Глуск рыхтуецца да „Сузор’я талентаў“

Напрыканцы лета Глуск зноў закружыцца ў фестывальным рытме: 22 жніўня ўсіх запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”. Нагадаем, фестываль праводзіцца раз у два гады і сёлета будзе ўжо чатырнаццатым па ліку.
У мінулы раз “Сузор’е талентаў” сабрала больш за тры дзясяткі ўдзельнікаў, арганізатары спадзяюцца, што зараз будзе ніяк не меней. Заяўкі на конкурсную частку прымаюцца да 14 жніўня, намінацыі наступныя: “Крыніцы творчасці” (музычна-песенны конкурс), “Рукатворны цуд” (дэкаратыўна-ўжытковае і выяўленчае мастацтва), “З пакалення ў пакаленне” (лепшае прадстаўленне каравая, ручніка).
Пачнецца фестываль са святочнага шэсця ўдзельнікаў і ўрачыстага адкрыцця, завяршыцца гала-канцэртам. Цягам дня на бульвары Грахоўскага і побач з ім будуць працаваць выставы-продажы сувеніраў, рамесніцкіх вырабаў, гандлёвыя рады, пройдуць майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, вечарам — святочны канцэрт.
Больш падрабязна праграму фестывалю “Сузор’е талентаў” размесцім бліжэй да 22 жніўня. Сачыце за нашымі навінамі на старонках газеты, у сацыяльных сетках, на сайце glusk.by і ў тэлеграм-канале “Глуск инфо”.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ