Темы

З блакнотам па раёне. Вёска Старына

З блакнотам па раёне. Вёска Старына

Ніхто з мясцовых дакладна не ведае, чаму вёска называецца іменна Старына. Меркаванняў наконт гэтага шмат. І адно з іх, якое выказала падчас нашай размовы Ульяна Максімаўна Сокал, падалося найбольш слушным. Колісь тут было шмат магутных вячыстых дубоў. Менавіта яны асацыіраваліся ў людзей са словамі “стары, старажытны”. Магчыма, так і з’явілася назва вёскі.

А вось што пра Старыну сказана ў кнізе “Памяць. Глускі раён”: “Вёска ў Клятнянскім сельсавеце (з 2013 года ў складзе Хваставіцкага сельсавета. — Аўт.). Вядома з XIX ст. У 1897 г. хутар, 1 двор, 6 жыхароў, у Глускай воласці Бабруйскага павета. У пачатку XX ст. вёска ў Гарадоцкай воласці Бабруйскага павета, 6 двароў, 25 жыхароў. У 1917 хутар, 1 двор, 6 жыхароў, у Глускай воласці Бабруйскага павета. У 1931 г. арганізаваны калгас “Новае жыццё”, які ў 1937 г. меў 385 га сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 150 га ворнай зямлі, аб’ядноўваў 68 гаспадарак. У 1996 г. 48 двароў, 98 жыхароў, у складзе калгаса “Гвардыя”.

Жыццё не стаіць на месцы, падзеі змяняюць адна адну. Мы бачым, як Старына спачатку была хутарам, потым невялікай вёскай, як то меней, то болей станавілася яе жыхароў. Яна і разраслася дзякуючы хутарам. “Перад вайной Старыны лічы што не было, усяго некалькі дамоў, — успамінае Ульяна Сокал. — Наша сям’я жыла за шэсць кіламетраў ад Старыны — на хутары ў Яменцах. Дабірацца туды было складана, вакол грузкія брады. Бацькі яшчэ неяк хадзілі, а мы, дзеці, — ніяк. Памятаю, мае сёстры, якія вельмі хацелі вучыцца, памкнуліся прайсці па кладках, каб трапіць у школу. Выйсці з грузкасці так і не змаглі, школа так і засталася марай. Не ведаю, колькі б мы яшчэ жылі ў такой глушы, каб не сітуацыя, якая кардынальна змяніла наша існаванне. Аднойчы прыйшлі да нас нейкія людзі і загадалі перасяляцца. Добраахвотна мы не хацелі гэтага рабіць, дык яны ўзялі і спусцілі дах на нашай хаце. Тут ужо хочаш не хочаш, а мусіш з’ехаць. Праўда, яшчэ некаторы час заставаліся на сваёй сядзібе. Есці па-ранейшаму гатавалі ў печы, толькі пад адкрытым небам, а жылі ў склепе. Неяк у адзін з вечароў да нас завітаў старац. Не ведаю толькі, як яму ўдалося пераадолець такі няпросты шлях, бо чалавек гэты быў сляпы. Пачаставалі яго, як маглі, разгаварыліся, і тут ён кажа: “Ведаю, чаго вас зганяюць разам. Вайна хутка будзе”. Гэтыя яго словы запомніліся на ўсё жыццё. Неўзабаве і мы пакінулі Яменцы. Спачатку рэшткі хаты скінулі ў Сельцах, а потым перавезлі ў Старыну. Нам, хто перабраўся аднымі з першых, выдзелілі 60 сотак зямлі, а хто пераехаў пазней — атрымаў толькі 30 сотак.

Ульяна Сокал з праўнукамі Максімам і Данікам

Паступова вёска засялілася перасяленцамі з іншых хутароў: з Ямішча, Гарожы, Дуб’я… Наша сям’я, сямёра дзяцей і бацькі, асела на вуліцы, якую пазней па-мясцоваму назвалі Камароўка. І не таму, што камароў было зашмат, сэнс крыецца ў іншым. На нашай вуліцы амаль што ўсе сем’і былі шматдзетнымі — у нас сямёра (у вайну нарадзілася восьмае), у аднаго суседа восем, у другога — сем… Як выйдуць усе дзеці гуляць — снуюць, бегаюць, асабліва ажыўлена было пасля дажджу: кожны стараўся памераць лужыну ды залезці, дзе глыбей, каб больш гразі начапіць на ногі — такая мітусня пачынаецца, не раўнуючы, як камары таўкуцца. Так і прычапілася да нашай вуліцы назва Камароўка. А яшчэ ў нашай вёсцы ёсць Глухаўка і Булякова”.

Кветнік каля хаты ўпрыгожвае вуліцу, якую мясцовыя называюць Глухаўка

Заўсёды з непадробным інтарэсам і нават асалодай слухаеш расказы старажылаў пра іх жыццё-быццё. І ўспаміны бываюць настолькі яскравыя, што міжвольна сам пераносішся ў тыя часы і быццам бы становішся сведкам тых падзей. Шмат чаго Ульяна Максімаўна парасказвала пра вайну і жыццё пасля яе: “У вайну ой як было ліха… Удзень немцы на вёсцы арудуюць, ноччу — партызаны наведваюцца. Было так, што ўся вёска ледзьве не пайшла дымам. У канцы нашай Камароўкі жыў чалавек, у якога тры сыны служылі ў паліцыі. Партызаны за такую здраду рашылі адпомсціць і запалілі хату іх бацькі. Немцы адразу ж сталі шукаць, хто гэта зрабіў. Дапытваліся ў вяскоўцаў, і тыя ў адзін голас казалі, што хату падпалілі партызаны. Пасля гэтага немцы супакоіліся і не сталі нас чапаць, а то хацелі ўсю вёску знішчыць.

Старэйшая жыхарка вёскі Вольга Іванаўна Голуб

Даставалася нам і ад “партызан”, якія не ваявалі, а болей людзей грабілі. Былі ў вайну і такія. Аднойчы ноччу яны завіталі да нас. Месячна было, глядзім у акно — ідзе нехта. Пастукалі, маці адчыніла ім, а яны пытаюцца: “Малачка не дадзіце?” Чаму б не, свае ж людзі. Дык вось гэтым “сваім” не столькі малачко патрэбна было, як карова. Узялі яны ў нас пояс, спалыгалі карову і павялі. Назаўтра яна прыйшла дадому, з тым жа поясам. Відаць, вырвалася і ўцякла. Мы падумалі, што гэтыя людзі зноў могуць прыйсці і забраць карову, дык узялі яе ды завялі ў Даколь да дзядзькі, бацькавага брата. І гэта не выратавала — адтуль яе забралі паліцаі.

З каровай атрымалася цэлая гісторыя. Пасля вайны яна ж такі знайшлася, наша Палавая Псейка — такая ў яе была мянушка. У адзін з летніх дзён бацькі сабраліся ў госці да родзічаў у Калацічы. Набыліся там, вярталіся дадому і на пашы каля Хваставіч убачылі сваю карову. Бацька доўга не думаючы зняў рэмень са штаноў, залыгаў нашу карміліцу і прывёў дадому. Дык ноччу спалі ў хляве разам з ёю: баяліся, каб ніхто зноў не забраў. Бацька быў упэўнены, што праўда на яго баку, і, калі што, ён зможа даказаць, што карову прымусова забралі паліцаі і камусьці прадалі. Праз дзень, а мо праз два з’явіліся новыя гаспадары, і не адны, а прывялі з сабою дэпутата. Бацька не аддаў ім карову, бараніў яе як мог. Надалей справа закончылася тым, што бацьку забралі і пасадзілі ў турму. Маці галасіла і не ведала, што рабіць. Нашаму гору спачувала ўся вёска, бо ведалі, што бацька не вінаваты. Нават усе дружна падпісаліся пад петыцыяй, што карова — наша. Маці ж паехала шукаць праўду ў Мінск, трапіла да нейкіх чыноўнікаў. Там яе выслухалі і адправілі дадому, сказаўшы, што мужа адпусцяць. Слова сваё стрымалі, а хутка і карову другую далі, якая, на жаль, неўзабаве прапала. Успамінаеш цяпер, і не верыцца, што гэта было з намі і што мы змаглі такое перажыць. А ўсё таму, што людзі імкнуліся дапамагчы адзін аднаму”.

Іван Малашук і Валянціна Голуб

Ежу пасля вайны асабліва не смакавалі, згадвае Ульяна Максімаўна. Пасляваеннае дзяцінства запомнілася ёй блінамі з бульбяных пышак, якія маці хадзіла збіраць за кіламетры, на хваставіцкіх палях. А яшчэ — супам з крапівы, калі ж да яго яшчэ дабаўлялі дробку солі, смаката была! На лузе дзеці збіралі зайчыкаву капусту, а каля Барбарова — верабейчыкавае шчаўе, і з усяго гэтага варылі стравы. Летам яшчэ ласаваліся чарніцамі. Каля Старыны іх амаль не было, таму хадзілі ў лясы ажно пад Слаўкавічы. Мая субяседніца ўспамінае: “Маці завядзе ўсіх нас у лес, сама збірае ягады ў вядро, а нам кажа: “Ешце ўдосталь”. Часта на нашым стале і ў аднавяскоўцаў быў грыбны суп. Добра, што хоць на гэтыя дары прыроды нашы лясы багатыя. Памятаю, ідзём мы з братам Іванам, нясём у кошыках грыбы, а самі разважаем: “Вось да гэтых бы грыбоў ды шматок сала, засмажыць бы ім суп…” Ад такіх апетытных думак так засмокча пад лыжачкай, што, здаецца, у тую б хвіліну немаведама што з’еў.

Вы не падумайце, што людзі ў нашай вёсцы галадалі. Такое было немагчыма, бо кожны гатовы быў падзяліцца апошнім. Скажам, няма ў цябе мукі — сусед выручыць, дасць місачку. Тут ужо можна было і аладак напячы, і зацірку зрабіць. Ды як можна было галадаць, жывучы побач з лесам ды балотамі, дзе вадзілася шмат усякай жыўнасці? На балота хадзілі шукаць яйкі качак. Раз маці назбірала іх і падклала пад курыцу. Вывеліся малыя качаняты. Вядома ж, дзікія, не прыжыліся і амаль усе прапалі, засталося адно качаня. Вырасла з яго вялікая качка, усё лятала купацца ў пельку непадалёк. Маці абрэзала ёй крыло, але яна ўсё роўна не пераставала лятаць, а аднойчы і не вярнулася дадому. А адзін мужчына злавіў у лесе малое дзікае парася. Спачатку зачыніў яго ў хляве, а потым разам са сваімі свіннямі выпусціў у загон, дык яно ўзяло і ўцякло. Дзікае ёсць дзікае. Хаця суседка наша ў ягадах знайшла маленькую козачку і выгадавала яе.

Наогул, з жыўнасцю звязаны змрочныя ўспаміны. Перад вайной, калі людзі ішлі ў калгас, забіралі з двароў і хатнюю жывёлу — у каго што было. Пасля вайны трэба было плаціць на яе вялікія падаткі. Успомніўся адзін эпізод, як раз звязаны з падаткамі. На сваіх падворках сяляне трымалі і кароў, і свіней, і курэй, і авечак… Каб менш плаціць падаткаў, людзі што рабілі — хавалі іх ад правяральшчыкаў. Тэлефонаў тады не было, таму па мясцовай сувязі — адзін аднаму — перадавалі, што ідуць праверкі і перапісваюць жывёлу. Неяк мы разжыліся авечкамі, а яны ж такія шумныя, могуць пачаць бэкаць у любую хвіліну. Дык мы, як праверка, хавалі іх у яму, паверх клалі жорны і чыркалі імі — рабілі выгляд, што мелем зерне. За шумам гэтым не было чуваць, як бэкаюць авечкі. А свінню наогул заводзілі ў лес, рабілі там для яе невялікую агароджу і трымалі, пакуль усё сцішыцца з праверкамі”.

Нягледзячы на ўсё перажытае, для старынчан іх вёска самая лепшая, самая дружная, самая прыгожая, а яшчэ вясёлая. “Еў не еў, а вясёлы быў наш чалавек, — так расказвала нам пра аднасяльчан Вольга Іванаўна Голуб. — На работу ўсе ішлі з песнямі, з работы — з песнямі. А цяпер заспявай проста так — скажуць, што здурнеў. Не шыкавалі мы, часам недаядалі, але святы ўмелі адзначаць. Па восені паб’юць кабаноў і частку свежаніны пакінуць спецыяльна на святы. Восенню гэта былі “кастрычніцкія”. Весела праходзілі ў нас і кірмашы, кожны год на другі дзень Тройцы. І час знаходзілі, каб пагуляць, затое на працу потым ішлі з прыўзнятым настроем. Як кажуць, гуляць — дык гуляць, рабіць — дык рабіць!

З работай строга было ў нас. Асабліва даставалася начальству. Дрэнны брыгадзір — выгналі, безгаспадарчы старшыня — таксама ідзі гуляй. Аднаго разу наш старшыня ледзьве ў турму не трапіў. А было вось што. Насупраць нашай хаты стаяў вялікі клуб. Старшыня прадаў яго ў Веснаўскі дзіцячы дом і купіў у іх нейкі рухавік. Не для сябе, а ў калгас. Рухавік мала паслужыў і сапсаваўся. За гэта кіраўніку нашаму пагражала турма, і, каб не аказацца там, ён вымушаны быў кампенсаваць кошт рухавіка — аддаў у калгас свае дзве каровы. Вось такія строгія правілы былі. Людзі баяліся красці калгаснае, бо ведалі, што зловяць і пасадзяць у турму. У канцы вёскі расла бульба, дык ніхто адтуль не выкапаў ніводнага карча. Яно, можа, і добра было, што была такая жорсткая дысцыпліна. Затое паўсюдна панаваў парадак”.

Вольга Іванаўна Голуб жыве на Глухаўцы. Кажа, што колісь тут пасялілася глухая жанчына, таму і вуліцу так сталі называць. Сягоння тут ціха і пустынна. Тры жыхары на ўсю вуліцу. Сама Вольга Іванаўна, яе сын і Марыя Філіпеня. Не густа з насельнікамі і на Булякове. Сэнс гэтай назвы нам таксама растлумачылі. Расказалі, што непадалёк ад вуліцы знаходзілася балота, дзе раслі буякі. Вось і атрымалася нешта сугучнае з гэтым словам.

Зараз у Старыне засталося 14 жылых дамоў і 24 пастаянныя жыхары, з іх 11 пенсіянераў. Падчас дачнага сезона ажывае яшчэ 15 дамоў, і тады насельніцтва павялічваецца чалавек на 20. І, канешне ж, як тут не сказаць пра фермера Дзмітрыя Ермакова, які пераехаў сюды, у Старыну, на радзіму сваіх продкаў.  Да гэтага часу вяскоўцы помняць, як бацька Дзмітрыя, Уладзімір Васілевіч Ермакоў, пасадзейнічаў, каб тут на вуліцах паклалі асфальт.

Дарэчы, гэта не адзіная выгода, якая ёсць у вёсцы. У некаторыя дамы праведзена вада. Іван Пятровіч Малашук расказаў, што ва ўсёй Старыне прабурана шэсць свідравін. На некаторых падворках стаяць і калодзежы, самы вялікі, на 10 кольцаў, якраз знаходзіцца ў двары Івана Пятровіча.

Між іншым, гэты чалавек яшчэ зусім нядаўна меў асобы статус на вёсцы. Ён — мясцовы сейбіт. “Жыву я тут 33-і год і з іх 30 гадоў кідаю зерне, — расказвае Іван Пятровіч. — Першы раз пасеяць зерневыя пазвала аднасяльчанка. Я тады не ўяўляў нават, як гэта робіцца, а Іосіфаўна кажа: “Іванка, як пасееш, так і будзе”. Потым сеяць зерне людзям стала маім ледзьве не абавязкам. Кожны зваў, прасіў, і я ўжо не мог адмовіць, бо мне самому гэта вельмі падабалася. Было, што аднаму гаспадару за тры гадзіны засеяў 1 гектар 60 сотак, і гэты быў мой асабісты рэкорд. Я і цяпер не кідаю мой любімы занятак, і ў сябе таксама поле сею”.

У Івана Малашука ёсць свая, выпрацаваная гадамі, тэхналогія. Лішняга ў зямлю не трэба кідаць — будзе колас тонкі. Цімафееўку, рапс сеюць, беручы зерне ў тры пальцы. І ісці па полі таксама трэба ўмець. Ступаць правай нагою і сеяць правай рукою, левай нагою — левай рукою. Пра ўсё гэта мой субяседнік расказваў так эмацыянальна, што міжволі ўявіла, як ён ідзе па полі, перакінуўшы цераз плячо кораб з насеннем, і сыпле залацістыя зярняты ў раллю. Жонка Івана Пятровіча Валянціна Аляксееўна Голуб (гэта сямейная пара, лічы, самая маладая ў вёсцы) да занятку мужа ставіцца з павагай і наогул кажа пра яго як пра дбайнага гаспадара.

Ад былога ў Старыне мала што засталося. Больш няма тут фермаў, канюшні, цялятніка, крамы, клуба. Адшапацелі лісцем і старыя дубы. Не бегаюць басанож па лужах дзеці. Няма больш вечарынак, дзе на гармоніку граў Міхаіл Міронавіч Прыц, а на скрыпцы — Мікалай Пракопавіч Сушчэня. Быў яшчэ адзін музыка, сляпы гарманіст Яўген, не мясцовы, а з Прус Старадарожскага раёна. Знікла з вуліц неймаверная колькасць гразі, цяпер, як ужо казалі, яе замяніў асфальт. Няма былога, да яго нельга дакрануцца, пабачыць, але яно ў памяці людзей, для якіх Старына па-ранейшаму самая дружная і вясёлая вёска.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

В Глуске прошло координационное совещание по борьбе с преступностью и  коррупцией

29 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал указ о призыве офицеров запаса на военную службу

29 апреля 2024
Актуально

Нет банкомата — снимайте деньги на кассе магазина. Точки продаж подключаются к сервису по выдаче наличных от Беларусбанка

29 апреля 2024
Происшествия

Из зала суда. Началось с того, что вор увидел на улице незапертые «Жигули»

28 апреля 2024
Общество

В Глусском районе началась выплата материальной помощи ко Дню Победы

27 апреля 2024
Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024