Темы

У Глускім раёне пачалася касавіца

У Глускім раёне пачалася касавіца

У Глускім раёне пачалася касавіца, ці зялёнае жніво, як яшчэ называюць гэтую пару, вядзецца першы ўкос. Масава да касьбы шматгадовых траў мясцовыя сельгаспрадпрыемствы прыступілі на мінулым тыдні.

На раніцу ўчарашняга дня скошаная плошча складала 455 гектараў. Тры гаспадаркі пачалі нарыхоўку кармоў для грамадскага статка з азімых зерневых культур і шматгадовых траў: у “Турыно-агра” нарыхтоўваюць сілас, у “Глускай Зары” і “Глускім-АГРА” — сянаж.

На палеткі “Глускага-АГРА” мы накіраваліся разам са спецыялістам па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Людмілай Жоравай. Зрэшты, як падкрэсліла Людміла Уладзіміраўна, на палях зараз кіпіць праца, і касьба траў — далёка не адзіны від работ.

І быццам у пацвярджэнне яе слоў першым мы сустрэлі ў полі Івана Сучкова: ва ўрочышчы “Селішча”, што блізу Мыслоціна, ён збіраўся апрацоўваць хімікатамі ад пустазелля яравы ячмень. “Трэба пачакаць, пакуль спадзе раса, — сказаў ён, — а пакуль я абслугоўваю і рыхтую да работы тэхніку”. З улікам таго, што тэхніка, на якой ён працуе, называецца RASA, атрымаўся каламбур: калі на полі спадзе раса, у поле выйдзе RASA. Мы пасмяяліся, а Іван Сучкоў расказаў, што ўжо апрацаваны ад пустазелля азімыя культуры, два разы прайшлі па рапсе, зараз чарга яравых, а потым трэба будзе апрацоўваць хімікатамі кукурузу, так што работы хапае. 

Калі пад’ехалі на поле каля Дубровы, месца другога нашага прыпынку, укоснае жыта было ўжо скошана і ляжала роўнымі валкамі: касіў Сяргей Зімаеў, а зграбаў у валкі Ігар Пугачоў. Мы засталі ўжо наступныя працэсы: падборкі, здрабнення і адвозкі. На падборшчыках працавалі Васіль Патачыц і Сяргей Шчэрба, адвозілі зялёную масу механізатары “Глускага-АГРА” Аляксандр Садоўскі і Аляксандр Алёхна, вадзіцель Анатоль Ахрэмчык, ім у дапамогу камандзіраваны два вадзіцелі АП-15: Руслан Жукавец і Віктар Дзяшчэня. Мяркуючы па тым, што тэхніка тут не прастойвала, укосная трава вырасла добрая. Ды і вазіць масу недалёка: першую траншэю ў “Глускім-АГРА” закладваюць тут жа, каля Дубровы, паблізу фермы.

Туды мы і накіраваліся далей, праўда, дарога была не з простых, паколькі добра ўжо раз’езджаная цяжкай тэхнікай, ды і дождж прайшоў перад гэтым увечары, але ж трохі праехалі, трохі прайшлі — і былі на месцы. Першай, з кім мы паразмаўлялі, стала Аляксандра Палішэнка, брыгадзір раслінаводства, яна вядзе ўлік, кантралюе працэс закладкі і вымярае вільготнасць масы. Робіцца гэта кожныя тры гадзіны, патлумачыла нам дзяўчына, нормай лічыцца вільготнасць ад 27 да 36 працэнтаў, на раніцу таго дня прыбор паказаў 28,2. Работы па закладцы траншэі пачаліся 22 мая. На пачатак чацвёртага дня тут ужо было закладзена каля 1200 тон сенажу.

Трэба сказаць, што працаваць нам там давялося вельмі аператыўна, і глядзець трэба было на ўсе чатыры бакі, бо рух тут быў надта актыўны. На закладцы траншэі тут заняты дзве адзінкі тэхнікі: на “Амкадоры” разроўнівае і трамбуе масу механізатар Анатоль Дзяшчэня, трактарам будучы сянаж трамбуе Андрэй Валодзін. Паназіраўшы, магу казаць, што работа іх патрабуе павышанай уважлівасці і акуратнасці, высокага прафесіяналізму: па мяккай масе туды-сюды — гэта не па асфальце ездзіць.

Да таго ж адзін за адным падвозілі на траншэю з поля здробненую траву трактары і МАЗы. Было, што адразу па два выгружаліся. Работа сапраўды кіпела, і замінаць работнікам нам ніяк не выпадала, бо і тэмпы, і якасць тут вельмі важныя.

Як, зрэшты, і ў любой рабоце, у напісанні рэпартажу таксама. Але ж па дарозе назад вырашылі яшчэ раз спыніцца (нам у панядзелак шанцавала на сустрэчы), бо на першае поле, дзе мы былі ў той дзень, ужо прывезлі абед. Хлопцы паабедалі і дапівалі чай. Мы спыталіся, ці смачна, ці можна наесціся? “І смачна, і хапае”, — коратка адказалі яны. Куханны работнік Наімя Сенакосава расказала, што ў гэты дзень работнікаў кормяць супам з макаронамі, грэчкай з каўбаскамі і чаем з пернікамі. За абеды работнікі плацяць толькі 10 працэнтаў ад іх поўнай колькасці, патлумачыла Людміла Жорава, астатняе — за кошт сельгаспрадпрыемства. Усяго ў гэты дзень трэба было развезці 28 абедаў, пакарміць сем пастухоў і 21 механізатара, усе працуюць у розных месцах, каб аб’ехаць іх, не менш за тры гадзіны спатрэбіцца. Таму і тут часу на размовы не было. Яно і зразумела, гарачая пара.

Т. ЛУГАВАЯ

Фота А. ЗМІТРОВІЧ

Последние новости

Будь в курсе

Могилёвский облисполком 2 июня проведет горячую линию по вопросу деятельности службы «Контакт-центр — 115»

26 мая 2026
Читать новость
Общество

АПИ спас мужчину на пожаре в Чаусском районе

26 мая 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь хотела бы иметь продвинутые, серьезные отношения с Алжиром

26 мая 2026
Читать новость
АПК

У Глускім раёне пачалася касавіца

26 мая 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Будет прохладно. Прогноз погоды на 27—31 мая

26 мая 2026
Читать новость
Образование

Централизованные экзамены проходят сегодня в гимназии Глуска

26 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем