Темы

Праект “Мясцовы каларыт”. Забытая мова глускіх мяшчан

Праект “Мясцовы каларыт”. Забытая мова глускіх мяшчан
1920-я. Глускі базар

Наша мястэчка, менавіта тая тэрыторыя, дзе зараз размешчаны райцэнтр, вядомае з сярэдзіны ХVI стагоддзя, а дакладней, з 1522 года, як Глуск Дубровіцкі. У гэтым годзе быў выдадзены каралеўскі прывілей на заснаванне ў мястэчку замка. Яшчэ праз некалькі гадоў Глуск атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога прывілей на правядзенне кірмашоў. Зразумела, фартэцыя патрабавала догляду. Таму вакол замка жылі (і час ад часу пасяляліся новыя) майстры-рамеснікі розных прафесій: кавалі, муляры, сталяры, шабельнікі, рымары, маляры, руднікі, рэзнікі, гарбары і іншыя. У той час, каб быць рамеснікам, патрэбна было мець у горадзе хату, быць вольным і ўваходзіць у цэхавую арганізацыю. Звычайна занятак бацькі і дзеда па спадчыне працягвалі сыны, унукі і гэтак далей. Менавіта рамеснікі (а яшчэ купцы і гандляры) складалі ў гарадах і мястэчках, такіх як наш Глуск, саслоўе мяшчан.

Каб не выдаць сакрэты рамяства, паміж сабой рамеснікі размаўлялі на “сваёй” мове. Па адной з версій, менавіта так і склалася свая спецыфічная мова, якую разумелі толькі ў асяроддзі рамеснікаў, а потым яна перайшла ва ўжыванне ўсяго саслоўя мяшчан. Дакладна вядома, што такая асаблівая мова існавала сярод глускіх мяшчан і ў Любані.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму назад у Глуску было шмат носьбітаў мяшчанскай мовы, а зараз, на жаль, лічаныя жыхары нашага мястэчка памятаюць толькі асобныя словы і іх значэнне. Трэба адзначыць, што калісьці ведалі шмат слоў з глускай мяшчанскай мовы не толькі карэнныя жыхары Глуска ў некалькіх пакаленнях, а і тыя, хто прыехаў і жыў тут не так даўно. Гэта звязана, канешне ж, з тым, што людзі, асабліва дзеці, заўсёды мелі вельмі цесныя стасункі адзін з адным, чулі гаворку сваіх суседзяў, і нешта запаміналася само сабою. Нават мне з дзяцінства запомніліся некалькі слоў, што часта паўтараў сусед, карэнны жыхар, мешчанін, дзядзька Аркадзь, які прыходзіў часам да нас у хату — “клёва шыхта”, гэта значыць, добрая альбо прыгожая дзяўчына, клеха — верхняя частка нагі, сцягно. І яшчэ з нашым суседам была звязана такая гісторыя. У 1960-х ён служыў тэрміновую службу дзесьці пад Масквою. Напісаў ліст бацькам звычайнаю моваю, так, як дома гаварылі. А дома гаварылі ў тым ліку і па-мяшчанску. Камандаванне часці, дзе служыў навабранец, было ў шоку і вырашыла, што малады салдат амаль ці не шпіён — вызвалі хлопца і доўга дапытвалі, што за словы ды што за мова, і загадалі больш так не пісаць.

Амаль пра такі ж выпадак расказваў мне ў 2019 годзе жыхар Глуска, а дакладней, раёна Слабада, дзе ў даваенны час пражывала шмат яўрэяў і мяшчан, Васіль Іванавіч Гнядзько. “Я з бацькамі пераехаў у Глуск у 1939 годзе, — распавядаў Васіль Іванавіч. — Мне на той час было каля васьмі гадоў. Сярод маіх сяброў былі і глускія яўрэі, і мяшчане. Канешне ж, я чуў іх мову, паступова запаміналіся некаторыя словы, якія нават пераходзілі ў нашу паўсядзённую гаворку. Пасля вызвалення Глуска мы ўжо маглі пісаць бацьку на фронт лісты. Я малы быў, і пра ўсе хатнія справы расказваў бацьку простымі словамі, як мы дома размаўлялі. Вось, напрыклад, так пісаў: “Мама кіранкі змайстрачыла і прадала”. Гэта значыць “мама выпіўку зрабіла і прадала”. Бацька таксама ў сваіх лістах дадому ўжываў словы і фразы з мяшчанскай мовы. Нам ад яго і яму ад нас даходзілі лісты з густа замаляванымі, незразумелымі цэнзарам словамі. Канешне ж, на такой мове мы не размаўлялі заўсёды  — у звычайнай гаворцы маглі ўставіць слова або два, а калі і цэлы сказ. Адкуль пайшла мяшчанская мова — дакладна не ведаю. Але з цягам часу да гаворкі глускіх мяшчан далучыліся і яўрэйскія словы, глушчане іх у размовах таксама ўжывалі часцяком. Некаторыя словы прыдумлялі, напэўна, самі. Напрыклад, калі Глуск акупавалі немцы, мяшчане прыдумалі для іх адметнае слова ў сваёй мове — чапачы. Абсалютна ўсіх запісаных слоў мяшчанскай мовы, напэўна, ні ў кога няма. Яны захоўваюцца яшчэ толькі ў памяці некаторых глушчан”. Вось якія словы ўспомніў падчас нашай размовы ў 2019 годзе Васіль Іванавіч: пейсахо́ўка — маленькі кілішак, хабу́ты — грошы (хаця ў даследчай рабоце Ганны Голуб ёсць іншы варыянт слова грошы — хо́пкі), німьяя хабутаў — няма грошай, бе́сія — чужыя людзі, прыхлалі — прыйшлі, ске́ха — зад, крэса — сала, артыха — гарэлка, выкірыць — выпіць, ло́бус — хлопец, мікро́ш — маленькі хлопчык, мікра́я — маленькая дзяўчынка, шыкуха — бульба, пагаўрузіць — пагаварыць, махтырка — маці, ба́шкір — бацька, манцу — мае, мне.

У 2019 годзе мяшчанскаю моваю з навуковага пункту гледжання зацікавіліся ў сярэдняй школе № 1 Глуска — вучаніца Ганна Голуб пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Куксік напісала даследчую работу “Асаблівасці маўлення жыхароў г. п. Глуска Магілёўскай вобласці”. Гэта цікавая і ўнікальная праца перамагла не толькі на раённым конкурсе даследчых работ, а і на абласным. На рэспубліканскім жа этапе ў намінацыі “Культурная спадчына” праца глускай вучаніцы і яе настаўніцы заняла другое месца! Трэба адзначыць, што падчас работы Ганна і яе навуковы кіраўнік сабралі і класіфікавалі паводле лексічных, фанетычных, граматычных  і словаўтваральных асаблівасцей 107 моўных адзінак. Некаторыя з іх (з дазволу аўтара і яе навуковага кіраўніка) згадаем у гэтым матэрыяле: аблу́ткі   — дровы, галеме́ц — начальнік, гальмо́ — малако, донь — дай, ке́рха — свіння, ко́цак — свяшчэннік, ле́пкі — вочы, стэ́пра — печ, суча́ — вада, схіль — сабака, таба́н — мужчына, хруса́льня — прыбіральня, цэп — вазьмі, шэ́ўрак — мяса.

Глуск у пачатку ХХ стагоддзя. Вуліца Гандлёвая

Мясцовая жыхарка Ларыса Лявонцьеўна Маркевіч, карэнная глушчанка ў некалькіх пакаленнях, таксама ведае шмат слоў з мяшчанскай мовы. Акрамя таго, Ларыса Лявонцьеўна выказала і яшчэ адну з гіпотэз яе паходжання. “Любая мова, акрамя роднай, — распавядае мая суразмоўца, — калі яна не ўжываецца ў паўсядзённай гаворцы, з цягам часу забываецца. Так і мяшчанская — у маёй памяці засталіся толькі некаторыя словы. Вось мой дзядуля ды бацька добра ведалі глускую мяшчанскую мову, у сям’і нашай асобныя фразы выкарыстоўвалі ў размовах. Увогуле, гэта мы яе называем мяшчанскай і ганарымся, што ў глускіх жыхароў была свая мова, а на самай справе гэта мова старцаў, што хадзілі калісьці ад горада да горада, ад мястэчка да мястэчка. Канешне ж, глушчане дапоўнілі іх мову сваімі словамі, у асноўным яўрэйскімі”. Вось такія словы з глускай мяшчанскай мовы ўспомніла і расказала Ларыса Лявонцьеўна Маркевіч (некаторыя словы, якія згадваліся ў матэрыяле раней, я ўжо не пісала, хоць мая суразмоўца і іх успамінала таксама): суца́й — маўчы, пацынкруй — пацалуй, кімарыць — спаць, хлай — ідзі, дапо́хаці — дахаты, ёрый — ён, ёрая — яна, нево́ліць — не хоча, кірыць — выпіваць гарэлку, пахлалі — пайшлі, прытаганіць — прынесці.

Трэба сказаць, што гіпотэза аб паходжанні мяшчанскай глускай мовы ад мовы старцаў, якую выказала Ларыса Лявонцьеўна, мяне вельмі зацікавіла, і вось што я знайшла ў інтэрнэце. На сайце Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі знайшлася кніга “Тиханов П. Н. Тайный язык нищих: этнологический очерк. — Брянск, 1895. — (Брянские старцы; [Вып.3])”. І ў гэтым выданні ёсць вельмі цікавыя факты — сярод прыведзеных слоў са слоўніка старцаў ёсць шмат аднолькавых (ці амаль аднолькавых і сугучных) са словамі глускай мяшчанскай мовы. Напрыклад, скіла або скіль (у глускім варыянце — схіль) — сабака, сцепак (глускі варыянт — стэпра) — печ, сымар — хлеб, гальмо — малако, кімаць (глускі варыянт — кімарыць) — спаць, клёвы — харошы, воліць — хацець, хліць (глускі варыянт — хлаць) — хадзіць, шыхта — дзеўка, башкан (у глускім варыянце — ба́шкір) — бацька, крэса — мяса, а ў глушчан гэтым словам абазначалася сала. Адкуль жа ўзялася такая тайная мова старцаў? Аўтар адзначае: “Более чем вероятно он должен был впервые появиться среди паломников, нуждавшихся в греческом языке, который затем в виде тайного или, вернее, непонятного дома для окружающих — понемногу насаждался ими по возвращении на родину и постепенно передавался другим…” Далей аўтар піша, што ў беларускіх старцаў таксама існуе свая адметная мова: “На северо-западе (маецца на ўвазе паўночны захад Расійскай імперыі. — Заўв. аўт.) тайный язык нищих до сих пор сохранился в губерниях белорусских, где он вымирает…” Аўтар таксама падкрэслівае, што словы са слоўніка старцаў, якія, дарэчы, ёсць і ў мове глускіх мяшчан, маюць грэчаскае, яўрэйскае або цыганскае паходжанне. Напрыклад, слова крэса — грэчаскага паходжання, сумар — цыганскага, шыхта — яўрэйскага.

І ёсць у кнізе “Тайный язык нищих” амаль прароцкае меркаванне аўтара: “Недалеко то время, когда под воздействием новых условий быта язык нищих, офеней (гандляр-вандроўнік дробным таварам. — Заўв. аўт.), лирников, шаповалов и др. — вымрет совершенно”. Прадказанне спраўдзілася амаль на сто адсоткаў — ні мову старцаў, ні мову глускіх мяшчан амаль ніхто ўжо і не ведае. І калі ў найбліжэйшы час навукоўцы або проста краязнаўцы не зацікавяцца гэтай мовай, яна знікне назаўсёды, як быццам бы яе і не было ніколі, і будзе страчаны вялікі пласт нашай гісторыі, культуры.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Последние новости

Власть

Лукашенко 8-9 мая совершит рабочий визит в Российскую Федерацию

7 мая 2024
Читать новость
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Читать новость
Общество

Встреча с коллегами из Москвы

6 мая 2024
Читать новость
Общество

С 6 по 24 мая в Глусском районе пройдет спецпрограмма «Детство без насилия»

6 мая 2024
Читать новость
Актуально

Чем опасны весенние грибы

6 мая 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал, почему на Пасху посетил храм именно вблизи Днепра

6 мая 2024
Читать новость
Общество

Светлое Воскресение Христово отпраздновали православные верующие

6 мая 2024
Читать новость
Духовность

Встреча в Свято-Богоявленском храме Глуска

5 мая 2024
Читать новость
Общество

5 мая — День печати

5 мая 2024
Читать новость
Общество

ПАСХАЛЬНОЕ ПОСЛАНИЕ ЕПИСКОПА БОБРУЙСКОГО И БЫХОВСКОГО СЕРАФИМА

5 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Стрелка вверх
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Стрелка вверх
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Стрелка вверх
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Стрелка вверх
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Стрелка вверх
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Стрелка вверх