Темы

Кропка на карце. Пытанні і загадкі храма ў Гарадку

Кропка на карце. Пытанні і загадкі храма ў Гарадку

Пра Казьмадзямʼянаўскую царкву ў вёсцы Гарадок маецца шмат супярэчлівай, заблытанай і проста памылковай інфармацыі. Перш за ўсё гэта тычыцца архітэктурнага стылю, даты і гісторыі будаўніцтва. Нават адны і тыя ж крыніцы спачатку змяшчаюць адны звесткі, а праз некаторы час — ужо іншыя. Пры гэтым храм мае свае адметныя асаблівасці, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння, з яго узвядзеннем звязаны імёны вядомых архітэктараў і гістарычных асоб. І гэта, несумненна, будзе цікава для сапраўдных аматараў гісторыі, архітэктуры і для праваслаўных вернікаў.

Не класіка і не візантыйскі стыль

Супярэчнасці ў вызначэнні архітэктурнага стылю Казьмадзямʼянаўскай царквы ўзніклі з-за разыходжання ў поглядах навукоўцаў, якія займаліся яе вывучэннем і апісаннем. Адны бачылі ў архітэктуры будынка стылізаваныя элементы класіцызму, іншыя — візантыйскага стылю. Прычына непаразумення ў тым, што ў чыстым выглядзе архітэктурныя стылі амаль не ўжываюцца, заўсёды ў кожным канкрэтным выпадку адбываецца камбінаванне элементаў. Акрамя таго, гэта паняцце ўжываецца ў асноўным для будынкаў з каменю ці цэглы. І самае галоўнае — адметнасці архітэктурнага абʼекта абумоўлены асаблівасцямі эпохі і мэтай яго пабудовы.

Больш правільна было б разглядаць царкву ў Гарадку як узор Палескага драўлянага дойлідства. Палескія цэрквы наглядна паказваюць, якім чынам можа выкарыстоўвацца дрэва ў культавым будаўніцтве, якое з глыбокай старажытнасці выконвалася ў камені. Драўляны зруб аказаўся на дзіва прыдатны для самых розных задумак: ад строгай класікі да мудрагелістага барока. Пры гэтым двух аднолькавых палескіх храмаў не існуе. Арыгінальнасць і непаўторнасць надаюць ім традыцыі мясцовых цесляроў, якія значна адрозніваліся нават у суседніх вёсках. Нездарма Палескае драўлянае дойлідства змешчана ў Папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У гэты пералік уключаюцца кандыдаты на набыццё статусу абʼектаў сусветнай спадчыны.

Калі ўсё ж такі ёсць неабходнасць вызначыцца з архітэктурным стылем, то ў гады царавання Аляксандра II, а менавіта ён аддаў загад аб будаўніцтве новага будынка царквы ў Гарадку, атрымаў развіццё гэтак званы псеўдарускі стыль. Храмы ў гэтым стылі не былі копіямі старажытнарускай ці візантыйскай архітэктуры. Іх проста спецыяльна будавалі “пад старыну” з дапамогай рознага дэкору, таму і зʼявілася прыстаўка “псеўда” ў назве стылю.

У драўляных пабудовах такі дэкор выкарыстаць было немагчыма, хіба што толькі для багатай разьбы па дрэве ў час ўпрыгожвання інтэрʼера. Таму для будаўніцтва сельскіх драўляных цэркваў падбіраўся варыянт са зборніка тыповых праектаў, створаных вядомымі архітэктарамі і адобраных Святым Сінодам. З гэтай прычыны такія цэрквы адносяць да сінадальнага стылю.

Тыпавыя праекты на месцы перапрацоўвалі іншы раз да непазнавальнасці: усё залежала ад мясцовых умоў, архітэктара і яго памочніка. У ахоўнай дакументацыі Казьмадзямʼянаўскай царквы называюцца архітэктары А. І. Шаўцоў і А. С. Камінскі. Аўтарам праекта лічыцца акадэмік Імператарскай акадэміі мастацтваў Аляксей Іванавіч Шаўцоў.

Да нашага часу захавалася толькі некалькі грамадскіх будынкаў і цэркваў, узведзеных па яго праектах. Дачка архітэктара Вера была жонкай і мадэллю знакамітага мастака Ільі Рэпіна. Ажыццяўляць нагляд за будаўніцтвам храма ў Гарадку быў прызначаны памочнік архітэктара А. С. Камінскі, які ў час вучобы ў акадэміі выконваў такія ж абавязкі на будаўніцтве храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Дзве акварэлі Аляксандра Камінскага набыў для сваёй мастацкай галерэі Павел Траццякоў, з сястрой каторага мастак пазней ажаніўся. У сваёй працы Аляксандр Сцяпанавіч не прытрымліваўся якога-небудзь адзінага архітэктурнага стылю: для кожнага заказчыка ён вынаходзіў асаблівае вырашэнне, смела спалучаючы элементы розных эпох. І калі гэта ён правіў праект для царквы ў Гарадку, то зразумела, чаму цяжка вызначыць яе стылявы напрамак.

Пра дату пабудовы

Праваслаўныя цэрквы ў Гарадку існавалі, напэўна, яшчэ з тых часоў, калі тут быў цэнтр воласці — Глуск‑Пагарэлы. Пабудаваная ў 1814 годзе ўніяцкая царква з 1838 года была далучана да праваслаўнай канфесіі. Сустракаюцца сцвярджэнні, што ў 1866 годзе адбыліся яе рэканструкцыя і прыбудова званіцы. Пасля далучэння ўніяцкай царквы многія храмы былі сапраўды перабудаваны для набыцця імі “праваслаўнага” выгляду.

І вельмі часта з гэтай мэтай да іх прыбудоўвалі званіцы.

Але ў гарадкоўскай царкве званіца не прыбудавана, а складае адзінае цэлае з бабінцам, узвышаючыся над ім. Да таго ж маецца апісанне 1841 года, у якім адзначаецца аварыйны стан старой царквы: “Зданиемдеревянная с таковоюколокольнею, отдельноустроенною. Притвортребуетпеределки, а сама церковьфундаментальнойпочинки и обшивкистен”. Патрэбны рамонт не быў зроблены, яшчэ праз 20 год будынак настолькі струхлеў, што проста не вытрымаў бы цяжару новай званіцы і галоўнага купала. Супрацоўнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея на аснове шматлікіх дакументаў (праект, падрады на будаўніцтва, розныя справаздачы) даказваюць, што была пабудавана новая царква. З гэтым згодны і сучасныя даследчыкі. У кнізе А. І. Лакоткі “Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства”, што выйшла ў 2003 годзе, таксама адзначаецца, што царква пабудавана ў 1866 годзе.

Гісторыя пабудовы

Кантракт на пабудову драўлянай царквы ў мястэчку Гарадок з адміністрацыяй Мінскай губерні заключыў 6 студзеня 1863 года памешчык Баляслаў ІгнатавічЛанеўскі-Воўк. Пад заклад свайго маёнтка ў вёсцы Барысаўшчыне ён атрымаў і частку прызначаных для будаўніцтва грошай. Аднак па асабістых абставінах прыступіць да сваіх абавязкаў не змог, таму ў жніўні 1863 года справа была перадаручанапецярбургскаму купцу 1-й гільдыі СімхуКівавічу (Сямёну Кірылавічу) Гранату (дарэчы, ён дзядзька выдаўцоў знакамітага расійскага энцыклапедычнага слоўніка Аляксандра і Ігната Гранатаў). Грошы на будаўніцтва па загадзе цара Аляксандра II з дзяржаўнай казны выдадзены генерал-губернатарам графам Міхаілам Мураўёвым. Агульны кошт праекта склаў 4499 рублёў.

Да 1866 года новы храм быў пабудаваны. Арыгінальны праект патрабаваў і якаснага выканання, але, на жаль, з гэтым узніклі праблемы. Невядома, што перашкодзіла Камінскаму пракантраляваць будаўніцтва: вялікая адлегласць Гарадка ад сталіцы Расійскай імперыі, хвароба ці занятасць іншымі важнымі справамі. Другі наглядальнік — калежскі асэсар Палонскі — хутчэй за ўсё, нічога не разумеў у архітэктуры і займаўся толькі гаспадарчымі пытаннямі. Скарыстаўшыся сітуацыяй, падрадчыкі Сімха і Мардух Гранаты прыспешвалі будаўніцтва, не звяртаючы асаблівай увагі на якасць работ. Да таго ж яшчэ і ашукалі мясцовых сялян, якія секлі і вазілі лес для будаўніцтва, больш чым на сто рублёў серабром.

Будынак яшчэ не быў скончаны, як пад купалам адкрылася моцная цеча. Пасля дажджоў падлогу і сцены проста залівала вадой. Занепакоены настаяцель будучага храма Уладзімір Чаховіч вымушаны быў звярнуцца са скаргай да ўлад. Толькі пасля гэтага падрадчыкі выправілі дах і нават пагадзіліся заключыць спецыяльны дагавор на ліквідацыю іншых недахопаў, якія могуць узнікнуць да заканчэння будаўніцтва. У жніўні 1865 года быў дастаўлены і ўстаноўлены разны іканастас “нового устройства, без колонн, покрашен в белый цвет, а карнизы, резьба и рамы золоченые”. Восем ікон маскоўскага іканапісца Рыгора Зотава месціліся ў адзін ярус. У верасні 1865 года асноўныя работы былі скончаны, таму падрадчыкі атрымалі поўны разлік.

Усадка сцен і іншыя хібы будаўніцтва праз некаторы час прывялі  да аварыйнага стану будынка царквы. “Необходимо и неотложно на колокольне сделать весь верх заново, переслать пол в храме, заменить балки, пересмотреть верхние ряды рубленых стен под куполом и купол с главою сделать новые, крышу железную, фундамент исправить с отделкой продушин кирпичом, в окнах сделать железные прочные решетки”, — такім было рашэнне старшыні камісіі Назімава. На рамонт прыхаджанамі царквы было сабрана каля 3000 рублёў. У 1884 годзе недахопы былога будаўніцтва былі канчаткова выпраўлены: нанова перакрыты дах і перабудаваны купалы.

У 1900 годзе царква перажыла яшчэ адзін даволі значны рамонт. Каменная брама і царкоўная агароджа, атынкаваная цэментавым растворам, пабудаваны ў 1904 годзе. Прыкладна ў гэты ж час сцены будынка былі ашаляваны вагонкай.

Купалы храма былі пашкоджаны ў час вызваленчых баёў у чэрвені 1944 года. У велікодную ноч з 23 на 24 красавіка 1949 года ў выніку пажару выгарала частка даху плошчай два квадратныя метры. Вінаватай у гэтым была мясцовая моладзь, якая спрабавала перашкодзіць богаслужэнню і хрэснаму ходу. Сапсаваны дах выправілі 5 чэрвеня 1949 года, у 1952 годзе былі адрамантаваны пашкоджаныя з ваеннай пары купалы, а алтар і іканастас пафарбаваны ў 1959 годзе. З той пары ў храме адбываліся толькі неабходныя рамонтныя работы. Пасля абкрадання царквы ў 1977 годзе былі прыняты меры для захавання маёмасці храма: на дзверы пастаўлены запоры і замкі, а на вокны металічныя краты і аканіцы.

З чаго пачынаецца храм?

Храм пачынаецца не са сцен і ўвахода, а са святога месца, дзе ён пабудаваны. Сакральнае значэнне захоўвалася за месцам нават пасля таго, як самі цэрквы знікалі. Невыпадкова, што на былых царковішчах людзі не сяліліся, нічога не будавалі і памячалі якім‑небудзь памятным знакам, напрыклад, крыжом ці самай простай капліцаю. Відавочна, што на месцы, дзе знаходзіцца сучасная Казьмадзямʼянаўская царква, храмы рознага часу і аблічча існавалі ўжо шмат стагоддзяў. Пра гэта сведчаць старажытныя пахаванні, на некаторых з якіх чытаюцца надпісы і даты, напрыклад, 1789 год. Два пахаванні з выкладзенымі гарызантальна крыжамі, магчыма, адносяцца да XVII — пачатку XVIII стагоддзя. Сваю ролю ў раздзяленні духоўнага і свецкага выконвае і агароджа з двухслупавой брамай.

Будынак храма ў Гарадку мае тыповую для драўляных цэркваў сінадальнага стылю падоўжана-восевую кампазіцыю. З боку галоўнага фасада знаходзяцца ўваход у выглядзе стылізаванага порціка і трохʼярусная званіца: чацвярык (чатырохгранная аснова), васьмярык (васьмігранны ярус самой званіцы) і васьмігранны самкнёны паўсферычны купал. Далей месціцца бабінец — заходні прытвор царквы, дзе ў час набажэнства знаходзяцца жанчыны. Над малельнай залай узвышаецца васьмігранны самкнёны галоўны купал на светлавым барабане. Павялічвае прастору храма пяцігранная апсіда ў тылавой частцы будынка. Выступы прытвораў па баках надаюць яму ў плане форму крыжа,

у перакрыжаванні каторага знаходзіцца галоўны купал. Лепшай магчымасцю пабачыць унутранае ўбранне, іканастас, царкоўнае начынне, старажытныя рэчы і кнігі будзе наведванне службы 14 лістапада, у дзень памяці Казьмы і ДаміанаАсійскіх, якім прысвечаны храм.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Последние новости

Власть

Лукашенко дал интервью французскому журналу Le Point

17 ноября 2026
Читать новость
Общество

По факту. Где ребенку лучше: в плохой, но родной семье или в хороших условиях неродного дома

17 ноября 2026
Читать новость
Общество

Вакцинация против гриппа

17 ноября 2026
Читать новость
Здоровье

Витамин D: осенний дефицит и способы восполнения

17 ноября 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Тепло, но похолодает. Прогноз погоды на 18—22 ноября

17 ноября 2026
Читать новость
Общество

В Могилёвском районе задержан пьяный бесправный водитель

17 ноября 2026
Читать новость