Темы

Праект «Як тут вучыліся і вучылі». Летапіс Завалочыцкай школы

Праект «Як тут вучыліся і вучылі». Летапіс Завалочыцкай школы
Каля будынка старой школы. 1970-я

У рамках праекта “Як тут вучыліся і вучылі” сёння на старонках раённай газеты ўвазе чытачоў будзе прадстаўлена гісторыя Завалочыцкай школы, напісаная па аснове школьнага летапісу. Трэба сказаць, што ўдзел у конкурсе летапісаў, адзначылі ў Завалочыцкай школе, разварушыў цікавасць да гісторыі роднай вучэбнай установы і падштурхнуў калектыў да далейшых пошукаў інфармацыі, а значыць, летапіс будзе яшчэ дапоўнены, каб для нашчадкаў засталася самая дакладная гісторыя школы.

Старонкі гісторыі

У 1922 годзе ў былым маёнтку Завалочыцы быў створаны першы ў раёне саўгас. Па некаторых звестках, у адным будынку з канторай саўгаса размяшчалася і школа, адчыненая ў 1924 годзе. Асобны будынак пачатковая школа займела ў 1932 годзе. З 1950 года школа ўжо стала сямігадовай, яна размяшчалася каля сажалкі, насупраць канторы саўгаса “Завалочыцы”. Дырэктарам быў Сцяпан Васілевіч Сяргейчык.

У 1954 годзе дырэктарам школы стаў Міхаіл Аляксандравіч Храпко. Ён кіраваў установай 35 гадоў. Доўгі час побач плённа працаваў яго намеснік Уладзімір Іванавіч Атліванчык.

Міхаіл Аляксандравіч Храпко, дырэктар Завалочыцкай школы, з жонкай Тамарай Парфіраўнай

У 1966 годзе быў пабудаваны новы, цагляны, будынак школы, якая атрымала статус сярэдняй. У той час настаўнікамі працавалі сёстры Ніна і Марыя Окрут, Марыя Лук’янаўна Пятроўская, Кацярына Рыгораўна Нікалайчык, Ганна Іванаўна Мікульская, Зінаіда Фёдараўна Нікалайчык, Станіслаў Іосіфавіч Жалкоўскі, Дзмітрый Барысавіч Леванькоў, Міхаіл Сямёнавіч Мігас, Уладзімір Мікалаевіч Жарнаклёў, Зінаіда Фёдараўна Кузьмянкова, Іван Васілевіч Белавушка, пазней у школьны калектыў уліліся новыя настаўнікі: Ніна Іванаўна Ермаліцкая, Міхаіл Філіпавіч (фізік) і Ганна Емяльянаўна (настаўніца пачатковых класаў) Цыганковы, матэматыкі Мікалай Філіпавіч Цыганкоў і Анастасія Кузьмінічна Афанасенка (у 1969 годзе ёй было пpысвоена званне заслужанай настаўніцы БССР). У школе працавалі таксама ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Паўлавіч Осін і Сцяпан Васілевіч Сяргейчык. 

У 1970-я ў калектыў прыйшлі маладыя спецыялісты — фізрук Алег Барысавіч Карпачоў, хімік-біёлаг Валянціна Аляксандраўна Шаўрук, гісторык Зінаіда Сцяпанаўна Дарошка, Ірына Аляксандраўна Жаркевіч.

Многія з настаўнікаў Завалочыцкай школы самі з’яўляюцца яе выпускнікамі: Наталля Міхайлаўна Шылава, Аляксандр Пятровіч Курс, Вольга Віктараўна Курс, Таццяна Міхайлаўна Герман, Людміла Леанідаўна Дзяшчэня.

У 1989  годзе дырэктарам школы стаў Аляксандр Пятровіч Курс, ён узначальваў настаўніцкі калектыў на працягу 11 гадоў.

З 2000 года Завалочыцкую школу ўзначальвае Наталля Міхайлаўна Шылава.

У школьнай сталовай. 1970 год

У 1988 годзе была зачынена Гарадокская школа, у 1991-м — Сіманавіцкая, у 2017-м — Макавіцкая, і вучні, якія наведвалі гэтыя ўстановы, пераходзілі вучыцца ў Завалочыцы. Школа некалькі разоў рэарганізоўвалася і мяняла назву, з 2011 года гэта Завалочыцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Заслужаная настаўніца

Анастасія Кузьмінічна  Афанасенка адносіцца да тых настаўнікаў, пра якіх гавораць: “Настаўнік ад Бога”. Пад гэтымі словамі падпішуцца і яе вучні, і калегі, і проста аднавяскоўцы.

1991 год. Калектыў Завалочыцкай школы, у першым радзе другая злева —
заслужаная настаўніца БССР Анастасія Кузьмінічна Афанасенка

Анастасія Кузьмінічна была старэйшай дачкой у вялікай сям’і. Скончыўшы школу ў пасляваенны час, большасць яе аднагодкаў ішлі працаваць, каб дапамагчы бацькам падгадаваць меншых братоў і сясцёр. Тое, што Насця пойдзе вучыцца, было рашэннем яе бацькі. Нягледзячы на цяжкасці, якія перажывала сям’я, ён адправіў дачку ў Мінск з цвёрдым намерам вывучыць яе на настаўніцу.

Пасля заканчэння педагагічнага інстытута маладая дзяўчына па размеркаванні прыязджае ў Глускі раён. Тут яна працуе ў Касарыцкай, а потым у Каткаўскай сярэдніх школах. Тут знаходзіць сваё асабістае шчасце. Малады настаўнік, таксама матэматык, Мікалай Філіпавіч Цыганкоў становіцца ёй верным і надзейным спадарожнікам на ўсё жыццё.

Кампетэнтную, ініцыятыўную і працалюбівую настаўніцу не маглі не заўважыць у раённым аддзеле адукацыі. Некалькі гадоў Анастасія Кузьмінічна працуе інспектарам райана. У любое надвор’е, нягледзячы на адсутнасць транспарту, на папутных машынах, а то і пешшу, спяшаецца яна ў школы: заўсёды дапаможа, параіць, падтрымае.

У 1967 годзе адчыняецца новая школа ў Завалочыцах, і сям’я Цыганковых пераязджае сюды. З Завалочыцкай сярэдняй школай звязана ўся далейшая праца і жыццё Анастасіі Кузьмінічны і яе сям’і.

Частым госцем у школе быў Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак

Строгая і справядлівая на ўроках, яна вучыла думаць, разважаць, вучыла працаваць. Яе вучні нязменна былі лепшымі на раённых і абласных прадметных алімпіядах, а выпускнікі бліскуча вытрымлівалі ўступныя экзамены ў ВНУ. Яна падрыхтавала сабе вялікую маладую змену — больш за 20 яе выпускнікоў сталі настаўнікамі матэматыкі.

Дзяржава па заслугах ацаніла працу настаўніцы: Анастасія Кузьмінічна Афанасенка была ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік БССР” і ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Але самай дарагой і важнай узнагародай для Анастасіі Кузьмінічны былі павага і любоў яе вучняў, іх бацькоў, калег.

Яна была незвычайна захопленым і ініцыятыўным чалавекам не толькі на рабоце. Анастасія Кузьмінічна выбіралася дэпутатам Завалочыцкага сельскага Савета. Была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці: ні адзін канцэрт калектыву Завалочыцкага СДК не абыходзіўся без гумарэсак у яе выкананні. Прыгожы, светлы чалавек. Вучні Анастасіі Кузьмінічны і сёння настаўнічаюць у Завалочыцкай школе. І не толькі ў ёй. Памяць аб настаўніцы жыве ў іх сэрцах, у іх справах.

Дынастыя

Міхаіл Аляксандравіч Храпко — гэтага чалавека смела можна назваць адной з галоўных асоб у гісторыі Завалочыцкай школы.

Нарадзіўся Міхаіл Аляксандравіч ў вёсцы Жалвінец 3 мая 1929 года. Бацька быў трактарыстам, а маці — рабочай у калгасе. Пасля заканчэння Жалвінецкай школы вучыўся ў Бабруйскім дзяржаўным інстытуце і атрымаў кваліфікацыю настаўніка фізікі і матэматыкі 5—7-х класаў сярэдняй школы. У жніўні 1952 года пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі ў Завалочыцкай сямігадовай школе, а ў жніўні 1954 года Міхаіла Аляксандравіча прызначылі дырэктарам школы. На гэтай пасадзе ён працаваў 35 год, да 1989-га, да выхаду на пенсію.

У 1968 годзе Міхаіл Храпко скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці “настаўнік матэматыкі сярэдняй школы”. У гэтым жа годзе ён быў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, а ў 1988-м — медалём “Ветеран труда”.

На школьнай лінейцы. 1989 год

З выхадам на пенсію не скончыўся працоўны шлях былога дырэктара: да 1991 года ён працаваў настаўнікам у сваёй школе.

Старэйшая дачка Міхаіла Аляксандравіча — Наталля Міхайлаўна Шылава — працуе ў Завалочыцкай школе са студзеня 1985 года. Спачатку была старшай піянерважатай, потым арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а з лістапада 2000 года яна дырэктар школы.

Дачка Наталлі Міхайлаўны — Алена Сяргееўна Лісіца — скончыла ў 2008 годзе Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт. З 2008 па 2010 год яна працавала настаўнікам англійскай мовы ў СШ № 1 Глуска. Потым прыйшла ў аддзел адукацыі Бабруйскага райвыканкама метадыстам па выхаваўчай рабоце. З 2017 года працавала галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі, спорце і турызме Бабруйскага гарвыканкама, а ў лютым 2020-га ўзначаліла аддзел.

Малодшая дачка Міхаіла Аляксандравіча Храпко — Таццяна Міхайлаўна Герман — таксама знайшла сябе ў прафесіі педагога. З 1993 года яна працуе ў Завалочыцкай школе, была выхавацелем групы падоўжанага дня, старшай важатай, настаўнікам пачатковых класаў, педагогам-арганізатарам, зараз яна настаўнік АБЖ і па сумяшчальніцтве педагог-арганізатар.

Дачка Таццяны Міхайлаўны — Наталля Уладзіміраўна Шымчык — скончыла Магілёўскі педагагічны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова і са жніўня 2016 года працуе ў Завалочыцкай школе настаўніцай інфарматыкі і замежнай мовы.

Школа імі ганарыцца

З 1967 года з залатымі або сярэбранымі медалямі Завалочыцкую школу скончылі 53 выпускнікі. На працягу свайго існавання школа выпусціла шмат вядомых людзей, сярод іх куцюр’е Уладзімір Анатолевіч Зубец, кандыдат фізіка-матэматычных навук Галіна Андрэеўна Шамак, Уладзімір Уладзіміравіч Рынг.

Уладзімір Рынг нарадзіўся 13 лістапада 1951 года ў вёсцы Сіманавічы. Скончыў 8 класаў Завалочыцкай школы ў 1966 годзе і паступіў у Бабруйскі аўтатранспартны каледж. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы ў 17 гадоў стаў начальнікам гаража. Далей — камандзір аддзялення ў арміі і стараста ў інстытуце. Уладзімір Рынг скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, факультэт фінансаў і банкаўскай справы. Працаваў дырэктарам саўгаса “Завадокскі” Краснапольскага раёна, пасля ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы Дрыбінскага райвыканкама, затым кіраўніком банка. У 1994 годзе заснаваў фермерскую гаспадарку “Ринг С. В.”. І хоць гаспадарка носіць імя сына, кіраўнік, ідэйны натхняльнік, галоўны працаўнік і дырэктар у ёй бацька. Упраўляцца з гаспадаркай, якая спецыялізуецца ва многіх галінах  (агародніцтва, бульбаводства, вытворчасць збожжавых, перапрацоўка гародніны, малочная жывёлагадоўля), Уладзіміру Уладзіміравічу дапамагаюць сыны Сяргей і Алег і іх жонкі. Не адзін раз (у 2003, 2005, 2009, 2010, 2011, 2013 гадах) фермер удастойваўся звання “Лепшы прадпрымальнік Магілёўскай вобласці” ў намінацыі “Сельская гаспадарка”.

Уладзімір Зубец нарадзіўся ў вёсцы Сіманавічы. Маляваннем пачаў захапляцца з маленства. У 1979  годзе скончыў 10-ы клас і паехаў у Маскву паступаць у мастацкае вучылішча. Але не паступіў. Засмучаны тым, што не знайшоў сябе ў спісе, затрымаўся каля акна ў роздуме, што рабіць далей. І тут да яго падышоў стары сівы мужчына (напэўна, выкладчык), дакрануўся да пляча і сказаў: “Малады чалавек, не засмучайцеся, вы таленавіты”. Валодзя застаўся ў Маскве, паступіў у ПТВ вучыцца на цесляра і закончыў яго на выдатна, што давала права на льготнае паступленне ў будаўнічы інстытут. Але Уладзімір адмовіўся, ён пайшоў у армію. Служыў у Карэліі, у пагранічных войсках. І тут зноў жа больш займаўся афарміцельскай справай. Пасля службы спрабаваў паступіць у тэкстыльны інстытут. І хоць дзве спробы былі няўдалымі, потым выкладчыкі здзіўляліся, як ён не мог прайсці адразу.

Працу ў прыватнай фірме Уладзімір знайшоў па аб’яве ў метро. Гаспадыня фірмы не пашкадавала грошай на яго першую калекцыю (потым яна выгадна прадала яе ў Парыжы), з якой ён выступіў ў 1994 годзе на конкурсе маладых мадэльераў, яго праводзіць Дом моды Вячаслава Зайцава, і заняў другое месца. У наступным годзе Уладзімір Зубец заваяваў Гран-пры і права ўдзельнічаць у Тыдні высокай моды. Тут яго заўважыў французскі мадэльер Пако Рабан і нават запрасіў са сваёй калекцыяй прыехаць у Парыж.

Цяпер Уладзімір Зубец — член Саюза дызайнераў Расіі, старшыня журы ў шматлікіх конкурсах для юных дызайнераў, а таксама прамысловы дызайнер, за яго плячыма праца з такімі брэндамі, як Paninter, Ateliers, BosBison, Incity.

Последние новости

Происшествия

Из зала суда. Началось с того, что вор увидел на улице незапертые «Жигули»

28 апреля 2024
Общество

В Глусском районе началась выплата материальной помощи ко Дню Победы

27 апреля 2024
Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024