў усклалі кветкі да бюста двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава, памятных знакаў Героям вайны і працы.

Тым часам святкаванне Дня Перамогі толькі набірала сілу. У цэнтральным парку свае тэматычныя пляцоўкі, сапраўдныя ваенныя і партызанскія паляны, арганізавалі мясцовыя сельгаспрадпрыемствы і сельвыканкамы, сацыяльны пансіянат “Веснава”. Гасцей яны сустракалі песнямі, вершамі, здзіўлялі рэдкімі экспанатамі (на адной з пляцовак быў “Віліс”, кажуць, 1944 года, ён да гэтага часу на хаду), частавалі салдацкай кашай. Знайшла сваіх цікаўных гледачоў і іншая рэтратэхніка і спецтэхніка, якая размясцілася на пляцоўцы каля Дома рамёстваў. У парку арганізавалі своеасаблівую паласу перашкод з разборкай і зборкай аўтамата — і я паспрабавала, аказваецца, рукі штосьці памятаюць з урокаў ваеннай падрыхтоўкі. Юныя мастакі са школы мастацтваў і аб’яднання “Арт-кроха” малявалі май, свята, вясну. На бульвары Грахоўскага мясцовыя арганізацыі і ўстановы таксама падрыхтавалі свае тэматычныя пляцоўкі і фотазоны, дзе ўсё было аформлена з густам, прыгожа, цікава, можна было згуляць у латарэю і выйграць сувенір ручной работы, набыць вырабы рамеснікаў, сфатаграфавацца з “салдатамі”, якія нібыта сышлі з пастамента. Былі ахвотныя пагартаць і падшыўкі нашай раённай газеты, паглядзець па старых фатаграфіях, як раней святкавалі Дзень Перамогі, некаторыя спрабавалі друкаваць на старой пішучай машынцы. Моладзь, асабліва юнакі, цікавілася сучаснай зброяй у ваеннай палатцы, а дзецям было раздолле на адмысловай гульнёвай зоне каля кінатэатра. Але больш за ўсіх каля сябе сабрала людзей вялікая сцэна на бульвары. Там цудоўны і разнастайны канцэрт паказалі спачатку выхаванцы і педагогі дзіцячай школы мастацтваў, цэнтра творчасці, а потым работнікі культуры. Не зраблю адкрыцця, але выкажу агульнае меркаванне гледачоў: ёсць таленты на Глушчыне, добра ўсё падрыхтавалі артысты, цікава, годна, малайцы, парадавалі землякоў дарослыя і дзеці. Шмат зрабілі для таго, каб свята прайшло весела, цікава, з настроем, нашы кааператары, Глускае АСП Клічаўскага райпо, а таксама прадпрымальнікі: гандлёвыя палаткі карысталіся вялікай папулярнасцю, і людзей было шмат, і смачнай ежы хапала (была традыцыйная салдацкая каша, панцак з тушонкай), і прысесці было дзе.

Па загадзя складзенай праграме на цэнтральным стадыёне Глуска прайшлі спартыўныя спаборніцтвы па футболе, валейболе, гандболе, паказальныя выступленні юных дзюдаістаў і таэквандзістаў. Сустрэчы былі таварыскімі, таму не будзем прыводзіць іх вынікі, але можам з упэўненасцю сцвярджаць, што добрая спартыўная змена расце ў раёне, сябруюць глушчане са спортам.

Увечары святкаванне прадоўжылася яшчэ адным канцэртам на галоўнай сцэне. Ахвотных культурнага адпачынку не меншала, а нават прыбывала, асабліва па меры таго, як набліжалася хвіліна, калі ўсіх запрашалі праспяваць галоўную песню свята, калі хочаце, яго музычны сімвал — “Дзень Перамогі”. І людзі сабраліся, і спявалі, і гэтым паказалі ўсім, як мы адносімся да свята Перамогі і да пакалення пераможцаў. Мы ўдзячны ім і ганарымся імі, мы памятаем іх. Няхай так будзе і далей.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ, Аляксандры АТЛАС

Последние новости

Калейдоскоп

Ветреный май. Прогноз погоды на 13—17 мая

12 мая 2026
Читать новость
Общество

День государственных символов Республики Беларусь торжественно отметили на Аллее Славы в Глуске

12 мая 2026
Читать новость
Культура

Глуск примет II Открытый фестиваль-конкурс детского искусства имени В. К. Иванова

12 мая 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко дал согласие на назначение Руслана Пархамовича председателем Гомельского горисполкома

12 мая 2026
Читать новость
Беларусь помнит

Пад мірным небам. Як глушчане адсвяткавалі 81-ю гадавіну Вялікай Перамогі

12 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

15 мая — горячая линия

12 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем