Темы

З блакнотам па раёне. Калюга

З блакнотам па раёне. Калюга

У Глускім раёне на тэрыторыі шасці сельсаветаў размясцілася 107 вёсак. Гэта і аграгарадкі, і сёлы без такога высокага статусу, і проста малыя вёсачкі, якія жывуць сваім асаблівым жыццём у далечыні ад мітусні і шумных дарог. Адзін з такіх населеных пунктаў — Калюга.

З аднаго боку вёску атачаюць лясы і балоты, а з другога па суседстве размясціліся Сельцы, Макавічы, Пагост. Упершыню Калюга ўпамінаецца ў 1626 годзе як сяло ў складзе маёнтка Глуск Дубровіцкі. За сваю шматвяковую гісторыю вёска не раз пераходзіла ад аднаго гаспадара да другога. А ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя яе падзялілі паміж сабою адразу тры землеўладальнікі. У 1917 годзе ў Калюзе пражывала аж 503 чалавекі! У часы савецкай улады, як і паўсюдна, тут прайшла калектывізацыя — калгас аб’яднаў 150 гаспадарак. Але ж гэта ўсё сухія лічбы. А вось якімі паўсядзённымі клопатамі жыла вёска, могуць расказаць толькі яе жыхары, што раслі, сталелі тут. Іх жыццё — тая гісторыя, якую не прачытаеш у кнізе.

На сённяшні дзень у Калюзе зарэгістравана тры доўгажыхары: Іван Сцяпанавіч Зубкевіч, Марыя Андрэеўна Каваленка і Марыя Савельеўна Каранкевіч (зараз жыве ў дзяцей у Калацічах). З двума з іх — Іванам Сцяпанавічам (1927 г. н.) і Марыяй Андрэеўнай (1926 г. н.) — мне давялося паразмаўляць.

Старажылы ўспамінаюць, што калісьці ў Калюзе людзей было шмат, а вось цяпер добра, калі некалькі чалавек за дзень на вуліцы сустрэнеш. У 2010 годзе ў вёсцы пражывала 43 чалавекі, у 2017-м — зарэгістравана 29.

З вялікім шкадаваннем успаміналі і Іван Сцяпанавіч, і Марыя Андрэеўна драўляную царкву, якая стаяла ў Калюзе да 1930-х гадоў.

Марыя Андрэеўна Каваленка

— Добра памятаю нашу царкву, — расказвае Марыя Андрэеўна. — Мой тата вадзіў мяне яшчэ малую туды да Прычасця. Шмат абразоў было ў царкве. З навакольных вёсак мноства людзей прыязджала на начную Велікодную службу ды ў іншыя святы. Пазней, калі ішла барацьба з рэлігіяй, з будынка скінулі купалы, некаторыя абразы калюжане забралі, а царкоўныя рэчы ды вялікія драўляныя абразы спалілі. Майго тату, як умелага цесляра, прасілі дапамагчы зрабіць з царквы клуб. Але бацька адмовіўся. Быў ён вельмі набожным чалавекам, не памаліўшыся, есці не садзіўся, а тут яго просяць святое месца разбурыць і зрабіць месца для забаў. Канешне ж, знайшліся іншыя ўмельцы, і ў Калюзе з’явілася забаўляльная ўстанова замест храма. Ніхто з нашай сям’і туды не хадзіў, дарэчы, як і іншыя набожныя калюжане. А некаторыя вяскоўцы песні там слухалі ды пелі, кіно глядзелі, танцы ладзілі. Як гавораць, кожнаму сваё…

Іван Сцяпанавіч Зубкевіч

— Шкада царкву, — кажа Іван Сцяпанавіч. — Я яшчэ малы быў, калі яе разбурылі. Каб уратаваць абразы, я па загадзе дзядзькі лазіў праз вокны ў храм ды здымаў іх. Потым з царквы зрабілі клуб, пазней прыстасавалі яго пад свіран (будынак, прызначаны для захоўвання збожжа. — Аўт.), а потым свіран перабудавалі ў магазін.

Але ўсё ж такі самыя вострыя пачуцці, самыя цяжкія ўспаміны звязаны ў калюжан з Вялікай Айчыннай вайной. На вясковых могілках ёсць абеліск у гонар пяці партызан, якія там пахаваны. У цэнтры вёскі таксама стаіць помнік у памяць 30 вяскоўцаў, загінуўшых на фронце. Вайна закранула кожную сям’ю: калюжскія мужчыны былі партызанамі, ваявалі на фронце, а хлопцы ды дзяўчаты цяжка працавалі ў далёкай Германіі.

— У 1941 годзе мне было 15 гадоў, — працягвае нашу размову Марыя Андрэеўна. — Такіх, як я, падлеткаў і крыху старэйшых хлопцаў ды дзяўчат забіралі на прымусовую працу ў Германію. У нашых мясцінах, напэўна, яшчэ больш за фашыстаў лютавалі паліцаі. У Жалвінцы некаторы час стаяў паліцэйскі атрад Макарава. Вось яны і ездзілі па наваколлі, збіралі моладзь для адпраўкі ў Германію, вышуквалі партызан ды іх сем’і. Ад хапуноў даводзілася хавацца. Спачатку ў лесе ў зямлянках, а потым, калі паліцаі пачалі з немцамі нас па лясах вышукваць, хаваліся дома. У нас у двары стаяла стопка, дзе бульбу захоўвалі. Там печ была: тапілі ў маразы, каб бульба не змерзла. Дык вось маці бульбу ад печы адсыпле, я ў падпечак залезу, яна дошкаю мой лаз закрые, а бульбу ізноў на месца адгорне. Бывала, там і разам з сяброўкаю чакалі, калі пройдзе хапун. Аднойчы я і мой брат не паспелі схавацца. Брата забралі ў канцлагер: не змаглі бацькі выратаваць. Мяне, можна сказаць, адкупілі. Паліцай з немцам і перакладчыкам прыйшлі да нас у хату на досвітку. Паказалі паперку, нешта падобнае на прадпісанне, што мяне забіраюць. На тым немец і паліцай пайшлі з хаты, а пільнаваць і правесці мяне на выган, дзе ўсю моладзь збіралі, пакінулі перакладчыка і мясцовага хлопца. Бацька стаў прасіць іх не забіраць дзіця. На дзіва, яны пагадзіліся — адпусцілі мяне за літр гарэлкі ды кавалак сала. Насупраць нашай хаты стаяла хата майго старэйшага брата, які ў той час ужо быў у партызанскім атрадзе і сям’ю туды забраў. У пачатку вайны ў братаву хату тата пусціў жанчыну-бежанку з шасцю малымі дзецьмі. Мяне паціху перавялі да іх і схавалі там на печы. Але калі жанчына пачула, як па вёсцы вялі да машыны падлеткаў ды моладзь, а бацькі ім услед галасілі, то не вытрымалі ў яе нервы (напэўна, пабаялася за сваіх дзяцей), адправіла яна мяне на гарышча. Там праз акенца мне амаль уся вёска была відаць. Бачыла, як гналі маіх аднагодкаў на выган, як паліцаі і немцы абшуквалі хаты і хлявы: можа, хто схаваўся ды не пайшоў, не выканаў іх загад. Мяне не знайшлі…

Пасля вызвалення вяскоўцаў чакаў яшчэ адзін цяжкі перыяд жыцця — аднаўлялі калгасы, асабістыя гаспадаркі, жанчыны і дзеці чакалі вяртання з фронту сваіх мужоў ды бацькоў. У гэты час, напэўна, не было ў сяле ні аднаго двара, дзе б сытна елі ды адпачывалі. Працавалі ўсе: і дзеці, і дарослыя, і старыя. Як успамінае Іван Сцяпанавіч Зубкевіч, каб не галадаць, прыходзілася іншы раз хадзіць па шчаўе за 10 кіламетраў ад вёскі. Дзецям было не да вучобы — дапамагалі бацькам. Марыя Андрэеўна Каваленка да вайны скончыла толькі тры класы пачатковай школы ў Калюзе. Пасля вызвалення, каб атрымаць закончаную пачатковую адукацыю, год хадзіла ў вячэрнюю школу (лікпункт): удзень працавала, а вечарам вучылася.

— У некаторых маіх аднагодкаў, — гаворыць Марыя Андрэеўна, — і такой адукацыі не было. Не да вучобы — гаравалі з раніцы і да цямна. Сеялі жыта, лён, грэчку — усё, што патрэбна было, каб пракарміцца. Самі кужаль (валокны ачэсанага лёну. — Аўт.) пралі, ткалі, потым самі ж і шылі для ўсёй сям’і адзенне. Да гэтага часу памятаю вельмі прыгожую спадніцу, якую мама мне пашыла з тонкага саматканага фарбаванага палатна.

Быў час у вяскоўцаў цяжка працаваць, быў час, як акрыялі крыху пасля вайны, і святкаваць. Адзначалі, канешне ж, савецкія святы, а таксама рэлігійныя — Вялікдзень, Раство. Як успамінае Марыя Андрэеўна, у іх сям’і заўсёды прытрымліваліся рэлігійных традыцый, напрыклад, усе трымалі пост, хадзілі ў царкву. Яна і зараз імкнецца выконваць заведзеныя калісьці бацькамі сямейныя традыцыі.

Любілі вяскоўцы кірмашы, прымеркаваныя да рэлігійных святаў. У Калюзе кірмаш праводзіўся 22 мая ў дзень Святога Міколы. Госці ішлі з Юзафова, Пагоста, Макавіч ды іншых вёсак. І калюжане ў сваю чаргу таксама хадзілі на кірмашы не толькі ў суседнія сёлы, а нават у Сіманавічы даходзілі. “Зараз жа, у наш час, — са шкадаваннем гаворыць Іван Сцяпанавіч, — такіх шматлюдных ды вясёлых святаў у Калюзе няма. Кожны сам па сабе, у сваім двары ды ў сваёй хаце — усе паасобку”.

Разам былі жыхары Калюгі не толькі ў святы. У 1992 годзе яны агульна змагаліся з напаткаўшаю іх бядою. Тады вёска зведала страшную трагедыю — здарыўся пажар. Згарэла 32 дамы, у агні загінулі дзве жанчыны-пенсіянеркі. Іван Сцяпанавіч успамінае:

— Згарэла палова вёскі ў адно імгненне, і дамы, і маёмасць, і жыўнасць. Вецер перакідваў іскры больш чым на 200 метраў. Я ледзь паспеў выскачыць з хаты. Можна сказаць, што ў адной кашулі людзі засталіся. Другую палову вёскі змаглі выратаваць ад агню. Праз некалькі тыдняў пасля пажару да нас Кебіч (тагачасны Прэм’ер-міністр Беларусі. — Аўт.) прыязджаў — яго верталёт на полі прызямліўся. Пахадзіў ён тут, паглядзеў, што здарылася, з вяскоўцамі пагаварыў. Ну а потым, як кажуць, усім светам нам жыллё адбудавалі.

— Падчас пажару, — успамінае Марыя Андрэеўна, — вецер быў такі моцны, што іскры ляцелі ад палаючых дамоў аж да нашых хат, а гэта метраў 500. На маю, праўда, не трапіла нічога, а вось на дах суседняй хаты прыляцела. Мужчыны своечасова заўважылі, пачалі руберойд зрываць ды на зямлю кідаць, вадою заліваць. Так і выратавалі і суседскую хату, і нашы.

Старажылы ўспамінаюць, што вёска гарэла і раней: адна з калюжскіх жанчын па неасцярожнасці ўпаліла свой хлеў, а ад яго і пайшло гарэць — шмат дамоў у сяле згарэла тады.

Пасля страшнага пажару 1992 года пры ўездзе ў Калюгу быў пастаўлены памятны знак. На жаль, зараз ад яго амаль нічога не засталося — ад часу разбурыўся ці хто дапамог, невядома.

Цяпер адбудаваная Калюга нагадвае заходнееўрапейскую вёску з акуратнымі цаглянымі домікамі. Але людзей на прыгожай шырокай вуліцы ў цёплы летні дзень мы не сустрэлі, ды і ў дварах нікога не відаць было. У другой частцы вёскі, дзе стаяць пафарбаваныя драўляныя хаткі, таксама ні аднаго чалавека. Мабыць, рэдка тут людзі ходзяць, бо трава паабапал вясковай дарогі (якая, дарэчы, ледзь угадваецца) вырасла амаль у рост чалавека. Прырода паступова займае тыя мясціны, якія пакідае чалавек. Але, думаю, Калюга, прынамсі, у бліжэйшы час яшчэ не знікне з карты нашага раёна — дзякуючы дачнікам ды нашчадкам вяскоўцаў яна і далей будзе жыць сваім ціхім, незаўважным для іншых жыццём.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Актуально

Чем опасны весенние грибы

6 мая 2024
Власть

Лукашенко рассказал, почему на Пасху посетил храм именно вблизи Днепра

6 мая 2024
Общество

Светлое Воскресение Христово отпраздновали православные верующие

6 мая 2024
Духовность

Встреча в Свято-Богоявленском храме Глуска

5 мая 2024
Общество

5 мая — День печати

5 мая 2024
Общество

ПАСХАЛЬНОЕ ПОСЛАНИЕ ЕПИСКОПА БОБРУЙСКОГО И БЫХОВСКОГО СЕРАФИМА

5 мая 2024
Происшествия

Возле деревни Згоды Глусского района нашли снаряд времен войны

4 мая 2024
Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Общество

Лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна выбраны

4 мая 2024
Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024

Рекомендуем

Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024